Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Заўтра з аршанскай турмы павінен выйсьці на волю былы старшыня акцыянэрнага таварыства "Расьвет" Васіль Старавойтаў, двухгадовы тэрмін зьняволеньня якога сканчаецца 11 лістапада. Наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч зьвязаўся па тэлефоне з жонкаю Старавойтава Валянцінай Мікалаеўнай. Аказалася, што напярэдадні вяртаньня Старавойтава дадому пра гэтую сям'ю ўзгадалі ня толькі журналісты, але й супрацоўнікі судовае сыстэмы.

Паводле йснуючых правілаў, чалавека, які адбыў пакараньне, павінны выпусьціць з турмы адразу пасьля завяршэньня тэрміну і ў тым паселішчы, дзе ён сядзеў. Таму сваякі Васіля Старавойтава й журналісты, якія жадаюць яго сустрэць, зьбяруцца заўтра побач з брамаю ўстановы "УЖ-15-8" як мага раней. Аднак існуе верагоднасьць, што беларускія ўлады паспрабуюць сарваць гэтую сустрэчу. Прыкладам, згодна з крыніцаю, што працуе ў варшанскай турме, Старавойтава вывезуць у Магілеў ці ў іншы горад і там вызваляць з-пад варты.

У гэта можна паверыць, калі ўзгадаць, як два гады таму ўлады выпускалі на волю журналіста расейскае тэлекампаніі "ОРТ" Паўла Шарамета – адвезлі далей ад ізалятара й толькі побач з домам зьнялі кайданкі. А якога варыянту заўтрашніх падзеяў чакае жонка Васіля Старавойтава Валянціна Мікалаеўна? Сёньня я зьвязаўся зь ёй па тэлефоне. Вось якімі думкамі й пачуцьцямі падзялілася жанчына:

(Старавойтава: ) "Мы вельмі чакаем гэтага дня, вельмі. Гэтыя два гады, цяжкасьці некуды дзеліся, наступіла нейкае супакаеньне што чалавек вернецца дамоў, у свой дом".

(Карэспандэнт: ) "Але заўтра ж можа быць усякае. Да нас даходзіць інфармацыя, што мугуць нават у Магілеў яго завезьці. Чаго Вы чакаеце?"

(Старавойтава: ) "У мене такое пачуцьцё, што яго адпусьцяць, таму што, калі так, калі яны баяцца прэсы, тэлебачаньня, гэта – ім мінус. Чалавека яны павінны адпусьціць".

(Карэспандэнт: ) "Я ведаю, што два дні таму ў Вас нешта адбылося, да Вас прыязжалі, мэблю вывозілі. Не маглі б Вы расказаць аб гэтым?"

(Старавойтава: ) "Судовы выканаўца прыехаў з панятымі, забралі тое, што апісалі яшчэ тады, калі арыштавалі Васіля Канстантынавіча, каштоўныя рэчы, бібліятэку, каштоўныя кнігі перапісалі і забралі. Забралі спальню, буфет, тэлевізар. Яшчэ – дываны, посуд".

(Карэспандэнт: ) "А як Вы патлумачыце тое, што гэта было зроблена менавіта перад вызваленьнем Васіля Канстантынавіча, чаму не раней?"

(Старавойтава: ) "Яны ня справіліся ў судзе, так мне гаварылі".

(Карэспандэнт: ) "А Васіль Канстантынавіч і Вы, не зьбіраецеся пасьля зьехаць з Беларусі?"

(Старавойтава: ) "Такога пытаньня мы не абмяркоўвалі".

Гэта была Валянціна Старавойтава, жонка славутага калгаснага старшыні, які заўтра выходзіць з турмы на волю.

Нагадаю, у траўні Васіль Старавойтаў быў прызнаны судом вінаватым у раскраданьні дзяржаўнае маёмасьці, злоўжываньнях службовым становішчам і атрымаў два гады турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Гэтыя два гады Старавойтаў правёў большай часткаю ў сьледчых ізалятарах Менска й Бабруйска, а даседжваў у Воршы.

Ён не зьвяртаўся ў вышэйшыя судовыя інстанцыі і да прэзыдэнта з апэляцыяй ці з хадайніцтвамі аб памілаваньні. Старавойтаў яшчэ на судзе заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым па бальшыні абвінавачваньняў, але не спадзяецца на справядлівы прысуд, бо гэта безсэнсоўна.

"Яны зьбіраюцца згнаіць мяне ў турме", – казаў ён на працэсе. Пра тое, як улады абыходзіліся са Старавойтавым пад час ягонага зьняволеньня, мы, магчыма, хутка даведаемся ад яго самаго.

XS
SM
MD
LG