Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лістапада 1999 г.


Ёнас Лаўрынавічус, Вільня

Сёньня Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі сустрэўся ў Сэйме Літвы з кіраўніком літоўскае парлямэнцкае дэлегацыі ў АБСЭ, дэпутатам Казісам Бубялісам.

Перад сустрэчай з Сямёнам Шарэцкім Казіс Бубяліс нагадаў журналістам, што яны зь беларускім сьпікерам даўнія знаёмыя, як і з многімі іншымі беларускімі дэмакратамі. Бубяліс дзьве кадэнцыі, гэта значыць 6 гадоў, быў намесьнікам старшыні гэтай арганізацыі і ў свой час узначальваў камітэт па акрэдытацыі, які два гады таму вырашыў прыняць у Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ менавіта дэлегацыю Вярхоўнага Савету Беларусі на чале з Шарэцкім, а не прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, прызначаных тагачасным прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Пасьля сёньняшняе сустрэчы, якая цягнулася больш за палову гадзіны, Сямён Шарэцкі акцэнтаваў важнасьць адпаведнай ацэнкі Захадам тых працэсаў, што адбываюцца ў самой Беларусі і вакол яе, і выказаў надзею на выніковасьць працы дэлегацыі ад Вярхоўнага Савету Беларусі, якая накіроўваецца ў Стамбул.

(Шарэцкі: ) "Дэлегацыя наша неаднародная. Едуць прадстаўнікі ад апазыцыйных партыяў, у іх складзе будуць і дэпутаты Вярхоўнага Савету, такія вядомыя, як Шушкевіч, Лябедзька, Багданкевіч, Калякін. І я думаю, што яны там будуць займаць прынцыповую пазыцыю, тую пазыцыю, якую займае Вярхоўны Савет.

Ну і зьбіраецца ехаць сам Лукашэнка, які сёньня, я паўтараю, ужо нікога не прадстаўляе акрамя самога сябе, таму што тэрмін яго прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў скончыўся 20 ліпеня. І я думаю, што гэта ўсё павінна там знайсьці нейкую ацэнку і нейкія водгукі. Таму што сёньня паўстала пагроза наогул страты Беларусяй свайго сувэрэнітэту, і я думаю, што ў гэтым зацікаўленыя толькі шавіністы Расеі. А больш у гэтым ніхто не зацікаўлены.

Перш за ўсё, у гэтым не зацікаўлены беларускі народ. Ён хоча, як і іншыя народы, мець сваю дзяржаву, мець свой нацыянальны дом. Упэўнены, што ў гэтым не зацікаўленыя і такія дэмакратычныя дзяржавы, як Літва, Польшча ды й Украіна. Той дыктатарскі рэжым, які сёньня ўстанавіўся ў Беларусі, ён увесь час, як ракавая пухліна, будзе імкнуцца паразіць і другія, я б сказаў, часткі Эўропы".

Казіс Бубяліс дадаў да гэтых словаў Сямёна Шарэцкага, што Аляксандар Лукашэнка, на яго думку, сёньня – гэта нелегітымны прэзыдэнт Беларусі, паколькі яго кадэнцыя ўжо даўно скончылася і ён не пераабраны. Для беларускіх дэмакратаў, маўляў, вельмі важна, каб гэта ведаў і разумеў Захад. Бубяліс паабяцаў данесьці пазыцыю Сямёна Шарэцкага прэзыдэнту Валдасу Адамкусу, які будзе ўзначальваць дэлегацыю Літвы на саміце ў Турцыі. Паводле словаў Бубяліся, многія парлямэнцкія групы ў АБСЭ маюць намер байкатаваць выступ прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на саміце. Але як гэта будзе ажыцьцяўляцца на справе, пабачым у Стамбуле, – сказаў ён.

XS
SM
MD
LG