Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лістапада 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні праект Закону аб нацыяналізацыі. У Беларусі сёньня й так амаль усё дзяржаўнае. Але нешта пакуль застаецца і ў прыватных руках. І ўлада распрацоўвае мэханізм таго, як гэтую ўласнасьць у прыватніка адабраць.

Нейкія абмежаваньні чыноўніцкіх апэтытаў ў праекце існуюць. Напрыклад, каб правесьці нацыяналізацыю канкрэтнае маёмасьці, неабходна прыняць адмысловы заканадаўчы акт. Ініцыятыва прыняцьця такога акту будзе належаць прэзыдэнту, ураду, парлямэнту ці групе грамадзянаў з 50 тысячаў чалавек. Але, калі казаць пра ўладу, якая існуе ў Беларусі сёньня, то няцяжка прадбачыць, што яна можа нацыяналізаваць усё, што заўгодна.

Паводле дакумэнту, нацыяналізаваць магчыма маёмасьць беларускіх грамадзянаў і юрыдычных асобаў, а таксама замежных юрыдычных асобаў.

Найбольш пікантна выглядае прыняцьце такога закону ў той час, калі афіцыйна абвешчаны курс на акцыянаваньне прадпрыемстваў. Складана ўявіць сабе інвэстара, які захоча скарыстацца магчымасьцю набыць у краіне нейкую маёмасьць, каб потым аддаць яе дзяржаве. Натуральна, ня проста так, а за кампэнсацыю. Праўда, яна будзе налічвацца ў разьліковых білетах Нацыянальнага банку Беларусі й толькі ў тым выпадку, калі прадпрыемства было замежным ці з замежнымі інвэстыцыямі. Да таго ж, ацэньваць кошт маёмасьці будзе тая ж самая дзяржава.

Вельмі цікавыя падставы для нацыяналізацыі. Яна можа быць зробленая паводле гэтак званае "грамадзкае неабходнасьці". Што такое "грамадзкая неабходнасьць" у Беларусі – таксама добра вядома.

Дакумэнт таксама тлумачыць, што нацыяналізацыя можа праводзіцца дзеля забесьпячэньня нацыянальнае бясьпекі, а канкрэтна – дзеля забесьпячэньня абароназдольнасьці, эканамічнае, экалягічнае ды інфармацыйнае бясьпекі.

Трэба адзначыць, што законы аб нацыяналізацыі існуюць у розных краінах. Але яны дзейнічаюць толькі ў выключных выпадках.

Віцэ-прэзыдэнт Зьвязу прадпрыймальнікаў Беларусі Аляксандар Патупа лічыць: "На Захадзе йснуе сыстэма гарантыяў, якія забясьпечваюць абарону правоў уладальніка маёмасьці. У выпадку нацыяналізацыі ён можа атрымаць кампэнсацыю нават большую за кошт страчанае маёмасьці. У Беларусі аніякіх гарантыяў няма. Таму няма й інвэстыцыяў. Закон аб нацыяналізацыі яшчэ больш пагоршыць становішча тых, хто нешта мае".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG