Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 9 лістапада)
Сацыяльны эфэкт эканамічнага курсу Лукашэнкі, нягледзячы на абвешчаныя сёньня досыць аптымістычныя пляны на наступны год, відавочны. Пра сацыяльна-эканамічную дэградацыю насельніцтва можна меркаваць нават паводле афіцыйных дакумэнтаў. Напрыклад, са зьмешчаных сёньня ў дзяржаўным друку паказьнікаў мінімальных спажывецкіх бюджэтаў вынікае, што імклівае зьбядненьне грамадзянаў Беларусі працягваецца.

Мінімальны спажывецкі бюджэт – гэта мінімальная сума грошай, якая неабходная чалавеку для фізычнага выжываньня. Паводле ўрадавага дакумэнту, беларуская сям'я з чатырох асобаў павінна мець па 19 мільёнаў 900 тысяч рублёў на кожнага, каб на працягу месяца забясьпечыць сьціплае існаваньне.

Няцяжка падлічыць, што такой сям'і патрэбен штомесяцовы агульны прыбытак амаль у 80 мільёнаў рублёў. Пры меншай суме, паводле меркаваньня спэцыялістаў, асоба дэградуе. У прыватнасьці, скарачэньне чалавекам колькасьці харчаваньня або зьніжэньне яго якасьці спрычыняецца да фізычнага зьнясіленьня арганізму.

Між тым, сярэдні заробак у краіне, паводле афіцыйных зьвестак, складае каля 22 мільёнаў рублёў. Ён пераўзыходзіць мінімальны спажывецкі бюджэт сярэднестатыстычнага члена сям'і прыблізна на 15 адсоткаў.

Што гэта азначае? Гаворыць загадчык сэктару сацыяльна-эканамічнага аддзелу Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў Віктар Скрыпчанка.

(Скрыпчанка: ) "Любы чалавек зь ліку працаздольнага насельніцтва можа пракарміць толькі сябе і ўсяго 15 адсоткаў у яго застаецца на асобаў, што знаходзяцца на яго ўтрыманьні. Калі, напрыклад, сям'я з чатырох асобаў мае двух дарослых, якія працуюць, і двух дзяцей, што знаходзяцца на іх утрыманьні, дык, скажам, дзецям застаецца ад заробкаў бацькоў толькі 30 адсоткаў ад сярэдняй зарплаты ў краіне.

Рытарычна задаваць пытаньне, ці дастаткова для нармальнага жыцьця сёньняшніх заробкаў. Вось чаму большасьць грамадзянаў пачынае эканоміць на харчаваньні, на адзеньні, на леках і гэтак далей".

Асабліва бядотнае становішча зараз у вёсцы. Заробкі вяскоўцаў складаюць толькі дзьве трэці ад мінімальнага спажывецкага бюджэту. Ніжэй гэтага ўзроўню знаходзяцца таксама даходы працаўнікоў аховы здароўя, культуры, сацыяльнае сфэры.

Дарэчы, афіцыйныя паказьнікі згаданага бюджэту былі падлічаныя ўрадавымі экспэртамі, зыходзячы зь верасьнёўскіх цэнаў. Але за два апошнія месяцы цэны істотна вырасьлі. Вось чаму незалежныя спэцыялісты лічаць урадавую распрацоўку састарэлай.

З другога боку, урад, як стала вядома прафэсійным зьвязам, сьвядома скажае сацыяльныя стандарты жыцьця насельніцтва. Да прыкладу, у праграме разьвіцьця краіны на 2000 год фігуруе тарыфная стаўка першага разраду ў чатыры з паловаю мільёны рублёў. У Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў лічаць гэты паказьнік памылковым. Віктар Скрыпчанка працягвае:

(Скрыпчанка: ) "Па нашым разьліку тарыфная стаўка павінна складаць ня меней 8 мільёнаў 100 тысяч рублёў. Гэта азначае, што рэальнага павышэньня заробкаў у наступным годзе не прадбачыцца".

XS
SM
MD
LG