Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ўраніцу з аршанскай турмы быў адпушчаны на волю 75-ці гадовы Васіль Старавойтаў, які прабыў за кратамі два гады як крымінальнік.

Між тым, у сваім першым інтэрвію, дадзеным у сваім доме ў Мышкавічах Кіраўскага раёну, Старавойтаў зноў паўтарыў, што не прызнае сябе вінаватым і лічыць, што рэжым расправіўся зь ім у палітычных мэтах.

Старавойтаў выказаў словы ўдзячнасьці краінам АБСЕ, беларускай апазыцыі і ўсім хто за яго заступаўся. Былы старшыня калгасу "Расьвет" перакананы, што ягонае добрае імя будзе адноўленае, а ў краіне пераможа рынкавая гаспадарка. "Таму што нельга жыць у XXI стагодзьдзі паводле законаў XIV-га", – упэўнены Васіль Старавойтаў.

Схуднелым, сівым але не зламаным жыцьцёвымі пакутамі ўбачылі журналісты сёньня Васіля Старавойтава. Сустрэча адбылася ў хаце Старавойтавых у Мышкавічах, куды журналісты прыехалі з Воршы праз гадзіну пасьля таго, як у родны дом пасьпеў вярнуцца гаспадар.

Як мы й меркавалі напярэдадні, турэмныя ўлады зрабілі ўсё, каб тэлевізійшчыкі не засьнялі момант выхаду Старавойтава на волю – вязьня выставілі за вароты турмы яшчэ а восьмай гадзіне раніцы, хаця напярэдадні журналістам казалі, што адпусьцяць а дзесятай.

Але нічога. За час, пакуль мы даганялі Старавойтава, ён пасьпеў дома памыцца ў лазьні, пераапрануцца й вітаў нас шчырай усьмешкаю ў выдатным настроі. Калі б не глухі глыбокі кашаль, можна было б казаць, што перад намі былы Старавойтаў – руплівы, энэргічны й прынцыповы ў выказваньнях.

Ён адразу заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым, што стаў ахвяраю палітыкі, скіраванай на зьнішчэньне самастойнага селяніна.

Старавойтаву ня сорамна ані за сваю працу старшынём калгасу, ані за далейшыя рэформы. Ён і зараз упэўнены, што слушна зрабіў, калі ператварыў калгас "Расьвет" у акцыянэрную гаспадарку.

Вось як ацэньвае Старавойтаў вынік сваёй дзейнасці і дзейнасці тых, хто кінуў яго у турму…

(Старавойтаў: ) "Ніяка краху для мяне няма. Я лічу, што гэта будзе наступны этап, а не крах. Я нічога ня краў… Гэта памылка не мая, гэта памылка тых, хто даў такую каманду, Для іх – крах. Гэта для іх ганьба, для гэтага рэжыму. Я прыехаў у сваю вёску, а нікуду не ўцякаю…Яны будуць шкадаваць, што так зрабілі са мной. Вось так я расцэньваю. Таму я нічога не баюся".

З вялікай павагаю выказаўся Васіль Старавойтаў пра тых, хто дапамог яму пазьбегнуць куды больш жорсткага пакараньня, што ён не выключаў, калі яго толькі заарыштавалі. "Мне маглі даць і пяць гадоў, і болей, але ўмяшаліся краіны АБСЭ, дапамагла адвакатка Вера Страмкоўская, за мяне змагаліся нашыя апазыцыянэры і ў выніку мяне не расьціснулі, хаця Лукашэнка ставіў за мэту мяне раздушыць", – сказау Васіль Старавойтаў.

Ён зьбіраецца змагацца за сваё добрае імя на волі і ўпэўнены, што яшчэ ўбачыць перамогу рынкавых адносінаў на вёсцы, за што ён змагаўся і пацярпеў. "Таму што немагчыма у ХХІ стагодзьдзі жыць паводле законаў XIV-га стагодзьдзя", – тлумачыць сваю перакананасьць Старавойтаў. Яму, як ён сказаў, крыўдна, што аднавяскоўцы не асабліва яго падтрымалі пасьля арышту, але ён на іх не крыўдуе і далей зьбіраецца жыць тут, у Беларусі.

Шмат уражаньняў у Старавойтава аб беларускіх турмах, і асабліва ізалятарах. Пра ізалятар КГБ у Менску Старавойтаў узгадвае з жахам, там ён, паводле ягоных словаў, фізычна адчуваў, што з гэтых сьценаў вывезьлі тысячы людзей у Курапаты.

Ня надта лепш было сядзець у ізалятары ў Бабруйску і 8-й калёніі ў Воршы. Там сотні людзей зараз хварэюць на сухоты, дрэнна кормяць, вязьням не хапае сьвежага паветру. Старавойтаў узгадаў, што літаральна днямі ў калёніі ад недахопу кіслароду памёр вязень.

Натуральна, што кажучы пра гэтыя жахі Старавойтаў часта выкарыстоўваў слова "рэжым", маючы на ўвазе ня толькі турэмны.

Васіль Старавойтаў не выключае магчымасьці даць публічную прэсавую канфэрэнцыю, калі журналісты выявяць да гэтага цікавасьць. Вось толькі ён ня ведае, дзе, акрамя дому, яе праводзіць. Справа ў тым, што хаця Васіль Канстантынавіч і вызвалены, але з адзнакаю ў даведцы – "пад наглядам". Такім чынам, кожны свой крок ён мусіць узгадваць з уладамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG