Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Як афіцыйны і апазыцыйны бакі рыхтуюцца да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў-удзельніцаў АБСЭ, якая пройдзе ў Стамбуле 18-19 лістапада?

Пляны афіцыйнага Менску ў дачыненні да саміту ў Стамбуле выклаў учора, выступаючы ў тэлепраграме "Падзея", першы намесьнік міністра замежных справаў Сяргей Мартынаў. Ён падкрэсьліў, што размовы пра нелегітымнасьць Лукашэнкі ня маюць аніякага дачыненьня да праблемы ягонага ўдзелу ў сустрэчы ў вярхах АБСЭ, і падцьвердзіў, што Лукашэнка будзе браць удзел у саміце, бо мае на гэта поўнае права.

Сяргей Мартынаў ня выключыў, што шэраг кіраўнікоў дзяржаваў могуць закрануць у сваіх прамовах у турэцкай сталіцы нутрыпалітычныя пытаньні Беларусі, але выказаў спадзяваньне, што падыход да Беларусі будзе ўзважаны.

Сп. Мартынаў спаслаўся на заяўленую гатоўнасьць уладаў весьці дыялёг з апазыцыяй і на імкненьне правесьці абсалютна свабодныя парлямэнцкія выбары. "Мы спадзяемся, што ЭўраЗьвяз будзе дапамагаць нам ў гэтым, а ня проста ківаць пальцам", – сказаў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі.

Іншымі словамі, улады спадзяюцца, што крытыка ў іхны адрас у Стамбуле будзе дастаткова мяккай.

У межах стамбульскага саміту адбудзецца таксама паседжаньне адмысловае рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Некалькі тыдняў таму кіраўнік гэтае групы Адрыян Севярын запрасіў на паседжаньне прадстаўнікоў перамоўных камандаў улады і апазыцыі.

Ад апазыцыі ў Турцыю паедуць кіраўнікі васьмі партыяў, якія складаюць Кансультацыйную раду. Улады адмовілі даць дазвол на паездку кіраўніку Беларускае сацыял-дэмакратычные партыі "Народная Грамада" Мікалаю Статкевічу, які праходзіць па крымінальнай справе пасьля "Маршу Свабоды".

"Што Вы будзеце рабіць у Стамбуле?" – спытаў я старшыню Беларускае Сацыял-дэмакратычнае Грамады Станіслава Шушкевіча.

(Шушкевіч: ) "Я думаю, што нічога, таму што калі тут ня будуць выкананныя гэтыя самыя сьціплыя папярэднія ўмовы, дык ніякіх перамоваў мы не пачнем. Мы аб гэтым заявілі і запісалі ў гэтым мэмарандуме. А калі гаварыць ужо пра другасныя пазыцыі, на усіх тых магчымых сустрэчах, прэсавых канфэрэнцыях, прыватных сустрэчах, трэба растлумачыць. Што адбываецца ў Беларусі і чаму.

Нас туды запрашаюць, я так разумею, як пэўную супрацьвагу паездцы туды нашага былога прэзыдэнта. Таму што ў адпаведнасьці з правіламі, якія існуюць у АБСЭ, яму нельга адмовіць у прыездзе ў Стамбул…"

Сп. Шушкевіч пералічыў тры асноўныя ўмовы пачатку перамоваў: вызваленьне Чыгіра, дазвол на выхад забароненых газэтаў, пошук зьніклых палітыкаў. Лідэр БСДГ заявіў, што гэтыя патрабаваньні павінныя былі быць выкананыя яшчэ да 30 верасьня.

Станіслаў Багданкевіч, старшыня Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, падкрэсьліў, што тры месяцы таму АБСЭ пераканала апазыцыю, што ўлады гатовыя на перамовы. Тады апазыцыя зрабіла крок насустрач, адступіўшы ад жорсткага адстойваньня нормаў Канстытуцыі 1994 году.

Але за тры месяцы – заявіў сп. Багданкевіч – калі штосьці й зьмянілася, дык у горшы бок. На думку кіраўніка АГП, АБСЭ павінна ці ўсё ж такі прымусіць беларускія ўлады выканаць перадумовы дыялёгу, ці даць палітычную ацэнку таму, хто сарваў перамовы.

Свае меркаваньні наконт паводзінаў апазыцыйнаей дэлегацыі ў Стамбуле выклаў сябра дэлегацыі Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) "Нельга лічыць прыкладам пасадку а потым вызваленьне людзей пасьля 17 кастрычніка паляпшэньнем палітычнага клімату. Гэтак сама забраньне а потым адданьне ліцэнзыяў такім не зьяўляецца. Пакуль што, на гэты момант, нельга гаварыць пра адкрыцьцё мас медыяў з таго, што была нейкая згода наконт мас медыяў, яшчэ ня вынік сам доступ. Ён не адбыўся. Пытаньне, якое маем перадусім ставіць, гэта лёс незалежнай беларускай дзяржаўнасьці, без гарантыяў якой, фактычна, і перамовы трацяць сэнс, бо раствараецца ў нябыце сам аб'ект размоваў.

Вось гэта тыя рэчы, тыя інфармацыйныя пасылы, якія мы павінны данесьці да ўдзельнікаў стамбульскае сустрэчы. Ну і, зразумела, ня можа быць ніякіх перамоваў, датуль, дакуль усе перадумовы ня будуць рэальна выкананыя з боку рэжыму.

Я, праўда, ня думаю, што да гэтага можа дайсьці. Каб хтосьці там паспрабаваў скарыстаць кантэкст, сытуацыю, адарванасьць ад Беларусі, для таго, каб пасадзіць кагосьці за нейкі стол перамоваў.
Гэта немагчыма, таму што прыняты адпаведны мэмарандум, плятформа… Яны падтрыманыя ўсімі ўдзельнікамі кансультацыйнае нарады".

XS
SM
MD
LG