Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 10 лістапада 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Напярэдадні саміту АБСЭ ў Стамбуле тэма чачэнскага канфлікту займае ўсё больш істотнае месца ў заявах палітыкаў і паведамленьнях сродкаў масавай інфармацыі. Сёньня нямецкая газэта "Frankfurter Allgemeine" зьмясьціла заяву былога дарадцы прэзыдэнта ЗША Картэра ў справах бясьпекі Зьбігнева Бжэзінскага, які лічыць, што расейскія войскі маюць намер з блізкай адлегласьці зьнішчыць дзясяткі тысячаў чачэнскіх жаўнераў, якія блякаваныя ў неселеных пунктах.

Спачатку – пра тое, як рэагуе на падзеі ў Чачні заходняя прэса.

Сёньня карэспандэнт газэты "New York Times" Майкл Гардон зьвяртае ўвагу на рашэньне расейскага ураду забараніць усялякі гандаль з Чачнёй і палёты над тэрыторыяй рэгіёну. Прыводзяцца тлумачэньне прэм'ера Уладзімера Пуціна, які бачыць у гэтым спосаб спыніць кантрабанду зброі і пранікненьне, як ён выказаўся, "ісламскіх тэрарыстаў" у гэты рэгіён Каўказу.

Аднак гэта, піша Майкл Гордан, праўдападобна толькі павялічыць пакуты мірнага насельніцтва, якое ўжо вымушана перажываць налёты расейскай авіяцыі і артылерыйскія абстрэлы.

Вышэйназваныя захады расейскага ўраду зробленыя за тыдзень да саміту ў Стамбуле, дзе, паводле назіральнікаў, праблема Чачні зойме калі ня самае цэнтральнае, дык адно з галоўных месцаў.

"New York Times" адзначае, што, заняўшы ў выніку шасьцітыднёвай апэрацыі траціну чачэнскай тэрыторыі і падыйшоўшы непасрэдна да Грознага, расейскія гэнералы ўзмацняюць ціск на палітычнае кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі ў імкненьні ўвайсьці ў сталіцу Чачні.

Вяртаючыся да эканамічнай блякады Чачні, "New York Times" адзначае, што цяпер кожны водаплаў, які зойде ў порт Махачкалы (Дагэстан), будзе абшуквацца.

Як вядома, учора прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Джэймс Рубін заявіў, што Расея не выконвае абавязкаў, якія зафіксаваныя ў Жэнэўскіх канвэнцыях 1949 году ў справе вядзеньня баявых дзеяньняў, дзе гэта тычыцца мірнага насельніцтва. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША выказаў надзвычайную заклапочанасьць ў сувязі з сумнеўным неразборлівым ваеннай сілы. Нарэшце, занепакоенасьць сытуацыяй у Чачні выказаў і прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

Аднак, падкрэсьлівае "New York Times", няма ніякіх прыкметаў таго, што Расея прыслухалася да засьцярогаў і што Крэмль зьбіраецца спыніць ваенную апэрацыю. Наадварот, прысутнасьць вайсковызх падразьдзяленьняў вакол Чачні павялічваецца. Вялікае ўвага надаецца і словам расейскага прэм'ера Пуціна, які даў зразумець, што паміж заходняй фінансавай дапамогай і перамогай ваеннай сілы на Каўказе выбярэ апошняе.

"New York Times" адзначае, што адзін зь нешматлікіх расейскіх палітыкаў, які насьмеліўся заклікаць Крэмль да перамоваў – гэта Гыгоры Яўлінскі. І тут будзе дарэчы сказаць пра рэакцыю, якую выклікалі міратворчыя прапановы лідэра "Яблока" і праваабаронцаў у некаторых расейскіх газэтах. Сёньняшні нумар маскоўскай "Независимой газеты" зьмяшчае некалькі артыкулаў, пафас якіх палягае ў водпаведзі прыхільнікам перамоўнага спосабу вырашэньня чачэнскага канфлікту.

Тэма распачынаецца артыкулам галоўнага рэдактара Віктара Трацьцякова, які, мімаходзь заявіўшы, што "ахвяраў сярод мірнага насельніцтва Чачні нікому знайсьці ня ўдалося", крытыкуе Яўлінскага за – цытую – "імкненьне спыніць расейскую армію і пасадзіць за стол перамоваў расейскіх гэнералаў, якія пасьпяхова наступаюць" – канец цытаты.

Ігнаруючы палітычную аксыёму, што прафэсіяналізм палітыка тым вышэйшы, чым больш ён здольны пазьбегчы крывавага вырашэньня канфлікту, Трацьцякоў робіць наступную выснову. Ізноў цытата: " Яблоко" патрэбна расейскай палітыцы дзеля таго, каб у выпадку ўзмацненьня аўтарытарызму мабілізаваць рэшткі інтылегенцыі за выключэньнем тых, хто адразу ж пачне гэтаму аўтарытарызму служыць. Але да кіраваньня дзяржавай, а асабліва ягонай унутранай і зьнешняй палітыкай, "Яблоко" нельга падпускаць на адлегласьць гарматнага стрэлу". Канец цытаты.

У той жа самай "Независимой газете" зьвяртае на сабе ўвагу артыкул Натальлі Айрапэтавай пад красамоўным назовам "Другой праваабарончай рэвалюцыі ў Расеі ня будзе", які выкліканы ўчарашняй прэсавай канфэрэнцыяй расейскіх праваабаронцаў. Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што маюць факты, якія, цытую, "могуць сьведчыць пра тое, што тэракты ў Маскве былі зьдзейсьненыя альбо самімі расейскімі спэцслужбамі, альбо паводле іхняга заказу" (канец цытаты), і што з пачатку цяперашняй ваеннай апэрацыі ў Чачні загінула каля 5 тысячаў мірных жыхароў.

Адно з самых сур'ёзных абвінавачваньняў аўтаркі артыкулу ў тым, што (цытую) "словы і справы шмат якіх абаронцаў правоў чалавека ў нашай краіне супадаюць з пазыцыяй заходніх дзяржаваў".

Я прашу прабачэньня ў слухачоў за колькасьць цытатаў, але не магу не прывесьці яшчэ адну.

"Як толькі Расея пачынае вырашаць нейкае істотнае для сабе пытаньне ва ўнутранай альбо зьнешняй палітыцы, ці то ў Чачні, ці то ў Югаславіі, ці то ў Беларусі – адразу ж пачынаецца зялёны праваабарончы шум, зь якога грамадзтва мае права зрабіць выснову: паколькі яны ў чарговы раз крычаць "Нельга!" – значыць, менавіта гэта і трэба рабіць".

Вялізная частка артыкула прысьвечаная крытыцы праваабаронцаў за тое, што яны зьвярнуліся да Ельцына з заклікам "выкарыстаць усе магчымыя спосабы палітычнага і эканамічнага ціску на беларускае кіраўніцтва, каб антычалавечая практыка зьнікненьня людзей была спыненая" і публічна асудзіць прынятыя ў Беларусі мэтады змаганьня з апазыцыяй.

"Независимая газета" называе праваабаронцаў людзьмі, якія ўсім надакучылі.

Сярод гэтых праваабаронцаў – Ларыса Багараз, якая ў дзень уводу савецкіх танкаў у Прагу ў 1968 годзе выйшла з пратэстам на Красную плошчу, сьвятар Глеб Якунін, які шмат гадоў правёў у вязьніцах, Сяргей Кавалёў, які зьяўляецца намінантам Нобелеўскай прэміі міру. У адрозьненьні ад маскоўскай "Независимой газеты", заходняя прэса часта называе іх "сумленьнем Расеі".

XS
SM
MD
LG