Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Зь сёньняшняга дню падвышаны кошт праезду ў менскім мэтро. Цяпер пасажыры за разавы жэтон павінны плаціць 20 тысячаў рублёў. Але ці паўплывае такая высокая (паводле беларускіх меркаў) цана праезду на якасьць працы сталічнае падземкі?

Сёньня ўраніцу цягнікі менскага мэтро йшлі напаўпустыя, чаго раней ніколі не было. Наадварот, у гадзіны пік трапіць у вагон мэтро зь першага разу надзвычай складана. У такі час на некаторых станцыях людзей зьбіраеца столькі, што яны ня могуць зьмясьціцца на плятформе і заўжды йснуе пагроза таго, што нехта з пасажыраў апынецца на рэйках.

Для многіх жыхароў гораду разавы праезд у 20 тысячаў рублёў проста не па кішэні, і дабірацца на працу гэтыя людзі вырашылі наземным транспартам, кошт якога застаўся ранейшым (10 тысячаў).

Вядома, што сабекошт грамадзкага транспарту ў любой краіне даволі высокі, і ў Беларусі таксама. У заможных краінах праезд адпавядае рэальным выдаткам на транспарт, у больш бедных ён залежыць ад сярэдняй зарплаты грамадзянаў. А ў Беларусі падобна на тое, што чыноўнікі падымаюць тарыфы, калі палічаць патрэбным.

Цяпер цана праезду ў менскім мэтро стала больш адпавядаць бюджэтным выдаткам на гэты від транспарту, хаця, паводле словаў начальніка сталічнага мэтрапалітэну Мікалая Андрэева, да выраўноўваньня цаны з сабекоштам яшчэ вельмі далёка.

Тым ня менш, начальнік мэтро лічыць, што гэты крок гарадзкога выканаўчага камітэту абсалютна слушны, бо менчукі, маўляў, і так карыстаюцца падземкаю амаль бясплатна. Ён таксама мяркуе, што якасьць працы ягонае гаспадаркі даволі высокая і асаблівых праблемаў тут няма.

Аднак бальшыня пасажыраў лічаць па-іншаму. Мала таго, што дзьве лініі ня могуць справіцца зь вялікай плыньню пасажыраў, але й вельмі часта ў мэтро здараюцца розныя аварыі.

Так, толькі на мінулым тыдні мэтрапалітэн не працаваў цэлую гадзіну з-за таго, што на адным з перагонаў у цягніку пачаўся пажар і выратавальнікі былі вымушаныя выводзіць людзей зь мейсца аварыі прама па тунэлю. А больш дробныя здарэньні (кшталту спазьненьня цягнікоў) адбываюцца амаль штодзённа.

Да 1995 году розных здарэньняў і аварыяў у менскім мэтро было значна менш. Сытуацыя зьмянілася пасьля страйку мэтрапалітэнаўцаў, жорстка падаўленага ўладамі. Нагадаю, што пасьля таго страйку Аляксандар Лукашэнка асабіста даў загад кіраўніцтву мэтрапалітэну звольніць усіх арганізатараў і актыўных удзельнікаў акцыі пратэсту бяз права аднаўленьня іх на працы.

А гэта былі найбольш прафэсыйныя машыністы, рамонтнікі ды іншыя спэцыялісты. Замест іх набіралі людзей, якія ня мелі аніякага досьведу працы ў мэтро, і падобна на тое, што не набылі яго за мінулыя чатыры гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG