Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 лістапада 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

"Брутальная безразважнасьць Расеі" – пад такім загалоўкам апошні нумар брытанскага штотыднёвіка "Ekonomist" зьмясьціў свой рэдакцыйны камэнтар у справе чачэнскай вайны.

Чачэнскі крызыс з кожным днём набірае ўсё больш і больш сур'езны характар, - так пачынаецца артыкул самага аўтарытэтнага брытанскага штотыднёвага часопіса "Ekonomist".
Вайна прыносіць усё больш пакутаў для цывільнага насельніцтва, 200 тысяч мірных жыхароў ужо ператварыліся ва ўцекачоў. Рэальнай робіцца пэрспэктыва расейскага штурму Грознага і значных ваенных стратаў з абодвух бакоў. З кожным днём расьце небясьпека распаўсюджваньня вайны на ўвесь каўказскі рэгіён.

Але самая галоўная небясьпека, сьцьвярджае "Ekonomist", гэта – дэстабілізацыя самой Расеі, пагроза для кволай расейскай дэмакратыі, якая павінна прайсьці выпрабаваньне парлямэнцкімі выбарамі ў наступным месяцы і прэзыдэнцкімі ўлетку наступнага году.

Азлобленыя расейскія гэнералы выказваюць прыкметы непадпарадкаваньня, а некаторыя, нават, гавораць, што будуць працягваць вайну нават тады, калі палітыкі загадаюць ім прыпыніць яе.

Захад, чытаем на старонках "Ekonomist", павінен пераканаць Расею, што мірнае паразуменьне ў яе ўласных інтарэсах. Добрую нагоду дзеля гэтага яўляе сабой саміт 54 краінаў – сябраў Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, які пачынаецца на наступным тыдні ў турэцкім Стамбуле. Лідэры заходняга сьвету, сярод якіх будзе і прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, павінны пераканаць Расею заключыць перамір'е і пачаць перамовы з прэзыдэнтам Чачні Асланам Масхадавым.

Калі б Расея праявіла мудрасць, трэба было б раней дасягнуць пагадненьня з Масхадавым і дапамагчы яму ў змаганьні з людзьмі, якія зрабілі яго дзяржаву некіруемай.

Пераканаць Расею прыпыніць вайну ў Чачні ня так проста, чытаем у рэдакцыйным артыкуле ангельскага часопіса "Ekonomist". Па-першае, Расея па-просту можа не пажадаць прыслухацца да голасу Захаду. Вайна даволі папулярная сярод расейскага насельніцтва. Расейскія гэнералы поўныя рашучасьці ўзяць рэванш за паразу ў вайне 1994 – 96 гг. Ніхто на Захадзе ня возьме на сябе рызыку пагражаць Расеі карнымі акцыямі, так як гэта здарылася з сэрбамі ў Косаве. Расея – ядзерная дзяржава. Да таго ж, чачэнцы далёка не ідэальныя грамадзяне, а Расея сьцьвярджае, што яе тэрыторыя стала базай для музульманскіх тэрарыстаў.

Між тым, Захад можа зрабіць значна болей дзеля ўмацаваньня незалежнасьці краінаў, якія знаходзяцца каля расейскага трону, што вагаецца. 14 лістапада украінскія выбаршчыкі павінны прагаласаваць у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў на карысьць аднаго з двух кандытаў, адзін зь якіх выразна прарасейскі, а другі выступае супроць яе. У Малдове, дзе расейская армія акупуе частку спрэчнай тэрыторыі, нядаўна пайшоў у адстаўку рэфармісцкі ўрад. Расеі па-ранейшым патрэбныя Грузыя і Азэрбайджан, яна таксама намагаецца выкарыстаць сытуацыю ў Армэніі, дзе нядаўна адбыліся акты насільля. Захад можа запрапанаваць дапамогу гэтым краінам, нават шляхам таго, калі ён адкрыта скажа Расеі, што апошнія акты насільля ў Чачні спрыяюць страце ўплыву Расеі ў іншых рэгіёнах.

Гэта не азначае, што Захад ня мае іншых аргумэнтаў перад расейскай акцыяй у Чачні. Неабходна ясна даць да зразуменьня расейскаму ўраду, што супрацоўніцтва з Расеяй ва ўсіх галінах будзе прыпыненае да таго часу, пакуль ня будзе перамір'я з Масхадавым. Расея павінна дазволіць міжнародным гуманітарным арганізацыям дапамагаць уцекачом і пачаць палітычны дыялёг з Чачнёй. Пакуль Расея ня зробіць гэтага, трэба прыпыніць яе крэдытаваньне і харчовую дапамогу ёй. А Рада Эўропы, сябрамі якой могуць быць толькі сапраўды дэмакратычныя краіны, павінна прыпыніць сяброўства Расеі ў гэтай арганізацыі.

Заходнія сродкі рэальнага ўплыву на Расею абмежаваныя, але стаўкі вельмі высокія, чытаем мы у падсумаваньні артыкулу ангельскага часопісу "Ekonomist", гэта ня толькі пакуты чачэнскага народу, але стабільнасьць усяго каўказскага рэгіёну і самой Расеі.

XS
SM
MD
LG