Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня пад час працэсу над дэпутатам Андрэем Клімавым быў апытаны начальнік упраўленьня будаўніцтва Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Іван Тураў, якога абарона Клімава лічыць ключавым сьведкам у справе. На думку адвакатаў Клімава і ягоных сваякоў, Тураў ня быў да канца шчырым у сваіх паказаньнях і спрабаваў ухіліцца ад адказнасьці за тыя памылкі, якія зрабіла ягонае ведамства ў гісторыі з домам на вуліцы Лодачнай, што будавала фірма Андрэя Клімава.

У Ленінскім раённым судзе, дзе слухаецца справа Андрэя Клімава, сёньня выступаў адзін з самых важных для справы сьведкаў – начальнік управы капітальнага будаўніцтва Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Іван Тураў. Гэта зь ягоным ведамствам у 1993 годзе будаўнічая фірма Клімава падпісала дамову аб узьвядзеньні славутага дому на Лодачнай вуліцы, дзе цяпер жывуць дыпляматы ды дэпутаты "Нацыянальнага сходу". Дарэчы, пад дамоваю стаяць подпісы ня толькі Клімава й Турава, але й цяперашняга "мэра" Менску Ярмошына, які ў 93-м годзе быў намесьнікам мэра й курыраваў у Менску будаўніцтва жыльля.

Іван Тураў сёньня патлумачыў, чаму спатрэбіўся подпіс намесьніка "мэра". Бо ледзь не ўпершыню такі значны й дарагі аб'ект гарадзкі выканаўчы камітэт даручыў узводзіць прыватнай будаўнічай фірме. Іван Тураў пераконваў суд, што ягоная ўправа кантралявала будоўлю, і ўсё ж яны не ўгледзелі, як быў дапушчаны перарасход будматэрыялаў.

Абарона дэпутата Клімава адзначае, што Іван Тураў упарта не прызнае факту йснаваньня дамоўнай цаны за ўвесь аб'ект. Які сэнс у такім непрызнаньні відавочнага?

Абарона Клімава лічыць, што, ставячы над сумнеў дамоўны характар цаны, Тураў фактычна выбівае з рук Клімава галоўны козыр – гэта права адкласьці канчатковы разьлік з замоўнікам да моманту завяршэньня будаўніцтва і ўлічыць усе ўзаемныя прэтэнзіі.

Гэта не позна зрабіць і цяпер – упэўнены Андрэй Клімаў. А сьледчыя сьцьвярджаюць, што запозна. І паколькі Клімаў патраціў менш цэглы, чым паказаў у дакумэнтах, то ён падмануў замоўніка й фактычна абакраў дзяржаву.

І ўсё ж, на думку адвакатаў, сёньня ў судзе Іван Тураў прызнаў вельмі важкія для прызнаньня невінаватасьці Клімава абставіны. У прыватнасьці, было падцьверджана, што гарадзкія ўлады са спазненьнямі і ў недастатковым аб'ёме фінасавалі будоўлю, з-за чаго ў фірмы Клімава ўзьнікалі фінансавыя цяжкасьці.

З-за інфляцыі гэтыя затрымкі наносілі фірме Клімава значныя страты, прызнаў Тураў і пагадзіўся з тым, што прэтэнзіі фірмы могуць быць разгледжаны гарадзкім выканаўчым камітэтам. "Таму мы й не падавалі гаспадарчага зыску на Клімава" – расшчыраваўся кіраўнік управы капітальнага будаўніцтва.

На думку адваката Клімава Гары Паганяйла, Тураў прадэманстраваў у судзе, што гарадзкія ўлады фактычна ўладаю ў горадзе не зьяўляюцца. Калі ім трэба было пабудаваць прэстыжны дом, яны зьвярнуліся да прыватных будаўнікоў, бо тыя могуць працаваць і хутка, і якасна.

"Але загадалі гарадзкім уладам зьверху выставіць Клімава злачынцам – і яны паднялі лапкі ўгору. Вось ужо й дамова з Клімавым не дамова, і дамоўная цана не дамоўная" – кажа Гары Паганяйла. Ён, аднак, не выключае, што суд і ў гэтых умовах разьбярэцца й прыме аб'ектыўнае рашэньне ў справе Андрэя Клімава, прызнаўшы яго невінаватым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG