Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 11 лістапада 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня завершыўся візыт у Менск урадавае дэлегацыі Злучаных Штатаў на чале з сакратаром Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека й працы Гаральда Коў.

Дэлегацыя брала ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі ў юрыдычных гарантыях правоў чалавека й правяла шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў, у прадстаўніцтве АБСЭ, лідэрамі апазыцыі, праваабарончымі арганізацыямі й сем'ямі палітзьняволеных.

Візыт амэрыканскіх урадных чыноўнікаў адбыўся напярэдадні стамбульскага саміту АБСЭ й стаў своеасаблівай інспэкцыяй стану правоў чалавека ў Беларусі.

Афіцыйны Вашынгтон будзе працягваць палітыку выбарачных кантактаў у дачыненьні да Беларусі. Урад Злучаных Штатаў будзе захоўваць і пашыраць дачыненьні з дэмакратычнымі беларускімі сіламі, незалежнымі СМІ і няўрадавымі арганізацыямі.

Пра гэта сёньня, пасьля сустрэчы з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Мартынавым, заявіў Гаральд Хангжу Коў – сакратар Дзярдэпартаманту ЗША ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы:

(Коў: ) "Урад Злучаных Штатаў вельмі занепакоены сытуацыяй з правамі чалвека ў Беларусі, і ў часе сваіх прыватных сустрэчаў, а таксама пад час сустрэчаў з урадавымі чыноўнікамі, мы данесьлі гэтую заклапочанасьць і выказалі спадзеў, што сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі будзе палепшаная.

Вяртаньне амбасадара Спэкхарда не азначае спыненьне палітыкі выбарачных кантактаў. Для нармалізацыі двухбаковых стасункаў паміж нашымі краінамі неабходна, каб урад Беларусі зрабіў канкрэтныя крокі для таго, каб прытрымвацца прынцыпаў АБСЭ".

Гаральд Коў паведаміў, што амэрыканскі ўрад спыніў выдаткаваньне любой дапамогі ўраду Беларусі , за выключэньнем гуманітарнае дапамогі ўстановам аховы здароўя і адукацыі.

Выступаючы ўчора на канфэрэнцыі ў правох чалавека, зарганізаванай Цэнтрам у пытаньнях правоў чалавека і арганізацыяй "Праўная дапамога насельніцтву", амэрыканскі чыноўнік заявіў, што дачыненьні між Беларусьсю і ЗША ня змогуць быць нармалізаваныя, пакуль беларускі ўрад ня зробіць канкрэтныя дэмакратычныя крокі, якія павінны ўлучаць паляпшэньне сытуацыі ў чатырох базавых кірунках: свабода волевыяўленьня людзей, грамадзянская супольнасьць, вяршэнства закону ды інфармаванасьць грамадзянаў.

Сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў пытаньнях дэмакратыі заявіў, што "існуючы ў Беларусі рэжым абраў шлях удушэньня дэмакратыі. Легітымнасьць цяперашняе ўлады можа быць адноўленая справядлівымі й свабоднымі выбарамі. У Беларусі ж многія палітыкі, якія гавораць уладам праўду, рызыкуюць свабодаю і нават жыцьцём, адстойваючы дэмакратычныя прынцыпы". Сярод такіх палітыкаў амэрыканскі чыноўнік назваў былога прэм'ера Міхала Чыгіра, дэпутатаў Вярхоўнага Савету Анатоля Лябедзьку й Валерыя Шчукіна, лідэра Народнае Грамады Міколу Стакевіча, Сямёна Шарэцкага ды Зянона Пазьняка. Заклапочанасьць афіцыйнага Вашынгтону выклікаюць зьнікненьні Віктара Ганчара, Юрыя Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Тамары Віньнікавай: "Усе разам узятыя гэтыя арышты, зьнікненьні і ўцякацтвы значна згусьцілі атмасфэру страху, якая існуе ў Беларусі".

На танальнасьць выказваньняў Гаральда Коў афіцыйны Менск адрэагаваў тым, што прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ня быў прыняты ў адміністрацыі Лукашэнкі й кантакты з афіцыйнымі беларускімі структурамі абмежаваліся сёньняшняй сустрэчай у МЗС.

Разам з тым, Гаральд Коў выказаў спадзеў, што перамовы паміж уладамі й апазыцыяй пад эгідаю АБСЭ прынясуць плён:

(Коў: ) "Мы спадзяемся, што перамовы, якія цяпер адбываюцца пад эгідай АБСЭ, здолеюць прынесьці вырашэньне гэтых даўно узьнятых праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі. Цягам апошніх некалькіх тыдняў з боку беларускага ўраду назіраліся пэўныя крокі з мэтай паляпшэньня сытуацыі ў часе гэтага перамоўнага працэсу. Мы разьлічваем на тое, што гэты дыялёг будзе працягвацца, і што ён будзе і ў далейшым спрыяць паляпшэнью сытуацыі ў Беларусі і далейшаму прагрэссу ў гэтым кірунку. Урад Злучаных Штатаў лічыць, што будучыня Беларусі – у адзінай сям'і ўсіх эўрапейскіх народаў".

XS
SM
MD
LG