Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Вядомы беларускі мастак-авангардыст Алесь Пушкін атрымаў сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску абвінаваўчае заключэньне ў сваёй крымінальнай справе. Пушкіна абвінавачваюць у злосным хуліганстве й зьнявазе дзяржаўнае сымболікі. Працэс над ім пачнецца 24 лістапада.

Сьледзтва ў крымінальнай справе Алеся Пушкіна цягнулася тры месяцы, і яшчэ месяц матэрыялы справы ляжалі ў судзе.

Нагадаю, што мастак быў затрыманы міліцыяй 21 ліпеня, у дзень заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, каля будынку адміністрацыі. Тады сп. Пушкін прывёз і вываліў ля ганку рэзыдэнцыі Лукашэнкі вазок з гноем, дзяржаўнай сымболікаю, грашовымі знакамі й партрэтамі першага прэзыдэнта Беларусі. На гэтай кучы ляжала паперка з надпісам: "За пяцігадовую плённую працу".

Такім вось экстравагантным чынам, пры дапамозе мастацкага пэрформансу, Пушкін выказаў свае адносіны да асобы Лукашэнкі й той дзяржаўнай палітыкі, якую праводзіць кіраўнік Беларусі.

Мастака адразу ж затрымалі й даставілі ў міліцэйскі пастарунак, завялі крымінальную справу. На працягу некалькіх гадзінаў сп. Пушкіна дапытвалі: навошта ён прывез гной да важнага дзяржаўнага будынку, пасьля чаго выпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе.

За тыя тры месяцы, што цягнулася сьледзтва, сьледчы Ўладзімер Лазаровіч усяго некалькі разоў сустрэўся з мастаком і на падставе паказаньняў трох сьведак-міліцыянтаў склаў абвінаваўчае заключэньне.

Паводле гэтага дакумэнту, сп. Пушкін прызнаецца вінаватым у злосным хуліганстве з асаблівым цынізмам і абразе дзяржаўнай сымболікі. Па гэтых артыкулах Алесю пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Вось што паведаміў у інтэрвію нашаму радыё сам сп. Пушкін…

(Пушкін: ) "Я б гэта растлумачыў так: судзяць чалавевка, мастака за так. Проста адбыўся спэктакль, пэрфомэнс, не на тэатральных падмотках ці ў музычных залях, а ля грамадзкага дзяржаўнага будынка".

(Карэспандэнт: ) "На Вашую думку, чаму крымінальная справа перададзеная ў суд менавіта цяпер, калі ўлады зрабілі пэўныя паслабленьні апазыцыі?"

(Пушкін: ) "Мне здаецца, гэта проста такая бюракратычная машына. Напэўна ёсьць нейкія юрыдычныя нормы, напрыклад, спраўкі навесьці – тры месяцы, пасьля прысудзіць ужо на працягу месяца… І яны да гэтых тэрмінаў усё падганяюць. Гэта, напэўна, не зьвязана з нейкім ужэстачэньнем рэпрэсіяў".

Гэта быў падсудны мастак-авангардыст Алесь Пушкін.

Сёньня судзьдзя Ленінскага раённага суду Сяргей Хрыпач, які будзе весьці працэс над сп. Пушкіным, дапусьціў у якасьці грамадзкага абаронцы прадстаўніка праваабарончай арганізацыі "Вясна-96" Барыса Гюнтэра. Алеся Пушкіна таксама будзе абараняць прафэсыйны адвакат Ларыса Атаманчук.

Мастак не прызнае сябе вінаватым у прад'яўленых яму абвінавачваньнях, паколькі свой учынак лічыць не хуліганствам, а мастацкай акцыяй, і будзе настойваць на тым, каб суд прызначыў мастацкую экспэртызу ягонага пэрформансу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG