Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Cуд над расейскім бізнэсоўцам Анатолем Селівончыкам можа пачацца да канца году, мяркуе адвакат Селівончыка Вера Страмкоўская, якая пачала азнаямленьне з матэрыяламі справы й выстаўленым Селівончыку абвінавачваньнем. Пры гэтым абаронца адзначае, што сьледчы ў справе расейскага бізнэсоўца Альберт Чумакоў перашкаджае ёй вывучаць матэрыялы справы.

Сьледзтва ў справе расейскага бізнэсоўца Анатоля Селівончыка завершанае, матэрыялы справы перададзеныя дзеля азнаямленьня Селівончыку і ягонаму адвакату Веры Страмкоўскай.

Адвакатка мяркуе, што ўжо сёлета ў сьнежні можа пачацца працэс над Анатолем Селівончыкам. Яму пагражае пакараньне турмой да пяці гадоў. Затрыманаму бізнэсоўцу з Расеі інкрымінуюцца арганізацыя забурэньняў, хуліганства, супраціў міліцыі, і галоўнае злачынства, у якім ён падазраецца – гэта незаконнае пазбаўленьне грамадзянаў волі.

Між тым Страмкоўская заяуляе пра невінаватасьць яе падабароннага ў гэтым злачынстве, спасылаючыся на тое, што ён ня быў арганізатарам ці выканаўцам дзеяньняў, якія прывялі да захопу людей.

Нагадаю, гаворка йдзе пра жыхароў вёскі Мікалаеўка Сьветлагорскага раёну Гомельскае вобласьці. 30 чэрвеня юнакі сургуцкай школы выхаваньня "Беркут", якіх за свае грошы прывёз на сваю радзіму Анатоль Селівончык, правялі ў гэтай вёсцы вайсковую гульню "Зарніца", у выніку якой былі зьбітыя і зьняважаныя звыш дзесяці мяйсцовых жыхароў. Міліцыя сьцьвярджае, што на падставе іх заяваў праз чатыры дні ў Бабруйску й быў затрыманы Селівончык.

Між тым, ужо першы этап азнаямленьня з матэрыяламі справы пераканаў адвакатку Веру Страмкоўскую ў тым, што яе падабароннага спачатку арыштавалі, а ўжо потым на яго былі сабраныя скаргі.

"На момант арышту Селівончыка была толькі адная заява вяскоўкі, якая скардзілася на дрэнныя паводзіны юнакоў з атраду "Беркут". Астатнія заявы пацярпелых, аб тым, што іх зьневажалі й зьбівалі, зьявіліся значна пазьней", – распавяла Вера Страмкоўская.

Увогуле, паводле ейных заўвагаў, у матэрыялах справы безьліч працэсуальных парушэньняў. Напрыклад, у некаторых пратаколах адсутнічаюць даты, або дакумэнты падпісаныя рознымі сьледчымі, хаця рашэньня аб расьледваньні справы групаю сьледчых не было.

Таксама ў якасьці йстотнага парушэньня адвакатка называе тое, што з вынікамі некаторых экспэртызаў не быў азнаёмлены сам абвінавачваны Селівончык, а на ягоныя скаргі, у тым ліку аб зьбіцьці, ніхто нават не адказаў.

"Таму ў мяне ёсьць падставы меркаваць, што ўся справа супраць Селівончыка закруцілася паводле нейкага загаду зьверху. І каб выканаць гэты загад, сьледчым даводзіцца цяпер ісьці на розныя парушэньні", – сказала Вера Страмкоўская.

У якасьці доказу яна паведаміла пра тое, што сьледчы гомельскае міжраённае пракуратуры Альберт Чумакоў перашкаджаў ёй знаёміцца з матэрыяламі справы Селівончыка, выстаўляючы самыя неверагодныя прычыны.

Дарэчы, прэтэнзіі да адвакаткі мае і сьледчы Чумакоў. Як стала вядома, ён выклаў гэтыя прэтэнзіі ў скарзе, накіраванай у калегію адвакатаў Менску, дзе працуе Страмкоўская. Але ў чым сутнасьць прэтэнзіяў, патлумачыць нашаму радыё Альберт Чумакоў адмовіўся.

"Я не зьбіраюся нічога вам камэнтаваць і ўвогуле адказваць на вашыя пытаньні", – заявіў мне сёньня сьледчы, і ўсё ж дадаў, што ніякіх працэсуальных парушэньняў у расьледваньні гэтае справы не было, а высновы наконт віны Селівончыка няхай робіць суд.

Да гэтага варта дадаць камэнтар адвакаткі Страмкоўскай. Яна нагадвае, што згодна з законам доказы, сабраныя з парушэньнямі працэсуальных нормаў, ня маюць юрыдычнае моцы й ня могуць прымацца судом да разгляду.

"Гэта міжнародная норма, якой не прытрымліваюцца толькі ў некаторых краінах, сярод якіх, нажаль, і нашая Беларусь", – заўважае Вера Страмкоўская.

Нагадаю, што паводле яе прагнозу суд над Анатолем Селівончыкам можа пачацца ўжо да канца году.

XS
SM
MD
LG