Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лістапада 1999 г.


Ёнас Лаўрынавічус, Вільня

(эфір 10 лістапада)
Сёньня ў Сэйме Літвы адбылася сустрэча паміж міжпарлямэнцкай групай Сэйму па сувязях зь Вярхоўным Саветам Беларусі 13-га скліканьня і дэлегацыяй Вярхоўнага Савета на чале з Сямёнам Шарэцкім.

Пад час сустрэчы абмяркоўваліся магчымасьці далейшага супрацоўніцтва парлямэнтаў абедзьвюх краінаў. Прадстаўнікі Беларусі паінфармавалі парлямэнцкую групу Сэйму Літвы (у гэту групу ўваходзяць 24 дэпутаты, а прысутнічалі на сустрэчы 15) аб унутры-палітычным, сацыяльным і эканамічным становішчы ў Беларусі, аб небясьпецы аб'яднаньня Беларусі і Расеі як для дзяржаўнасьці Беларусі, культуры і тоеснасьці беларускага этнасу, гэтак і для міжнароднае бясьпекі.

На сустрэчы таксама ішла гаворка пра тое, што ад парлямэнтароў суседніх краінаў беларускія дэмакраты чакаюць дзейснай дапамогі, і што, магчыма, пасьля саміту ў Стамбуле 18-19 лістапада групы па супрацоўніцтве парлямэнтаў Польшчы, Украіны, Беларусі, Літвы буддуць спрыяць далейшаму распаўсюджваньню дэмакратыі ў рэгіёне, спрыяючы дэмакратызацыйным працэсам у Беларусі.

Літоўскія парлямэнтары ня толькі са зразуменьнем слухалі гэтыя паведамленьні сваіх беларускіх калегаў, але й задавалі зацікаўленыя пытаньні.

Сёньня парлямэнцкая група Сэйма Літоўскай Рэспублікі па сувязях зь Вярхоўным Саветам Беларусі 13-га скліканьня апублікавала заяву аб дагаворы Рэспублікі Беларусь з Расейскай Фэдэрацыяй. У ёй адзначаецца, што 17 кастрычніка пад час дэманстрацыі апазыцыі супраць саюза Беларусі з Расеяй, зь яе ўдзельнікамі адбылася самая жорсткая расправа. У заяве гаворыцца, што Эўрапейскі Саюз і Літоўская Рэспубліка пасьлядоўна лічаць, што прававыя паўнамоцтвы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі скончыліся 20 ліпеня сёлета. Адзінай законнай уладай у Беларусі сёньня зьяўляецца Вярхоўны Савет 13-га скліканьня.

"Мы ўпэўненыя ў тым, што ідэя саюзу Расеі і Беларусі – гэта стратэгічнае дзяржаўнае пытаньне; такую дамову з Расейскай Фэдэрацыяй можа падпісаць толькі законная ўлада Беларусі, і яна, спадзяемся будзе абраная пад час чарговых выбараў у Вярхоўны Савет і прэзыдэнта Беларусі, і сфармуе пасьля законную выканаўчую ўладу краіны. Калі раней будуць прыкладацца намаганьні дзеля падпісаньня гэтай дамовы не чакаючы выбараў ды ігнаруючы волю народаў Расеі і Беларусі, дык такая дамова ня можав мець юрыдычнай сілы," – гаворыцца ў заяве парлямэнцкай групы Сэйма Літоўскай Рэспублікі па сувязях зь Вярхоўным Саветам Беларусі 13-га скліканьня.

(Шарэцкі: ) "Мы пачулі пазыцыю, якой прытрымліваецца Сэйм Літоўскай Рэспублікі ў адносінах да Беларусі, у прыватнасьці, да Вярхоўнага Савету Беларусі як адзінага легітымнага заканадаўчага, а цяпер ужо і наогул дзяржаўнага, органа на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Літоўскія дэпутаты вельмі добра разумеюць, што сытуацыя ў Беларусі вельмі моцна ўплывае і на бясьпеку Літоўскай Рэспублікі".

Кіраўнік парлямэнцкай групы Сэйма Літоўскай Рэспублікі па сувязях зь Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня Саўлюс Печалюнас на пытаньне, ці не паўплывае такая жорсткая пазыцыя літоўскіх дэпутатаў адмоўна на афіцыйныя адносіны Беларусі і Літвы сказаў:

(Печалюнас: ) "Я думаю – не. Кожны парлямэнтар вольны выказваць свавё бачаньне сытуацыі, і парлямэнтары многіх краінаў часта выказваюцца вельмі рэзка. Гэта ўжо нікога не здзіўляе, так прынята. Мы павінны вельмі дакладна сказаць, што нашая пазыцыя вельмі падобная, можа такая самая, як і Эўрапейскага Савета, мы прызнаем Рэспубліку Беларусь і прызнаем легітымны Вярхоўны Савет, вось сутнасьць усіх пытаньняў і ўсіх адказаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG