Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лістапада 1999 г.


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

(эфір 10 лістапада)
У час, калі ў Менску па палітычных матывах з вучэльняў выкідаюць студэнтаў, у Наваполацку з вышэйшых навучальных установаў па тых жа матывах пачалі звальняць выкладчыкаў. Днямі з Полацкага Дзяржаўнага Унівэрсытэту быў звольнены выкладчык катадры філязофіі і культуралёгіі Уладзімер Антановіч.

Уладзімер Антановіч апрача выкладчыцкай дзейнасьці займаўся і дзейнасьцю праваабарончай, ачольваючы мяйсцовы інфармацыйна-прававы цэнтар Беларускага Незалежнага прафэсыйнага зьвязу. Згаданы цэнтар выдае бюлетэнь "Профінфо", у адным з нумароў якога была надрукаваная абвестка аб маючым адбыцца прафсаюзным мітынгу пратэсту. Паколькі славуты закон аб мітынгах прадугледжвае друкаваньне ў СМІ паведамленьняў пра падобныя акцыі за 5 дзён да іх правядзеньня, а ў згаданым выпадку абвестка зьявілася за 7 дзён, дык пракуратура атрымала магчымасьць паўшчуваць праваабаронцу.

Неўзабаве адбыўся і суд, хаця спадар Антановіч даводзіў судзьдзям, што бюлетэнь зьяўляецца ня сродкам масавай інфармацыі, але ўлёткай нутранога карыстаньня, друкаванай у некалькі дзясяткаў асобнікаў. Суд прысудзіў яму грашовую кару ў 150 мільёнаў рублёў. Уадначас на адрас Полацкага Дзяржаўнага Унівэрсытэту была пасланая папера дзеля прыняцьця адміністрацыйных захадаў да парушальніка закону.

Атрымаўшы паперу, рэктар ПДУ выклікаў да сябе загадчыка катадры і запатрабаваў пад любой нагодай звольніць спадара Антановіча з унівэрсытэту. І хаця загадчык катадры як мог абараняў калегу, але пад ціскам рэктарату Уладзімер Антановіч мусіў напісаць заяву аб звальненьні з працы.

Такім чынам Уладзімер Акцябрынавіч Антановіч зазнаў тое, што зазнаюць усе праваабаронцы ў нашай краіне. Ён застаўся бяз працы і цяпер чакае прыходу судовага выканаўцы, які мае апісаць частку хатняга майна ў кошт пагашэньня шматмільённага штрафу.

XS
SM
MD
LG