Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Эўрапейскі Банк рэканструкцыі і разьвіцьця апублікаваў учора сваю штогадовую справаздачу. У ёй даецца ацэнка эканамічным посьпехам посткамуністычных краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, а таксама былых савецкіх рэспублік, у тым ліку Беларусі.

Эўрапейскі Банк рэканструкцыі і разьвіцьця, сядзіба якога знаходзіцца ў Лёндане, адна з найбольш шанаваных фінансава-эканамічных арганізацыяў у сьвеце. І аналітычныя ацэнкі ягоных экспэртаў заўсёды даволі дакладныя. Да іх прыслухоўваюцца ва ўрадах паасобных краінаў і ў сусьветных арганізацыях, такіх як Эўрапейскі Зьвяз, Рада Эўропы, Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў, Міжнародны Валютны Фонд і інш. І ня толькі прыслухоўваюцца, але й бяруць іх у якасьці каардынатаў фінансава-эканамічнай палітыкі заходняга сьвету ў дачыненьні да той ці іншай посткамуністычнай краіны.

Вось чаму сёлетні даклад Эўрапейскага Банку рэканструкцыі і разьвіцьця ва ўсім сьвеце чакалі з адпаведнай нецярплівасьцю і спадзяваньнямі.

Спецыяльны раздзел справаздачы прысьвечаны Беларусі. Але перад тым, як дэталёва расказваць пра тое, як ацэньваюць міжнародныя экспэрты вынікі гаспадарчай палітыкі беларускіх уладаў у паасобных галінах, адзначым, як жа выглядае Беларусь на фоне іншых посткамуністычных краінаў.
Па-першае, і гэта самае галоўнае, экспэрты ЭБРР адзначаюць, што ў Беларусі, як і ў шэрагу іншых краінаў Усходняй Эўропы сёлета адбылося скарачэньне валавога нацыянальнага прадукту, але калі ў бальшыні гэтых краінаў у 2000 годзе ёсць добрыя пэрспэктывы пераадоленьня эканамічнага крызысу, дык, калі гаспадарчая палітыка беларускіх уладаў не зьменіцца, крызыс ў Беларусі будзе паглыбляцца.

Усе краіны рэгіёну экспэрты ЭБРР ацэньваюць у наступных галінах: працэнт спрыватызаванага сэктару гаспадаркі, ход працэсу прыватызацыі на мікра- і макра-ўзроўнях, магчымасьць атрыманьня прыбытку для прыватных кампаніяў, ход працэсу лібэралізацыці цэнаў, палітыка ў галіне замежнага гандлю і абменнага курсу нацыянальнай валюты, стварэньне ўмоваў для роўнай канкурэнцыі, правядзеньне банкаўскай рэформы і палітыка ў галіне банкаўскіх уліковых ставак і бясьпекі замежных інвэстыцыяў.

Дык вось ва ўсіх гэтых галінах кожная з 26 краінаў рэгіёну ацэньвалася па пяцібальнай шкале. І адразу мушу адзначыць, што ніводная з краінаў не атрымала ні ў воднай галіне самую высокую ацэнку – пяцёрку. Але ёсьць чацьвёркі з плюсам. Так, напрыклад, Польшча і Славенія атрымалі чацьвёркі з плюсам за выкананьне сваіх прыватызацыйных праграмаў, Латвія высока ацэненая за палітыку ў галіне замежнага гандлю, Эстонія – за стварэньне новай банкаўскай сыстэмы.
А што ж Беларусь? Калі ўмоўна параўноўваць яе ацэнкі з ацэнкамі школьніка, дык яна – выразны двоечнік. З васьмі паказчыкаў, паводле якіх экспэрты Эўрапейскага банку ацэньвалі стан беларускай гаспадаркі, ў чатырох катэгорыях Беларусь атрымала самы нізкі з магчымых балаў – 1.

Менавіта так, вельмі нэгатыўна ацэненыя вынікі палітыкі беларускіх уладаў у галіне малой прыватызацыі, рэструктурызацыі прамысловасьці, замежнага гандлю і станаўленьня новай банкаўскай сыстэмы. На двойку з мінусам ацэненыя посьпехі Беларусі ў галіне лібэралізацыі цэнаў, і самыя "высокія" ацэнкі (двойкі) атрымала палітыка беларускіх уладаў у галіне макра-прыватызацыі, стварэньня ўмоваў для роўнай канкурэнцыі і ў галіне банкаўскіх уліковых ставак і бясьпекі замежных інвэстыцыяў.

Прыгадаю на заканчэньне, што – гэта самыя нізкія ацэнкі з усіх 26 склясыфікаваных краінаў. Іх можна параўнаць толькі з ацэнкамі Таджыкістану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG