Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Гандляры рэчавых рынкаў шэрагу рэгіёнаў краіны правялі сёньня аднадзённы страйк. Аднак акцыя пратэсту прыватных прадпрыймальнікаў атрымалася не такой масавай, як на гэта разьлічвалі арганізатары.

Ініцыятарам сёньняшняга страйку гандляроў рэчавых рынкаў краіны выступіў Свабодны прафэсійны зьвяз прыватных прадпрыймальнікаў. Што стала прычынаю для акцыі пратэсту? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да аднаго зь лідэраў гэтага прафэсійнага зьвязу, які адначасова ўзначальвае суполку Свабоднага прафэсійнага зьвязу на менскім рэчавым кірмашы "Дынама", Леаніда Каліцені…

(Каліценя: ) "Першае. Тое, што не вырашаюцца нашыя патрабаваньні адносна зьмены пункту 1-22 дэкрэту прэзыдэнта №14. Зь верасьня цягнецца гэтая праблема, але дагэтуль няма рашэньня ў выглядзе канкрэтнага дакумэнта. Другое. Гэта пратэст супраць нядаўніх канфіскацыйных дзеяньняў уладаў на Камароўскім кірмашы. Апроч таго, прыватныя прадпрыймальнікі фактычна кожнага кірмашу маюць прэтэнзіі да мяйсцовых адміністрацыяў. Напрыклад, гандлярам "Дынама" дзён сем таму загадалі аплаціць дадатковую арэнду за люты, які даўно мінуў. Гэта атрымліваецца ў сярэднім на кожнага прадпрыймальніка – нас каля 4 тысячаў на "Дынама" гандлюе – па 30 даляраў".

Фактычна ўсе прадпрыймальнікі "Дынама" дружна прынялі ўдзел у сёньняшнім страйку. Часткова падтрымалі ініцыятыву Свабоднага прафэсійнага зьвязу гандляры некаторых іншых кірмашоў сталіцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, былі страйкі і ў іншых рэгіёнах краіны.

На думку ініцыятараў, акцыя пратэсту была б больш масавай, калі б яе падтрымаў другі прафэсійны зьвяз прыватных прадпрыймальнікаў – "Садружнасьць". Але той паставіўся да страйку нэгатыўна.

Як паведамілі нашаму радыё ў прафэсійным зьвязе прыватных прадпрыймальнікаў "Садружнасьць", іхнія сябры сьвядомага ўдзелу ў сёньняшняй акцыі ня бралі. Мая Сінайская, адна зь лідэрак "Садружнасьці", патлумачыла такія дзеяньні разыходжаньнямі з пазыцыяй Свабоднага прафэсійнага зьвязу:

(Сінайская: ) "Што мне гэты 14-ы дэкрэт. Ён страціў актуальнасьць. Зараз надзённы ліст Нацбанку, паводле якога нас могуць прымусіць раскрываць рахункі ў банках. Калі гэта адбудзецца, і нас пазбавяць права набываць тавары за наяўныя грошы, то ўзьнікне складаная праблема".

"Дзе я за безнаяўныя куплю што-небудзь?" – задала рытарычнае пытаньне Мая Сінайская. Прадстаўніца "Садружнасьці" мяркуе, што менавіта на гэтых кірунках варта найперш засяродзіць сёньня прадпрыймальніцкую ўвагу.

Такім чынам, навідавоку праблема кампрамісу. Мяркуючы з размоваў, бакі як быццам і ня супраць сесьці за стол перамоваў. У жыцьці ж, як засьведчылі падзеі сёньняшняга дню, два прафэсійныя зьвязы дзейнічаюць паводле іншага сцэнару.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG