Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

26 лістапада ў Маскве плянуецца падпісаньне новае хаўруснае беларуска-расейскае дамовы. Напярэдадні гэтае цырымоніі беларускія ўлады рыхтуюцца да масавых акцыяў пратэсту апазыцыі, якія апазыцыя, у сваю чаргу, пакуль не плянуе.

Канчатковую дату падпісаньня хаўруснае дамовы назваў учора Лукашэнка на адмысловай нарадзе, прысьвечанай гэтаму пытаньню. Падыходы афіцыйнага Менску ўчора ў тэлепраграме "Падзея" тлумачыў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Міхал Мясьніковіч.

Раней афіцыйныя асабы рабілі пераможныя рапарты аб тым, што праект дамовы карыстаецца ўсеагульнай падтрымкаю беларусаў. Але ўчора сп. Мясьніковіч ускосна прызнаў, што шэраг пытаньняў, зьвязаных з падпісаньнем дамовы, вельмі непакоіць беларускіх грамадзянаў.

Першая – гэта Чачня, пэрспэктыва, што беларускія вайскоўцы паедуць ваяваць у "гарачыя кропкі" Расеі. Міхал Мясьніковіч чарговы раз запэўніў, спасылаючыся на кіраўніка дзяржавы, што беларусаў ніколі не пашлюць ваяваць за межы Беларусі.

"У нас ёсьць свая ўлада, свае дзяржаўныя інстытуты, мы будзем імі кіравацца", – заявіў Мясьніковіч.

Але калі размова йдзе сапраўды аб стварэньні адзінае дзяржавы, гэтыя запэўніваньні гучаць непераканаўча: напрыклад, расейскае Прымор'е ці Татарстан далей ад Чачні, чым Беларусь, але хлопцаў на чачэнскую вайну вязуць з усёй дзяржавы.

Паводле Мясьніковіча, другім прадметам клопатаў беларусаў зьяўляюцца расейскія сацыяльныя праблемы: нявыплата заробкаў, тэрарызм, карупцыя. Людзі баяцца, што ўсе гэтыя асаблівасьці расейскага жыцьця распаўсюдзяцца ў Беларусі. І на гэта сп. Мясьніковіч запэўніў тэлегледачоў, што Беларусь – самастойная дзяржава й парадак тут будзе забясьпечаны.

Ніякая інтэграцыйная ініцыятыва не абыходзіцца бяз змаганьня зь яе ворагамі. Учора сп. Мясьніковіч заявіў – "Апазыцыйныя сілы плянуюць правесьці шэраг акцыяў, у тым ліку й правакацыйнага характару, напярэдадні і ў дзень падпісаньня дамовы. Яны хочуць падняць заводы, спыніць гіганты нашае прамысловасьці, напрыклад "Гамсельмаш". Ніякіх падставаў – ані палітычнага, ані эканамічнага характару для гэтага няма. Мы застаемся незалежнымі й сувэрэннымі, і мы самі будзем вырашаць ўсе свае пытаньні".

Змовы апазыцыі Міхалу Мясьніковічу выкрываць не ўпершыню. Пасьля "Маршу Свабоды" ён ужо знаходзіў і замежных спонсараў, і расейскіх сувязных, і лягеры падрыхтоўкі баявікоў.

У пасажы, які прагучаў з вуснаў чыноўніка, ёсьць паказальны момант: ён сказаў, што да акцыяў пратэсту няма падставы, бо незалежнасьць у выніку падпісаньня дамовы не губляецца. Адсюль лёгка зрабіць выснову, што ў выпадку пагрозы сувэрэнітэту акцыі пратэсту былі б цалкам абгрунтаванымі.

А ці сапраўды апазыцыя зьбіраецца неяк адзначыць дату падпісаньня хаўруснае дамовы? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да Віктара Івашкевіча – намесьніка старшыні Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Вячоркі. Сп. Івашкевіч адначасна зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў.

Івашкевіч заявіў, што на 24 лістапада – гадавіну рэфэрэндуму – апазыцыя рыхтуе акцыю "Ланцуг Свабоды". На сакавік Кангрэс дэмакратычных прафэсійных зьвязаў прызначыў агульнанацыянальны страйк.

Паводле Івашкевіча, аніякіх адмысловых акцыяў, прысьвечаных падпісаньню дамовы, ані на 25, ані на 26 лістапада пакуль не плянуецца.

Такім чынам, сп. Мясьніковіч выступіў учора ў ня вельмі зразумелай ролі замоўніка апазыцыйных акцыяў пратэсту. Відаць, без пратэстаў апазыцыі разбураецца сцэнар інтэграцыйнае гульні.

Хаця, сп. Івашкевіч ня выключыў, што акцыю пратэсту супраць дамовы апазыцыя ўсё ж правядзе, на ягоную думку, такія пратэсты могуць мець нават стыхійны характар.

Ён спаслаўся на вынікі апытаньняў на менскіх заводах, якія праводзіў Свабодны прафэсійны зьвяз. Паводле словаў Івашкевіча, пераважная бальшыня апытаных рабочых выказалася супраць падпісаньня дамовы, на Менскім заводзе аўтаматычных лініяў колькасьць праціўнікаў дамовы перавысіла 70%.

Зразумела, гэтыя дадзеныя нельга назваць рэпрэзэнтатыўнымі, але прафзьвязовы і апазыцыйны лідэр і вышэйшы дзяржаўны чыноўнік рознымі словамі фактычна канстатавалі адно й тое ж: наконт аб'яднаньня ў беларусаў ўзьніклі сур'ёзныя пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG