Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня пад час адмысловае нарады Аляксандар Лукашэнка выклаў асноўныя мэты, якіх беларуская дэлегацыя будзе імкнуцца дамагчыся пад час саміту АБСЭ ў Стамбуле. У часе нарады кіраўнік дзяржавы ануляваў пратакол пра доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў, падпісаны на мінулым тыдні.

Лукашэнка вылучыў тры пытаньні, якія ён мае намер адстойваць пад час сустрэчы ў вярхох. На думку Лукашэнкі, эўрапейскую бясьпеку павінны забясьпечваць выключна самі эўрапейцы. Гэта, лічыць кіраўнік Беларусі, можа прадухіліць крызысы кшталту югаслаўскага. Ідэя ўбіць клін паміж Заходняй Эўропаю і Амэрыкаю вельмі папулярная сярод расейскіх палітыкаў, якія мараць пра аднаўленьне савецкай імпэрыі. Лукашэнка, як бачым, выступае ва ўнісон зь імі.

Другім пытаньнем, якое ён мае намер узняць у Стамбуле, Лукашэнка назваў барацьбу з тэрарызмам. "Гэта галоўны выклік чалавецтву на мяжы трэцяга тысячагодзьдзя" – сказаў ён. Такім чынам, ён даў зразумець, што будзе на саміце АБСЭ абараняць Расею, яе права весьці вайну ў Чачні любымі сродкамі.

Нарэшце, трэцім пытаньнем беларускі кіраўнік назваў праблему роўнасьці ўсіх сябраў АБСЭ. Інтэрпрэтацыя гэтае праблемы беларускім кіраўніком вельмі сваеасаблівая. Ён сказаў, што чыноўнікі АБСЭ не павінны ўмешвацца ва ўнутраныя справы той ці іншае краіны й вучыць яе, як жыць.

Гэтае абвінавачваньне – яўна "каменьчык у гарод" назіральна-кансультатыўнае групы АБСЭ. Дзейнасьць групы, нягледзячы на ўсю гнуткасьць і дыпляматычнасьць яе прадстаўнікоў, Лукашэнку не задавальняе.

Гэтыя абвінавачваньні прагучалі невыпадкова. Выступаючы на сёньняшняй нарадзе, кіраўнік Беларусі фактычна ануляваў пратакол аб доступе апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў, падпісаны на мінулым тыдні.

Лукашэнка заявіў, што ўрадавая перамоўная каманда дапусьціла "перагіб". У сваім выступе ён паставіў пад сумнеў сам прадмет кансультацыяў, сказаўшы, што рэдакцыі газэтаў і кіраўніцтва радыё і тэлевізіі мусяць самі вызначаць, каму й калі даваць слова. Лукашэнка расцаніў патрабаваньні апазыцыі пра доступ да дзяржаўных мэдыяў як ўвядзеньне цэнзуры.

Пры гэтым, так бы мовіць, "абаронца свабоды слова" спаслаўся на досьвед Вялікабрытаніі. Паводле словаў Лукашэнкі, нельга сабе ўявіць, каб у Ангельшчыне лейбарысцкая газэта друкавала інтэрвію з лідэрамі кансэрватараў.

Параўнаньне гучыць зьдзекам: у Брытаніі партыйныя выданьні выдаюцца на партыйныя, а не на дзяржаўныя грошы. А заява наконт таго, што рэдактары будуць самі вызначаць, каго ім друкаваць, фактычна вяртае сытуацыю ў даперамоўны стан, калі апазыцыянэры ня мелі аніякае магчымасьці выкласьці сваю думку ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.

Такім чынам, улада дэманстратыўна адмовілася выконваць абавязкі, якія ўзяла на сябе тыдзень таму. Зьвяртае на сябе ўвагу, што гэта было зроблена дакладна напярэдадні саміту ў Стамбуле. Афіцыйны Менск кідае выклік сусьветнай супольнасьці, правакуе хвалю жорсткае крытыкі ў сваю адрэсу.

Можа йснаваць некалькі тлумачэньняў такіх паводзінаў. Магчыма, дамова стала ахвяраю апаратных гульняў у атачэньні кіраўніка дзяржавы. Тыя зь іх, хто напачатку быў супраць перамоваў, каго палохала ўзвышэньне Ўрала Латыпава, проста нанесьлі ўдар па апаратных апанэнтах: напалохалі шэфа тым, што доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў стане пралёгам штурму прэзыдэнцкага палацу. А міжнародныя наступствы такіх камбінацыяў апаратных гульцоў, як правіла, ня вельмі цікавяць.

Але магчыма, што дэмарш з ануляваньнем пратаколу быў зроблены як раз з разьлікам на Стамбул. На саміце АБСЭ, мяркуючы па ўсім, галоўнай тэмаю стане чачэнская вайна. Гэта значыць, што беларускае пытаньне адыйдзе крыху ўбок. Акрамя таго, сытуацыя жорсткае дыпляматычнае канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам заўсёды была найлепшым варыянтам для Лукашэнкі. Тады робіцца малаверагоднай магчымасць дамовы паміж Усходам і Захадам адносна Беларусі.

А паколькі канфрантацыя паміж Расеяй і Захадам у Стамбуле ўжо гарантаваная, Лукашэнка робіць нутрыпалітычныя крокі, каб яшчэ больш абвастрыць яе, і прымусіць Расею біцца за Лукашэнку гэтак жа ўпарта, як і за Чачню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG