Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Беларуска-расейская дамова аб стварэньні адзінай саюзнай дзяржавы можа быць падпісаная ўжо праз 10 дзён. Расейская прэса, якая зусім мала пісала пра праект дамовы ў часе ягонага афіцыйнага абмеркаваньня, зноў пачынае вяртацца да гэтай тэмы.

У адрозьненьне ад Беларусі, дзе так званае народнае абмеркаваньне праекту дамовы аб саюзе хоць і фармальна, але адбывалася, у Расеі гэты дакумэнт застаўся практычна не заўважаным. Тут ён быў апублікаваны толькі афіцыёзам – "Российской газетой".

Аднак, эканамічныя наступствы магчымага аб'яднаньня, здаецца, значна больш, чымся палітычныя, хвалююць маскоўскую прэсу. Так, папулярны тыднёвік "Аргументы и факты" апублікаваў у артыкуле пад назвай "Супраць каго сябруем" цікавыя лічбы. Газэта згадвае, што яшчэ нядаўна, за савецкім часам, 6-я частку ўсяго харчовага рынку ў Расеі складалі тавары зь Беларусі. Згадваюцца й славутыя МАЗы, БелАЗы й трактары "Беларусь".

Праўда, абыходзяцца трактары зараз Расеі ў 14 тысячаў даляраў за кожны – што ў сярэднім вышэй на 2 тысячы даляраў за міжнародныя цэны. Грузавыя аўтамабілі зь Беларусі каштуюць для Расеі ў сярэднім на 10 адсоткаў даражэй, мяса – на 15.

У той самы час нафта прадаецца Беларусі танней, як замежным партнэрам, на 15 адсоткаў. Праўда, Лукашэнка скардзіцца, што расейскі газ у Беларусі каштуе даражэй, чымся ў Расеі – не 13 даляраў за кубамэтар, але 30. Аднак, піша газэта "Аргументы и факты", гэта ў тры разы дзешавей у параўнаньні з цэнамі міжнароднага рынку і ўдвая менш за цану расейскага газу для іншых краінаў СНД. Пры гэтым, унутры Беларусі спажыўцы мусяць набываць расейскі газ па 69 даляраў з кубамэтар. Ці ня зьбіраецца Лукашэнка такім чынам разьлічвацца за пазыкі? – задаецца пытаньнем аўтар публікацыі. І нагадвае: запазычанасьць Беларусі складае 200 мільёнаў даляраў за газ.

Паводле тыднёвіка, штомесяц Расея адпраўляе ў Беларусь прадукцыі на 60 мільёнаў даляраў больш, чым атрымлівае. Лёгка падлічыць, што ў год гэта складае 720 мільёнаў даляраў – лічба, супастаўная з крэдытам міжнароднага валютнага фонду, на які спадзяецца Расея.
Што тычыцца палітычных наступстваў для Расеі ў выніку саюзу з Лукашэнкам, дык яшчэ адно маскоўскае выданьне – часопіс "Новое время" – зьвяртае ўвагу на такі момант. Мяркуемы саюз, паводле апублікаванага праекту (цытую) "літаральна капіюе сістэму ўлады, арганізаванай Лукашэнкам у сябе ў Беларусі, дзе адносіны паміж ім і іншымі дзяржаўнымі органамі будуююца як паміж мужам і жонкай у вядомым жарце: калі меркаваньні супадаюць, дык вырашае муж, а калі разыходзяцца, дык жонка".

Згадваючы вядомы выступ Лукашэнкі ў дзяржаўнай Думе і ягоныя павучаньні на адрас расейскага міністра замежных справаў, "Новое время" так апісвае інтэграцыю паводле мадэлі Лукашэнкі. Па-першае, ён нікога не зьбіраецца пускаць ва ўласныя палітычныя ўладаньні. Па-другое, Лукашэнка будзе абсалютна няўмольным адносна расейскіх палітыкаў – і ў першую чаргу, менавіта адносна тых, хто яго прывёў у расейскую палітыку.

Маскоўская эліта, – піша "Новое время", – ня можа спасылацца на кепскую інфармаванасьць. Яна цудоўна ведае, з кім і на якіх умовах зьбіраецца зьлівацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG