Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лістапада 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Ў сувязі з вайной ў Чачні ўсё больш ўскладняюцца адносіны паміж Расеяй і Захадам. У адказ на занепакоенасьць з боку Захаду лёсам тысяч чэчэнскіх ўцекачоў, міністар замежных справаў Расеі Іваноў заявіў, што ў Чачні няма ніякай гуманітарнай катастрофы, і што Расея супрацівіцца ўсякаму ўмяшаньню ў свае ўнутраныя справы. Аднак, заходнія ўрады і фінансавыя ўстановы пачынаюць нават застанаўляюцца, ці ў такім разе ёсьць сэнс далей выдзяляць Маскве крэдыты і гэткім чынам фінансаваць ваенную апэрацыю ў Чачні.

Ўчора Барыс Ельцын заявіў, што заходнія краіны не павінны асуджаць Маскву, паколькі яна мае поўнае права зьнішчаць "бандытаў і тэрарыстаў" на сваёй тэрыторыі. Ён адзначыў, што апэрацыя ў Чачні будзе працягвацца да часу, пакуль там застанецца хаця б адзін тэрырыст. Заўтра Ельцын і прэм'ер Пуцін накіроўваюцца ў Стамбул, дзе маюць намер выкласьці сваю пазыцыю ў пытаньні Чачні.

Расейскі прэзыдэнт плянуе сустрэчы з прэзыдэнтамі ЗША і Францыі, а таксама з канцлерам ФРГ. Раней, міністар замежных справаў Расеі Іваноў сустрэўся з амбасадарамі некаторых заходніх краінаў і заявіў ім, што Захад скарыстоўвае вайну ў Чачні ў якасьці вудуманай прычыны для анты-расейскай кампаніі. У інтэрвію газэце "Finantial Times" ён абвінаваціў НАТО ў імкненьні стаць міжнародным паліцыянтам і сказаў, што Масква гатовая часова прыпыніць свае дачыненьні з Захадам. "Калі некаторыя нашыя партнэры ня хочуць ўлічыць настроі ў расейскім грамадзтве і нашыя галоўныя праблемы, дык можа лепш было б пачакаць з узаемаадносінамі да лепшых часоў," – сказаў ён.

Дарэчы, згодна апытаньню грамадзкай думкі ў Расеі, 48 % расейцаў падтрымоўваюць дзеяньні ўраду ў Чачні, 29 % апытаных лічаць іх, нават, недастаткова рашучымі і толькі 7% апытаных мяркуюць, што ўжыцьцё сілы празьмерна жорсткае.

Антызаходняя рыторыка наогул гучыць ў выказваньнях большасьці расейскіх палітыкаў і ў СМІ. Начальнік Гэнеральнага Штабу ўзброеных сілаў Расеі Квашнін яшчэ больш варожа выказаўся пра ЗША і НАТО. Паводле яго, апэрацыі супраць Гусэйна і Мілошавіча зьяўляюцца прататыпам магчымай атакі на тэрыторыю былога Савецкага Саюзу.

Як адзначае газэта "Finantial Times", на ненайлепшыя адносіны паміж Расеяй і Захадам паўплывалі шэраг прычынаў. Гэта найперш пашырэньне НАТО на Усход, затым ваенная апэрацыя супраць Югаславіі, потым – сканадал з адмываньнем расейскіх грошай у ЗША і, нарэшце, пляны Вашынгтону пабудаваць сыстэму
супрацьракетнай абароны. Мяркуецца, што зараз гэтыя адносіны найгоршыя з часу заканчэньня "халоднай вайны".

Макс Якабсон, былы амбасадар Фінляндыі ў ААН лічыць, што для расейцаў ідэя ўмяшаньня ў нейкі канфлікт з гуманітарных меркаваньняў – чужая. Расейскія гэнералы і палітыкі адкідаюць такое ўмяшаньне як доказ геапалітычных амбіцыяў ЗША. Яны, нават, усур'ёз лічаць, што запалохаўшы расейскага саюзьніка на Бальканах – Сэрбію, Злучаныя Штаты могуць цяпер зрабіць тое самае ў Беларусі з прычыны парушэньня ёю правоў чалавека. Такія недарэчныя фантазіі, – піша Макс Якобсон ў "International Herald Tribune", – ў Расеі ўспрыймаюцца ўсур'ёз. Яны адлюстроўваюць глыбокія розьніцы паміж Захадам і Расеяй. Пяршынства правоў чалавека ў палітыцы Захаду зьяўляецца вынікам глыбокай інтэграцыі ў рамках адкрытых грамадзтваў, у той час калі ў Расеі гэты працэс яшчэ не наступіў.

Газэта "International Herald Tribune", ўздымае пытаньне, ці Міжнародны Валютны Фонд павінен далей пазычаць Расеі грошы.
Паводле газэты, дагэтуль МВФ, чвэрць сродкаў якога паходзіць з ЗША, пазычыў Маскве мільярды даляраў, каб дапамагчы расейскаму ўраду ўтрымацца на паверхні. Тады дапамога мела нейкі сэнс. Аднак
зараз грошы ідуць на разбурэньне чэчэнскіх вёсак і павялічваюць трагедыю сотняў тысяч ўцекачоў. "International Herald Tribune", адзначае, што хаця МВФ прынцыпова пазьбягае палітычных ацэнак легітымнасьці расейскай апэрацыі ў Чачні, аднак няма апраўднаньня для такога гвалту ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва. Паводле газэты, выглядае, што Масква паставіла перад сабой мэту зьнішчыць ўвесь народ. Ў такой сытуацыі ЗША могуць ня мець ўплыву на Маскву, але на думку "International Herald Tribune", Вашынгтон прынамсі не павінен быць саўдзельнікам ў злачынстве.

Аднак, інакш чым афіцыйная Масква, бачаць чэчэнскі канфлікт Злучаныя Штаты, АБСЭ ды заходнія ўрады і арганізацыі. Прэзыдэнт ЗША Клінтан абвінаваціў Расею ў тым, што яна ўжывыае ў Чачні празьмерную сілу не аглядаючыся на страты сярод цывільнага насельніцтва. У мінулую пятніцу намесьнік расейскага прэм'ера прызнаў, што Грозны будзе разбураны. Дараднік ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ЗША Бэргэр паведаміў, што ў часе саміту ў Стамбуле Клінтан мае намер заявіць расейскім лідэрам, што дзеяньні Масквы ў Чачні неразумныя. Старшыня АБСЭ Кнут Волебэк заклікаў Маскву распрацаваць плян вываду сваіх сілаў з Чачні.

XS
SM
MD
LG