Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Сёння Нямеччына сьвяткуе 10-я ўгодкі падзеньня Бэрлінскага муру, сымбалю падзелу Нямеччыны і Эўропы на працягу амаль трох дзесяцігодзьдзяў. Менш чым праз год пасьля падзеньня гэтага муру адбылося мірнае ўзьяднаньне Нямеччыны. Цяпер 80 мільённая аб'яднаная нацыя , як адзначае сёньня газэта "International Herald Tribune" , адчувае сябе якарам стабільнасьці і цешыцца сяброўскімі адносінамі з усімі суседзямі – мабыць, упершыню ў сучаснай гісторыі.

Ніколі яшчэ за мінулыя дзесяць гадоў Нямеччына не сьвяткавала 9 лістапада так урачыста. Як трыўмфатары былі вітаныя у Бэрліне тры сусьветныя лідэры: былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, былы нямецкі канцлер Гельмут Коль і былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, чыя пазыцыя дзесяць гадоў таму паспрыяла падзеньню сьцяны. Прызнаючы, як шмат азначала разбурэньне Бэрлінскага муру для Эўропы, Міхаіл Гарбачоў, тым ня менш, адзначыў, што ён 10 гадоў таму спадзяваўся на надыход яшчэ большых пераменаў. "Так, Эўропа больш не падзеленая, – адзначыў Гарбачоў, – прынамсі не падзеленая ў старым сэнсе. Аднак, пакуль ніхто ня можа назваць яе адзінай ва ўсіх сэнсах слова".

Былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сёньня сярод іншага зьвярнуў увагу на тое, якое значэньне тады адыгралі салідарнасьць і ўзаемаразуменьне трох лідэраў: "Вяртаючыся да падзеяў дзесяцігадовай даўніны, я думаю, ня будзе самахвальствам сказаць, што ў пэўнай меры рэчы зьмяніліся так, як яны зьмяніліся, а менавіта – супрацьстаяньне супэрдзяржаваў скончылася літаральна без адзінага стрэлу, Бэрлінскі мур паў і Нямеччына аб'ядналася на прынцыпах міру і дэмакратыі, – у значнай меры гэта сталася дзякуючы таму, што лідэры сьвету ведалі адзін аднаго, і, я ўпэўнены, Гельмут Коль пагодзіцца, усе мы трое паважалі адзін аднаго," – адзначыў Джорж Буш, выступаючы сёньня ў Бундэстагу.

Згадаем, што Бэрлінскі мур быў пабудаваная ў 1961 годзе паводле загаду тагачаснага ўсходненямецкага лідэра Вальтэра Ульбрыхта і з дазволу савецкіх уладаў. Мур даўжынёю 155 кілямэтраў і вышынёй 3,5 мэтры акружыў Заходні Бэрлін ды ізаляваў, бы на воставе 2,200 тысяч жыхароў заходняй часткі Бэрліну. Гэтым самым камуністычныя ўлады імкнуліся прадухіліць масавыя ўцёкі ўсходніх немцаў на Захад. Да ўзьвядзеньня муру, з 1945 па 1961 гады звыш палутара мільёнаў высока-кваліфікаваных спэцыялістаў перайшлі ў заходнюю частку гораду, што мела адчувальны ўплыў на эканоміку Усходняй Нямеччыны.

Сьцяну з вартаўнічымі будкамі, бы ў канцэнтрацыйным лягеры, ахоўвалі ўзброеныя вайскоўцы з сабакамі. Яны атрымалі загад страляць ў кожнага, хто паспрабуе ўцякаць на Захад і ня раз стралялі. Мяркуецца, што было застрэлена каля тысячы чалавек, аднак пяці тысячам чалавек ўсё роўна ўдалося ўцячы на Захад.

У верасьні-кастрычніку 89-га году прайшла хваля масавых акцыяў усходніх немцаў з патрабаваньнямі рэформаў, свабоды перамяшчэньня, быў адпраўлены ў адстаўку камуністычны лідэр Эрых Гонэкер. 7-8 лістапада пайшло ў адстаўку усё палітбюро разам з урадам ГДР. 9 лістапада, роўна дзесяць гадоў таму, было абвешчана пра адкрыцьцё Бярлінскага муру.

Тысячы людзей хлынулі ў заходнюю частку гораду, танцавалі, пілі шампанскае на злашчаснай сьцяне і затым голымі рукамі яе разабралі.

Сёньня на ўрачыстасьцях ў Бэрліне праходзяць канцэрты з удзелам Мсьціслава Растраповіча, рок-гурту "Скорпьёнс", цырымонія на мосьце Глінікэр, на якім ў гады "халоднай вайны" адбываўся абмен шпіёнаў. Цэнтральная імпрэза прайшла ў перабудаваным будынку нямецкага Рэйхстагу.

На урачыстай цырымоніі выступілі цяперашні канцлер ФРГ Шрэдэр, былы канцлер Коль, былы прэзыдэнт ЗША Буш, былы савецкі лідэр Гарбачоў і старшыня парлямэнту Нямеччыны Цірзэ. У большасьці прамоваў адзначалася тая асаблівая роля, якую адыграў у лёсе Нямеччыны Міхаіл Гарбачоў. Ён меў ўсе шанцы не дапусьціць падзеньня муру: тады ва Усходняй Нямеччыне знаходзіліся 300 тысячаў савецкіх вайскоўцаў, якія, аднак, атрымалі загад заставацца ў казармах. Рэакцыя савецкіх войскаў вельмі адрозьнівалася ад дзеяньняў ў 1956 годзе, калі яны жорстка здушылі паўстаньне ва Усходняй Нямеччыне.

Учора вечарам, ў часе прыватнай урачыстасьці ў службовай віле нямецкага прэзыдэнта ў Бэрліне, Ёганнэс Раў ў прысутнасьці канцлера Шрэдэра ўручыў Міхаілу Гарбачову найвышэйшую, дзяржаўную ўзнагароду Нямеччыны – Вялікі Крыж за заслугі выключнай важнасьці. Ён атрымаў узнагароду за "выдатны ўклад ў абьяднаньне Нямеччыны".

Вось як заслугу Гарбачова акрэсьліў сёньня старшыня нямецкага парлямэнту Вольфганг Цірзэ: "Міхаіл Гарбачоў зь яго палітыкай перабудовы і яго палітыкай непрыняцьця ціску ва ўсходнім блёку можа узяць цалкам на свой рахунак гэтую мірную трансфармацыю. Дзякуючы яго палітыцы, умовы тады кардынальна адрозніваліся ад папярэдняга дзесяцігодзьдзя. Ваш уклад у аб'яднанне Нямеччыны, Міхаіл Гарбачоў, назаўсёды застанецца у памяці і сэрцах немцаў," – адзначыў сёньня на урачыстасьцях у Бэрліне Вольфанг Цірзэ.

Выбар прамоўцаў на юбілейнай урачыстасьці выклікаў, тым ня менш, некаторае зьдзіўленьне і разчараваньне ва Усходняй Нямеччыне. "На Захадзе забываюцца, што гэта ўсходнія немцы адыгралі ключавую ролю ў аднаўленьні свабоды," – заявіў прэм'ер зямлі Мэклембургія-Заходняя Памэранія былы нямецкі дысыдэнт Гаральд Рынгсторф. Былы нямецкі дысыдэнт і дэпутат парляманту Вера Ленгсфэльд назвала выбар вядучых герояў урачыстасьці "гратэскнай". Паводле слоў лідэра хрысьціянскіх дэмакратаў Бідэнкопфа, "Коль, Буш і Гарбачоў шмат зрабілі для аб'яднаньня Нямеччыны, але працэс распачаў сам народ ва ўсходняй частцы краіны, які пераадолеў ў сабе страх".

Трэба адзначыць, што цяперашнія ўрачыстасьці праходзяць на фоне судовых працэсаў супраць былых памежнікаў і камуністычных палітыкаў былой ГДР. Многія зь іх апынуліся ў турме. Былыя сябры ўраду ГДР не былі запрошаныя на святкаваньні ў Бэрліне.

XS
SM
MD
LG