Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лістапада 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

На гэтым тыдні Эўрапейскі Банк рэканструкцыі й разьвіцьця апублікаваў справаздачу наконт эканамічнай сытуацыі ў посткамуністычных краінах Эўропы і былых савецкіх рэспубліках. Сёньня мы завяршаем агляд разьдзелаў справаздачы, прысьвечаных сучаснаму стану эканомікі ў Беларусі..

Як ужо адзначалася, паводле эканамічных парамэтраў Эўрапейскага Банку рэканструкцыі й разьвіцьця, Беларусь апынулася ў выніку палітыкі сучасных уладаў, на адным з апошніх месцаў сярод краінаў СНД. Ніжэйшыя паказчыкі мае толькі Таджыкістан.

Дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў у Беларусі не прывяло да скарачэньня інфляцыі, якая паміж верасьнем 98-га году і чэрвенем 99-га склала 400 адсоткаў. Нацыянальная грашовая адзінка – беларускі рубель, усё больш абясцэньваецца, у той час як доступ да канвэртаванай валюты застаецца абмежаваным. Спробы Нацыянальнага Банку ўвесьці адзіны курс рубля былі зьведзеныя на нішто крэдытаваньнем усіх галінаў эканомікі за кошт бюджэту.

Працэс прыватызацыі, распачаты ў 93-м годзе, у апошнія гады быў практычна спынены.

Паводле штогадовых эканамічных справаздачаў, – адзначаецца далей у дакладзе ЭБРР, – прамысловая вытворчасьць у першым квартале сёлета вырасла на 4 працэнты ў параўнаньні зь мінулым годам, але яна зьнізілася на 13 адсоткаў у параўнаньні з папярэднімі гадамі. Узаемная запазычанасьць прадпрыемстваў дасягнула напрыканцы 98-га году адзнакі ў 70 адсоткаў валавага нацыянальнага прадукту.

Сёлета ў сакавіку 40 адсоткаў усяе вырабленае прадукцыі заставалася на сховішчах прамысловых прадпрыемстваў. Агульныя страты прадпрыемстваў, паводле ацэнак ЭБРР, складаюць 27 адсоткаў. Беларуская прамысловасьць па-ранейшым спажывае вялікую колькасьць імпартаваных энэргарэсурсаў, асабліва гэта тычыцца газу, які пастаўляецца расейскім Газпрамам. У сакавіку 99-га году Газпрам паведаміў аб зьніжэньні коштаў для Беларусі з 50-і да 30 даляраў за тысячу кубамэтраў (што складае палову цаны газу, падаванага ва Украіну). Тым ня менш, запазычанасць за газ беларускага боку складае 300 мільёнаў даляраў.

Тым часам, узмацніўся адміністрацыйны кантроль над прыватным сэктарам эканомікі. У верасьні 99-га году, пасьля таго, як выйшаў указ Лукашэнкі аб перарэгістрацыі прыватных прадпрыемстваў, выявілася, што 17 адсоткаў такіх прадпрыемстваў не працавалі, альбо ўхіляліся ад падаткаў. У адпаведнасьці з працэдурай, прынятай сёлета ў сакавіку, большасьць фірмаў і банкаў павінныя прайсьці перарэгістрацыю да студзеня 2001-га году і пры гэтым павялічыць свой статутны капітал у адпаведнасьці з ростам мінімальных заробкаў для наёмных працаўнікоў. Гэта даволі цяжка зрабіць у краіне зь вялікім узроўнем інфляцыі і частым пераглядам мінімальных заробкаў. Указам усталяваная пэрсанальная адказнасьць уласьнікаў і акцыянэраў неплацежаздольных кампаніяў за пазыкі, што практычна зьнішчыла ў Беларусі агульнапрыняты прынцып абмежаванай адказнасьці.

Урад Беларусі, – адзначаецца далей у справаздачы ЭБРР, – працягвае практыку субсыдыяў неэфектыўнай сельскай гаспадаркі краіны. Аграрны сэктар Беларусі складаецца пераважна зь дзяржаўных гаспадарак і калгасаў, прыблізна 40 адсоткаў зь якіх маюць пазыкі. Крэдыты, прадастаўленыя сельскай гаспадарцы непасрэдна Нацыянальным Банкам, альбо праз камэрцыйныя банкі ў першай палове 99-га году, складаюць агулам 40 мільёнаў даляраў.

Прыватныя фермы працуюць значна больш эфэктыўна. Іхная доля ў вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1998 годзе склала 38 адсоткаў, хаця фэрмеры апрацоўваюць усяго адзін працэнт ворных земляў Беларусі.

Паводле Кодэксу законаў, прынятага ў студзені 1999 году, арганізацыі й фізычныя асобы маюць права набываць зямлю ва ўласнасьць, але купля-продаж зямельных участкаў магчымыя толькі з дазволу прэзыдэнта.

У пляны ўраду Беларусі, – гаворыцца далей ў справаздачы ЭБРР, – ўваходзіць продаж дзяржаўнага прадпрыемства сувязі Белтэлеком замежным інвэстарам праз конкурс, умовы якога былі абвешчаныя ў чэрвені 99-га году. Тэлефонная сувязь у Беларусі была абноўленая ды перайшла на аўтаматычнае абсталяваньне.

Між тым, сыстэма перадачы інфармацыі разьвітая ў Беларусі зусім слаба. Высокадасканалая сістэма сотавай тэлефоннай сувязі GSM была падключаная сёлета ў красавіку, дзякуючы дамове паміж дзьвюма дзяржаўнымі кампаніямі, якія маюць кантрольны пакет акцыяў, і швэйцарскім інвэстарам. Зьмена манапольнага становішча дзяржаўнай кампаніі Белсел, якая была дагэтуль адзіным апэратарам сотавай тэлефоннай сувязі ў Беларусі, адразу прывяла да значнага зьмяншэньня абанэнцкай платы.

У банкаўскім сэктары Беларусі па-ранейшым дамінуюць дзяржаўныя банкі, якія выкарыстоўваюцца як крыніца атрыманьня танных крэдытаў для розных галінаў, – адзначае ЭБРР. З дваццаці васьмі камэрцыйных банкаў, зарэгістраваных у Беларусі, сёлета працавалі ў лепшым выпадку 6. У чатырох зь іх дзяржава кантралюе 80 адсоткаў усіх укладаў. Невялікі рынак дзяржаўных каштоўных аблігацыяў (ДКА) быў амаль цалкам зьнішчаны ў выніку расейскага крызісу ў верасьні мінулага год. Страта банкаўскага сэктару Беларусі ў выніку крызісу ацэньваецца ў 70 мільёнаў даляраў. Паніжэньне ставак у далейшым прывяла да хуткага зьмяншэньня агульнага банкаўскага капіталаў у Беларусі з 240 мільёнаў даляраў да 110 мільёнаў.

Вынікам эканамічнай палітыкі ўладаў, канстатуе ЭБРР, у сацыяльнай сфэры сталася зьбядненьне людзей, асабліва тых, чыё існаваньне залежыць ад дзяржаўнай дапамогі. Агульны ўзровень жыцьця панізіўся, нягледзячы на рост ВНП. Колькасьць людзей, якія атрымліваюць (паводле афіцыйнага курсу) 90 даляраў на месяц, што лічыцца афіцыйнай мяжой беднасьці, павялічылася за год з 32-х адсоткаў насельніцтва да 44-х, паводле стану на восень 98-га году. Пэнсійныя выплаты, якія складаюць 10 адсоткаў ВНП, не перавышаюць 60 даляраў на месяц. І гэта пры тым, што пэнсіянэры складаюць палову ўсяго працаздольнага насельніцтва
Краіны, – пішуць аўтары штогадовай справаздачы ЭБРР у разьдзеле, прысьвечаным Беларусі.

На гэтым мы завяршаем агляд справаздачы Эўрапейскага Банку рэканструкцыі й разьвіцьця, апублікаванай на пачатку гэтага тыдня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG