Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 13 кастрычніка)
Сёньня на Кальварыйскіх могілках Менску быў адкрыты й асьвечаны помнік ахвярам трагедыі на Нямізе. На мейсцы пахаваньня Машы Іньковай, Насты Саўко, Сьвятланы Лобан, Людмілы Шкурдзэ, Андрэя Кулака й Генадзя Рабаконя быў узьняты мэтровы бронзавы крыж сьв. Эуфрасіньні Полацкае работы бацькі адной із загінуўшых дзяўчынаў, вядомага беларускага скульптара Міхала Інькова.

Як паведаміў "Радыё Свабода" сам сп. Інькоў, ідэя паставіць помнік на Кальварыі зьявілася ў бацькоў і сваякоў ахвяраў няміскае трагедыі яшчэ ў чэрвені, калі яны ледзь ні цэлымі днямі знаходзіліся каля магілаў сваіх дзяцей і родных. Тады ж на могілкі быў прывезены й камень-валун, пад пастамэнт будучага помніка.

Сам крыж, а таксама шыльду з выяваю Хрыста Збавіцеля, цытатаю з Эвангельля сьв. Яна й сьпісам імёнаў пахаваных на могілках ахвяраў трагедыі, сп. Інькоў зрабіў за ўласны кошт. А адліць помнік і перавезьці яго на Кальварыю, дапамаглі некаторыя прыватныя фірмы й адміністрацыя Фрунзэнскага раёну Менску.

Мэмарыяльны крыж плянавалі асьвяціць яшчэ месяц таму, але чыноўнікі з камітэту ў ахове помнікаў ды іншых ведамстваў даўгі час з розных прычынаў не давалі дазволу на яго адкрыцьцё.

Бацькі загінуўшых дзяцей вельмі хацелі, каб асьвячэньне крыжа адбылося на "Дзяды", але чыноўнікі не саступалі. І вось толькі надоечы яны атрымалі ўсе неабходныя дазволы, і таму прызначылі адкрыцьцё на бліжэйшыя выходныя.

Сёньня настаяцель менскае царквы "Іконы Божае Маці ўсіх тужлівых радасьці" айцец Ігар Карастылёў асьвяціў помнік ахвярам трагедыі, адзначыўшы ў сваёй прамове, што гэты крыж мусіць стаць мейсцам жалобных паломніцтваў з усёй Беларусі.

Сам аўтар манумэнту, Міхал Інькоў гаворыць, што абраў у якасьці памятнага знаку па загінуўшых дзецях выяву крыжа сьв. Эўфрасіньні не выпадкова. Крыж сьвятой полацкай ігуменьні зьяўляецца сьвятыняй для ўсіх хрысьціянаў Беларусі, і менавіта такі сымбаль, на ягоную думку, будзе помнікам, годным памяці ахвяраў трагедыі.

А той помнік, што сьпешна паставілі на 40-ы дзень каля станцыі мэтро "Няміга", многім родным загінуўшых не падабаецца, і яны маюць намер дамагацца ад уладаў дазволу на ўзьвядзеньне побач з падземным пераходам хрысьціянскае капліцы. Бацькі, якія згубілі ў няміжскім пераходзе сваіх дзяцей, лічаць, што праз паўгады пасьля трагедыі, ўлады робяць усё, каб людзі хутчэй забылі аб ёй.

Гаворыць скульптар Міхал Інькоў: "Некаторыя чыноўнікі нам гавораць – "вы спэкулюеце на трагедыі сваіх дзяцей", вельмі часта гавораць. А тым часам расьледваньне акалічнасьцяў гібелі дзяцей няспынна зацягваецца. Вось цяпер сьледзтва працягнулі да 30 лістапада.

А фірма "Магна" на грошы якой адбываўся той злашчасны фэстываль 30 траўня, і цяпер жыве й квітнее. Пры ёй адчыніўся дыска-клюб, куды штонядзелі падлеткаў пускаюць бясплатна – за 10 накрывак ад пакункаў з-пад цыгарэтаў "Магна". Усё таксама як і ў той дзень, калі адбылася трагедыя. І гэтая фірма пасьля таго, што здарылася абсалютна не пацярпела, ледзь не на кожным скрыжаваньні ў горадзе вісіць яе рэкляма, а нашыя дзеці ляжаць у трунах.

Людзі сталі забываць трагедыю. Зьявілася шмат спэкуляцыяў вакол гібелі дзяцей. Таму мы й вырашылі паставіць помнік, каб людзі і ўлады памяталі, што адбылося на Нямізе", – сказаў сп. Інькоў.

Цікава, што сёньня пад час асьвячэньня крыжа на могілках не было прадстаўнікоў сталічных уладаў і міліцыі, хаця сярод пахаваных на Кальварыі ахвяраў трагедыі ёсьць і супрацоўнік АМАПу Генадзь Рабаконь. Прысутнічалі толькі прадстаўнікі адміністрацыі Фрунзэнскага раёну, на тэрыторыі якога знаходзяцца могілкі. Відаць менская мэрыя і сапраўды хоча хутчэй забыць трагедыю.

Тым ня менш бацькі загінуўшых зьбіраюцца дамагацца ад уладаў хутчэйшага заканчэньня расьледваньня крымінальнае справы, якое, на іхную думку, павінна даць адказ на пытаньне "хто ж вінаваты ў гібелі дзяцей?" Яны лічаць гэта сваім доўгам перад памяцьцю ахвяраў трагедыі.

Але гэта будзе пазьней. А сёньня бацькі стаялі перад крыжам, выціраючы сьлёзы, некаторыя зь іх ціха шапталі словы малітвы за супакой душы сваіх дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG