Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

(эфір 12 лістапада)
На сёньняшні дзень толькі палова рэгіянальных арганізацыяў Таварыства Беларускае Мовы пастаўленыя на ўлік у мяйсцовых выканаўчых камітэтах. Тым ня меней, кіраўніцтва Таварыства праз свае раённыя і гарадзкія суполкі там, дзе такое магчыма, стараецца знайсьці агульную мову з рэгіянальнымі ўладамі, каб прыпыніць імклівы працэс русыфікацыі. Пра гэта інтэрвію з кіраўніком справаў ТБМ Сяргеем Кручковым.

Як зазначыў на пачатку нашае размовы Сяргей Кручкоў, сёлетняя перарэгістрацыя, нягледзячы на ўсе недахопы адпаведнага лукашэнкавага ўказу, у асноўным пайшла на карысьць Таварыству Беларускае Мовы і ягоным рэгіянальным структурам, бо ў выніку ТБМ аздаравілася. Спадар Кручкоў заўважыў:

(Кручкоў: ) "Бальшыня тых арганізацыяў, якая была дагэтуль – гэта мёртвыя арганізацыі, якія толькі лічыліся ў ТБМ: было 110 – жывых, сапраўдных, дзеючых 64 засталося. Гэтым трэба было заняцца раней, значна раней".

Сяргей Кручкоў мае пэўны досьвед супрацоўніцтва зь мяйсцовымі ўладамі. Ён распавёў, што ў рэгіёнах паміж суполкамі ТБМ і тамтэйшымі выканаўчымі камітэтамі складваюцца неадназначныя стасункі. Яны найперш выкліканыя стаўленьнем чыноўнікаў да роднага слову.

(Кручкоў: ) "Вось, напрыклад, не так даўно была паездка ў Клецк. Скажу, што мы былі вельмі зьдзіўленыя, што ў гэтым маленькім гарадочку ўсе тры школы беларускамоўныя. Старшыня выканкаму вёў імпрэзу на беларускай мове. Але адчувалася атмасфэра ў залі – страх.

У гэтым горадзе пануе сярод начальства нейкая няўпэўненасьць. Таму кажу, што нягледзячы на тое, што яны ўсё ж такі прадстаўнікі ўлады і павінны там нейкую агульную лінію праводзяць, яны не зачыняюць беларускія школы, не чапаюць іх. Даюць жыць, дыхаць. Ёсьць розныя прадстаўнікі ўлады…

Да нас зьвярнуўся Зьміцер Гурыневіч, старшыня Налібоцкай (я хачу заўважыць, вясковай) суполкі. Гэта хлопец, які зарганізаваў моладзь. Ладзяць вельмі цікавую адукацыйную працу ў Стаўбцоўскім раёне, праводзяць вечарыны ў школе. У сваёй вёсцы, у бібліятэчцы праводзяць выставы беларускіх кніжак, аўдыёкасэтаў, відэакасэтаў, запрашае цікавых людзей, пісьменьнікаў. І вось не так даўно ў хату прыйшоў участковы міліцыянт зь нейкім там начальствам мяйсцовым і сказаў: калі не перастане займацца дур'ю, то яны зробяць у яго ў хаце вобшук і г.д., і г.д.".

Спадар Кручкоў паведаміў, што зараз, да прыкладу, у той жа Менскай вобласьці суполкі ТБМ наладзілі неблагія стасункі з гарадзкімі выканаўчымі камітэтамі ў Жодзіна й Салігорску.

А вось функцыянэры Смалявіцкага раённага выканаўчага камітэту перашкаджаюць працаваць тамтэйшае радзе Таварыства. У прыватнасьці, не далі магчымасьці нядаўна правесьці пікет пратэсту пэдагогаў, бацькоў і дзяцей супраць русыфікацыі мяйсцовых школаў.

Застаецца актуальнай у правінцыі і праблема прадастаўленьня юрыдычных адрэсаў структурам ТБМ дзеля іхнае пастаноўкі на ўлік. Як зазначыў Сяргей Кручкоў, шмат якія рэгіянальныя функцыянэры баяцца парушыць адпаведныя распараджэньні, спушчаныя вабласным і рэспубліканскім начальствам.

XS
SM
MD
LG