Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 лістапада 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Народная беларуская прыкмета: калі па тэлевізары пачынаюць часта гаварыць пра так званую «закладку харчоў на зіму» – значыць, нешта з закладзенага неўзабаве або зьнікне, або падаражэе.

Днямі мне давялося доўга тлумачыць аднаму замежнаму знаёмаму, што такое "засекі Радзімы" і чаму ў Беларусі зь лета займаюцца так званай "закладкаю харчоў на зіму" (трэба думаць, у тыя самыя засекі).

Закладка зімовых прыпасаў у маштабах беларускае дзяржавы – гэта зусім не саленьне рыжыкаў і лісічак, або марынаваньне зялёных памідораў, як дагэтуль думаюць многія несьвядомыя грамадзяне.

Беларускія засекі з закладзенымі харчамі – гэта кубы замарожанага сьметанковага масла й мяхі ператворанага ў парашок малака; гэта заледзянелыя сьвіныя ды каровіныя тушы й бляшанкі зь мяснымі кансэрвамі.

Наіўныя іншаземцы звычайна цікавяцца, чаму малако, масла й мяса трэба абавязкова месяцамі й гадамі захоўваць у замарожаным выглядзе ў тых засеках, і ці нельга спажываць іх сьвежымі – адразу пасьля таго, як кароў падаілі, а вепрукоў асьвежавалі?

Адказ кароткі: "Нельга".

Бо як жа быць без закладкі, калі заўтра неспадзявана зьнікне малако, або мяса, або масла? А зьнікнуць яны могуць у любы момант, бо зіма ў Беларусі – гэта па сутнасьці тое ж стыхійнае бедзтва: пасьвіць скаціну абсалютна няма дзе, і без корму яна, натуральна, ня хоча даіцца й даваць прывагаў.

Народная беларуская прыкмета: калі па тэлевізары пачынаюць часта гаварыць пра закладку харчоў на зіму – значыць, нешта з закладзенага або зьнікне, або падаражэе.

Якраз учора, 11 лістапада, старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Кабякоў даваў падрабязную справаздачу Лукашэнку пра тое, як многа ўсяго ў нас закладзена. Калі верыць Кабякову, харчоў у нас сёньня ў засеках на зіму на 11-40% болей, чым летась.

Лукашэнка Кабякову, напэўна, ня надта паверыў, бо замест таго, каб пахваліць за такія прыгожыя лічбы, прыгразіў, што жорстка пакарае, калі падначаленыя паўтораць сытуацыю мінулага году.

Паказальна, што за дзень да таго, як парадавацца, як многа ўсяго ў іхных засеках, беларусы даведаліся пра новыя цэны на хлеб і на малочныя прадукты. Хлеб падаражэў на трэць, малако – на чвэрць. Пры гэтым у продажы ўсё часьцей сустракаюцца малако й масла расейскай і літоўскай вытворчасьці. Верагодна, таму, што ўсё айчыннае йдзе на зімовую закладку.

Можа здацца дзіўным, але ў Беларусі вельмі многа тых, каго абсалютна не цікавіць працэс закладкі й стан засекаў Радзімы. Каровы ў іх дояцца і ўлетку, і ўзімку (а калі не дояцца, то целяцца), бульба й жыта родзяць нават тады, калі калгасныя палі нагадваюць пустэчу, а парсючкі набіраюць вагу ў любы час году, хоць сьвяжуюць іх пераважна перад Калядамі, якраз тады, калі дзяржаўнае закладкі ўжо не хапае нават на вараныя каўбасы.

Паводле апублікаванае на гэтым тыдні справаздачы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, беларускія сяляне й фэрмэры апрацоўваюць усяго 1% ворных земляў Беларусі. Але пры гэтым летась іхная доля ў вытворчасьці сельскагаспадарчае прадукцыі склала 38%.

Уяўляеце, што можа адбыцца, калі даць гэтым людзям яшчэ хоць бы 2% ворыва? Калгасы могуць разваліцца, бо ў іх ня стане патрэбы. А пра "засекі Радзімы" і гераічныя намаганьні ў зімовай закладцы ўвогуле давядзецца забыць…

Некаторыя мудрыя калгасныя старшыні даўно зразумелі гэта й нават паспрабавалі зьмяніць свае калгасы так, каб у іх было шмат уласьнікаў і мала гультаёў ды злодзеяў.

Адзін з такіх былых старшыняў – славуты Васіль Старавойтаў з кіраўскага "Расьвету". Учора пасьля двух гадоў зьняволеньня яго нарэшце выпусьцілі з Аршанскай турмы…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG