Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 12 лістапада)
Як можна самастойна навучыцца беларускай мове? Ці існуюць дзеля гэтага адмысловыя падручнікі? Такія пытаньні мы сустрэлі ў рэдакцыйнай пошце і сёньня наш карэспандэнт Валянціна Аксак падрыхтавала на іх адказы.

Самастойна навучыцца беларускай мове чалавеку, які не зьяўляецца ейным этнічным носьбітам, гэтак сама мажліва, як, зрэшты, і любой іншай замежнай мове. Пры адпаведным, зразумела, жаданьні.

І прыкладаў таму нямала. Міжнародная Асацыяцыя беларусістаў мае ў сваіх шэрагах дзясяткі замежных сябраў, якія зацікавіліся гісторыяй, культураю ды літаратураю нашае краіны і, каб мець мажлівасьці паглыбляць свой інтэрас, вывучылі беларускую мову, не сканчаючы аніякіх адмысловых курсаў.

Многія зь іх нават сталі вядомымі перакладнікамі беларускае літаратуры. Назавем хаця б баўгарку Венету Козыраву-Геаргіеву, немца Норбэрта Рандава, швайцарку Моніку Банькоўскі, вэнгэрку Эстэр Смолінку, ізраільцяніна Поля Вэксьлера, ангельца Джыма Дынглі.

Сьпіс можна доўжыць, рэч ня ў колькасьці, а ў тым, што прыклад гэтых (цяпер вельмі вядомых) беларусістаў станоўча адказвае на зададзенае нашымі слухачамі пытаньне.

У кожнага з гэтых людзей быў свой шлях у беларусамоўнасьць, свае крыніцы спасьціжэньня лінгвістычнага багацьця народу. Але многім зь іх, несумненна, давялося спасьцігаць азы беларушчыны з падручніку, які да сяньня зьяўляецца адзіным грунтоўным выданьнем такога кшталту. Гэта падручнік беларускае мовы дзеля англамоўных навучэнцаў: Fundamental-Byelorussian. Book 1 – Toronto 1974 and Book 2 – Toronto 1978. Аўтар выданьня Валянціна Пашкевіч (Valentyna Pashkievich) cклала яго паводле панаваных на той час найноўшых мэтадаў навучаньня моваў.

Кожная лекцыя пададзеная ў трох частках. Першая – гутарковая ці апавядальная з тэкстамі дзеля чытаньня ды з ужываньнем новых словаў. Другая – граматычная, у якой новыя правілы пададзеныя па-ангельску. І ў трэцяй частцы зьмешчаныя ілюстрацыйныя прыклады ўжываньня гэтых правілаў, узятыя з твораў клясыкаў беларускае літаратуры.

У кожнай лекцыі зьмешчаны слоўнік новых словаў, а напрыканцы абедзьвюх частак пададзены зводныя беларуска-ангельскі ды англа-беларускі слоўнікі.

Франкамоўнаму слухачу, мажліва, прыдасца кніга, выдадзеная ў Парыжы ў 1997 годзе: Parlons bielorussien. Langue et culture. Paris, Montreal. Аўтары выданьня – Symaniec V., Goujon A.

Летам сёлета падручнік беларускае мовы дзеля замежных студэнтаў ўпершыню выдадзены і ў самой Беларусі. Называецца ён традыцыйна дзеля падобных выданьняў – "Гаворым па-беларуску". А падрыхтавала яго катэдра сучаснае беларускае мовы філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту пад рэдакцыяй загадчыцы катэдры Лідзіі Сямешкі.

Спадарыня Сямешка паведаміла нашаму радыё, што набыць падручнік можна, зьвярнуўшыся непасрэдна на ейную катэдру. Яна таксама сказала, што напачатку Новага году выйдзе яшчэ адзін падручнік беларускае мовы дзеля замежных студэнтаў, падрыхтаваны з улікам прапановаў паводле зьместу першага. Замовы на яго таксама прымаюцца непасрэдна на катэдры сучаснае беларускае мовы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Тых жа нашых слухачоў, якія жадаюць папрактыкавацца ў беларускай мове тут, у Менску, спадарыня Сямешка запрашае прыехаць сюды наступным летам у Міжнародную школу беларусістыкі. Дадатковая абвестка пра час ейнае працы будзе зьмешчаная ў Інтэрнэце.

XS
SM
MD
LG