Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 1999 г.


Вольга Караткевіч, Менск

10 лістапада Каардынацыйная Рада Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў прыняла заяву, у якой заклікае ўсіх работнікаў наёмнае працы правесьці 22 сакавіка 2000 году папераджальны страйк, маршы пратэсту й мітынгі з галоўным патрабаваньнем: правядзеньне свабодных і дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў пад кантролем Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе.

Ініцыятары масавых маштабных акцыяў 22 сакавіка наступнага году заяўляюць, што рабочы кляс Беларусі выступіць з палітычнымі патрабаваньнямі. "Спробы прафэсійных зьвязаў наладжваць дачыненьні з уладамі ў духу сацыяльнага партнэрства згубілі сэнс", – гаворыцца ў заяве Каардынацыйнае Рады Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў. – "Таму толькі палітычная акцыя можа прымусіць улады адказаць на патрабаваньні працоўных".

Паводле словаў прэзыдэнта Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў Віктара Бабаеда, распрацаваны дэталёвы плян падрыхтоўкі да 22 красавіка – супрацоўніцтва з прадстаўнікамі дэмакратычных прафэсійных зьвязаў, інфармаваньне грамадзкасьці, праца на прадпрыемствах, праверка магчымасьцяў мяйсцовых арганізацыяў.

Віцэ-прэзыдэнт Кангрэсу Марыя Аліева падкрэсьліла, што Аляксандар Лукашэнка зрабіў усё, каб выпіхнуць прафэсійныя зьвязы на палітычнае поле.

Варта нагадаць, што даміноўнымі патрабаваньнямі адной з самых масавых ацыяў прафсаюзаў – 27 студзеня 1999 году – былі патрабаваньні эканамічныя. Ці сапраўды працоўныя гатовыя да палітычнае барацьбы? Адказвае прэзыдэнт Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў Віктар Бабаед.

(Бабаед: ) "Сярод працоўных вельмі часта, калі я бываю на нейкім прадпрыемстве, абавязкова бываю на рабочых месцах – дык лёзунг "далоў Луку!" лунае ў паветры, і нехта некалі яго вымавіць".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Віктар, вы адзначылі, што Кангрэс Дэмакратычных прафсаюзаў найбольш церпіць ад уладаў. Ці можаце Вы прывесьці нейкія сьвежыя выпадкі?"

(Бабаед: ) "Самая буйная непрыемнасьць у нас адбываецца на Менскім аўтамабільным заводзе. Там на нейкай надуманай падставе юрысты нешта капаюцца і не прызнаюць прафсаюз, дзе больш за паўтары тысячы сябраў".

Віктар Бабаед дадаў, што ў рабочым асяродку ня вераць у плён перамоваў з уладамі. Дыялёг магчымы толькі пры выкананьні патрабаваньняў – выкананьні тарыфнага пагадненьня, падвышэньні ўзроўню жыцьця й лібэралізацыі функцыянаваньня прафэсійных зьвязаў.

Падрыхтоўчая праца да акцыі зьвязаў 22 сакавіка можа выклікаць рэпрэсіі супраць актывістаў руху. Пра мэханізмы абароны сваіх сябраў гаворыць віцэ-прэзыдэнт Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў Віктар Івашкевіч.

Віктар Івашкевіч таксама адзначыў, што цалкам рэальны мэханізм уціску на беларускія ўлады з боку міжнароднае супольнасьці – у выпадку перасьледу лідэраў прафэсійных зьвязаў. Міжнародныя сувязі беларускіх дэмакратычных прафэсійных зьвязаў дазваляюць гаварыць пра тое, што супраць афіцыйнага Менску могуць быць уведзеныя эканамічныя санкцыі.

Што да формаў пратэсту пад час акцыі 22 сакавіка – гэта могуць быць вулічныя пратэсты й маршы, страйкі, проста пазыцыя кожнага чалавека, выказаная на сваім рабочым мейсцы.

XS
SM
MD
LG