Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Напярэдадні ад'езду ў Стамбул прадстаўнікі Кансультатыўнае Рады апазыцыйных палітычных партыяў абмеркавалі праблему доступу апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Дасягнутыя тады дамоўленасьці фактычна сарваныя ўладаю.

Пасяджэньне Кансультатыўнае Рады пачалося з таго, што ейныя ўдзельнікі запатрабавалі тлумачэньняў ад прадстаўнікоў кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі, – чаму ўрадавы бок не выконвае свае абавязкі пра доступ апазыцыі да дзяржаўных мас-мэдыя.

Намесьнік кіраўніка групы сп. Кляйнэр (кіраўнік групы сп. Вік зьехаў зь Менску яшчэ 12 лістапада) паведаміў, што ён таксама ўсхваляваны такім становішчам. Таму сёньня з самай раніцы намесьнік Віка перадаў у Вену, дзе знаходзіцца штаб-кватэра АБСЭ, і ў Стамбул, куды ўжо накіраваліся некаторыя чыноунікі АБСЭ, тэрміновую справаздачу, у якой паведамляецца, што дамова аб доступе апазыцыі да дзяржаўных СМІ не выконваецца ўрадавым бокам.

Сп. Кляйнэр паведаміў Кансультатыўнае Радзе, што 12 лістапада ў яго адбылася размова з памочнікам Лукашэнкі Міхалам Сазонавым, які ўзначальвае ўрадавы бок на кансультацыях з экспэртамі ў СМІ ад апзыцыі. Сазонаў перадаў наступнае: кіраўнік адміністрацыі Лукашэкі Міхал Мясьніковіч, да якога трапілі пагадненьні экспэртаў, палічыў, што саступкі з урадавага боку надзвычай вялікія. Таму тэкст пагадненьяў не друкуецца ў афіцыйных мас-мэдыя. А гэта вельмі важна, паколькі ў пагадненьнях гаворыцца, што яны набываюць сілу толькі пасля таго, як будуць зьмешчаныя ў дзяржаўным друку.

Паводле Кляйнэра, Сазонаў даў яму зразумець, што мае намер 15 лістапада абараняць свой (гэта значыць – падпісаны экспэртамі абодвух бакоў) варыянт допуску апазыцыі да дзяржаўных СМІ. Але, як адзначыў Кляйнэр, настрой Сазонава ня быў аптымістычным і ён рыхтаваўся да вызваленьня ад пасады памочніка Лукашэнкі.

У сувязі з гэтым прадстаўнікі палітычных партыяў прынялі адмысловую заяву. У ёй адзначаецца, што рэалізацыя пагадненьяў пра доступ да мас-мэдыя зьяўлялася той лякмусавай паперкаю, якая давала адказ на пытаньне: ці сапраўды ўлады зацікаўленыя ў рэальных перамовах з апазыцыяй наконт правядзеньня свабодных і дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў. Падзеі паказваюць – урадавы бок не выконвае свае абавязацельствы, што азначае адыход ад абавязацельстваў, якія былі дадзеныя і міжнароднай супольнасьці.

Пазьней сп. Кляйнэр паведаміў: кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё лічыць, што ўмовы допуску апазыцыі на тэлевізію, якія падпісалі экспэрты ў СМІ ад ураду, невыканальныя. І таму Сазонаў хацеў бы ў другой палове дня сустрэцца з экспэртамі ад апазыцыі, каб перагледзець пэўныя параграфы дамовы.

Прадстаўнікі Кансультатыўнае Рады апазыцыйных палітычных партыяў пагадзіліся на сустрэчу, але прапанавалі сваім экспэртам ні на крок не адступаць ад ужо выпрацаваных умоваў.

І яшчэ адзін вынік сёньняшняга пасяджэньня Кансультатыўнае Рады – прынятае рашэньне пашырыць колькасьць удзельнікаў Кансультатыўнае Рады з васьмі да дзевяці. Вырашана, што самастойнымі суб'ектамі працэсу будуць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ і Партыя БНФ.

XS
SM
MD
LG