Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 лістапада 1999 г.


Сяргей Шупа, Вільня

У суседніх зь Беларусьсю краінах немалыя засьцярогі выклікаюць намеры беларускага кіраўніцтва стварыць адзіную з Расеяй дзяржаву. Карэспандэнт літоўскай газэты «Respublika» гаварыў з гэтай нагоды з экспэртам нямецкага Міжнароднага Цэнтру палітычнага аналізу й прагнозаў, доктарам філязофіі Аляксандрам Бэкерам.

Якія палітычныя працэсы спарадзілі саму ідэю стварэньня адзінай дзяржавы? - пытаецца карэспандэнт « Respublik'і» Юры Зобнін у доктара Бэкера.

Пра аб'яднаньне Беларусі й Расеі, - адказвае нямецкі аналітык, - гаворыцца ўжо больш за чатыры гады. Напачатку Лукашэнка і Ельцын пры дапамозе гэтай ідэі спадзяваліся ўзмацніць свае палітычныя пазыцыі. Хворы Ельцын у 1996 годзе зноў хацеў стаць прэзыдэнтам Расеі, а амбітны Лукашэнка спрабаваў апраўдаць працяг сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Таму ў Маскве было зь вялікай помпай абвешчана пра стварэньне новай славянскай дзяржавы, аднак пазьней энтузіязм крыху суняўся.

У Маскве некаторыя расейскія палітыкі і эканамісты пачалі даводзіць, што для аб'яднаньня паводле беларускага варыянту пакуль не сасьпелі неабходныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы. Гэта пачало раздражняць Лукашэнку. Варта прыгадаць хоць бы ягоныя пагрозы зьвярнуцца да Захаду, калі Масква ня будзе сябе паводзіць больш актыўна. Пасьля Лукашэнка спрабаваў «націснуць» на непасрэднае Ельцынава атачэньне, каб як мага хутчэй была падпісаная саюзная дамова, аднак зраз гэтага нічога ня выйшла.

Цэнтар палітычнага аналізу й прагнозаў, які прадстаўляе доктар Бэкер, правёў у дванаццаці расейскіх рэгіёнах дасьледаваньне, якое выявіла, што праблема аб'яднаньня найбольш цікавіць тых расейскіх грамадзянаў, каму ўжо за 50, што можна патлумачыць тугою па колішнім Савецкім Саюзе. Тым, каму ад 30 да 45, беларуска-расейскі саюз ужо ня так патрэбны, хоць і яны гатовыя галасаваць за яго на рэфэрэндуме. Відаць, для большасьці расейскіх палітыкаў гэтая тэма сёньня ўжо не такая важная, – цяпер іх больш цікавіць падрыхтоўка да выбараў у Думу.

Каму ж тады патрэбнае аб'яднаньне гэтых дзяржаваў? – задаў наступнае пытаньне літоўскі журналіст.

Беларусь, – кажа доктар Бэкер, – спрабуе разыграць карту ваенна-стратэгічнай значнасьці дамовы для Расеі. Аднак папраўдзе гэты саюз найперш патрэбны Менску. Яму патрэбныя расейскія нафта й газ, Расея – добры рынак для беларускіх тавараў. І якраз гэта ня ўсім падабаецца ў Маскве.

Прыкладам, нядаўна ў Ліпецку на сустрэчы губэрнатараў расейскага Чарназем'я сур'ёзна гаварылася пра пашырэньне беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, што шкодзіць расейскім вытворцам аналягічнай тэхнікі. І такіх момантаў у дачыненьнях паміж Масквою й Менскам штораз болей.

Напрыканцы інтэрвію карэспандэнт « Respublik'і» папрасіў нямецкага палітоляга даць ацэнку нядаўным падзеям ў Менску, калі апазыцыйная дэманстрацыя скончылася сутыкненьнямі зь міліцыяй,

Доктар Бэкер папярэдзіў, што падасьць сваю вэрсію, якая грунтуецца на ягоным аналізе палітычных працэсаў у Беларусі.

У Беларусі ўся ўлада сабраная ў адных руках, апазыцыя даволі слабая. Лукашэнка мае ясную схему – як нэўтралізаваць тых, каму не падабаюцца ягоныя парадкі. Ня трэба быць наіўнымі – Лукашэнка ў шэрагах кіраўніцтва апазыцыі мае сваіх «агентаў уплыву», таму ён і не забараніў правядзеньне акцыі супраць самога сябе, а наадварот, «дапамог» яе падрыхтаваць, – цьвердзіць нямецкі палітоляг.

На ягоную думку, беларускую апазыцыю падманулі. Усе ейныя дзеяньні адбываліся паводле сцэнару, падрыхтаванага Лукашэнкавай адміністрацыяй. Тэма пратэсту супраць саюзнай дамовы, якую абрала апазыцыя, была карысная Лукашэнку, заставалася толькі «ўзмоцніць» гэтую палітычную акцыю. Што і было зроблена: гарэлі расейскія дзяржаўныя сымбалі, гарэў праект дамовы, гучалі антырасейскія лёзунгі і г.д. Удзельнікі акцыі зрабілі якраз тое, чаго ад іх спадзяваўся Лукашэнка.

Цяпер Лукашэнка цалкам нэўтралізуе беларускую апазыцыю, і яна наўрад ці здолее адкрыта зьбірацца ў Менску, будзе нанесены ўдар і апазыцыйнаму друку. Аднак, што галоўнае – апазыцыя дапамагла Лукашэнку атрымаць неабходныя аргумэнты для сваёй прамовы ў расейскай Думе на карысьць аб'яднаньня. Беларуская апазыцыя дапамагла Лукашэнку здабыць падтрымку мільёнаў простых расейцаў.

З таго, што сказана, можна зрабіць простую выснову – усё, што адбылося 17 кастрычніка ў Менску, ад пачатку да канца было сплянаванае беларускімі спэцыяльнымі службамі і Лукашэнкавай адміністрацыяй.

Да гэткіх сьмелых высноваў прыйшоў экспэрт нямецкага Міжнароднага Цэнтру палітычнага аналізу й прагнозаў, доктар філязофіі Аляксандар Бэкер. Гутарку зь ім надрукавала літоўская газэта «Respublika».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG