Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Паўтары месяцы – такі тэрмін вызачыў сёньня Аляксандар Лукашэнка дзеля навядзеньня парадку ў грашова-крэдытнай і банкаўскай палітыцы краіны. Пад час нарады з банкірамі, дзе была пастаўленая гэтая задача, апошнія былі папярэджаныя, што за невыкананьне разьлічацца ўласнымі пасадамі.

Як вынікае з выступу Лукашэнкі, рост цэнаў у краіне, а таксама інфляцыя, дэвальвацыя і нават адсутнасьць інвэстыцыяў – ёсьць прамы вынік нездавальняючага функцыянаваньня айчыннае банкаўскае сыстэмы й заганнае дзейнасьці некаторых яе прадстаўнікоў.

Лукашэнка распарадзіўся ўжо ў бліжэйшы час выправіць гэтыя заганы, а таксама спыніць раскраданьне валютнае выручкі, мэханізмы якога, паводле ягоных словаў, яму добра вядомыя.

Гэткая танальнасьць лукашэнкавае прамовы прагназавалася банкаўскімі экспэртамі. Маштабны фінансавы крызыс у краіне патрабуе тлумачэньня і выпраўленьня.

Наступствы гэтага крызысу адчуваюцца зараз у кожнай сфэры й на кожным кроку. У прыватнасьці, выканаўчай уладзе не хапае шасьці з паловаю трыльёнаў рублёў, каб разьлічыцца ў зарабках.

У яшчэ болей вострай форме недахоп фінансавых сродкаў адчуваецца ў вонкавых сувязях Беларусі. 265 мільёнаў даляраў – запазычанасьць расейскаму "Газпраму". 100 мільёнаў даляраў Беларусь завінавацілася расейскім і летувіскім пастаўшчыкам электраэнэргіі.

У штодзённы галаўны боль для Лукашэнкі ператварылася забесьпячэньне краіны нафтаю. Нарэшце, дзяржава мае змрочную пэрспэктыву паглыбленьня фінансавага крызысу, паколькі мяркуемыя закупкі двух з паловаю мільёнаў тонаў збожжа за мяжою запатрабуюць дадатковых трох-чатырох соцень мільёнаў даляраў.

Між тым, як лічаць назіральнікі, Лукашэнка спадзяецца выйсьці сухім з вады. Банкаўскія рэсурсы й грашова-крэдытная палітыка набываюць у зьвязку з гэтым першаступеннае значэньне.

Што тычыцца банкіраў, то ў іх былі свае спадзяваньні на сёньняшнюю сустрэчу. Прычым, дыямэтральна супрацьлеглыя, чым у Лукашэнкі.

Банкіры спадзяваліся знайсьці ў яго абарону ад празьмерных фінансавых апэтытаў дзяржавы. Рэч у тым, што з крэдытных установаў беларускія банкі фактычна ператварыліся ў касы дапамогі. Сёлета дзясяткі трыльёнаў банкаўскіх рэсурсаў на загад зьверху былі скіраваныя на фінансаваньне аграрнага комплексу.

У выніку банкі аказаліся спустошанымі й цяпер многія зь іх ня ў стане весьці прыбытковую дзейнасьць. Сёньняшняя нарада ў Лукашэнкі засьведчыла, што й надалей станоўчых пераменаў тут ня прадбачыцца.

XS
SM
MD
LG