Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня пад час пашыранага паседжаньня ўраду разглядаліся два асноўныя эканамічныя дакумэнты, паводле якіх краіна мяркуе жыць у наступным годзе. Міністар фінансаў Мікалай Корбут зрабіў даклад адносна праекту бюджэту на наступны год, а міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў распавёў пра прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця.

Два асноўныя эканамічныя дакумэнты, ў адрозьненьне ад тых, што былі прынятыя на сёлетні год, не зьяўляюцца празьмерна аптымістычнымі. Напрыклад, летась плянавалася, што рост валавага нутранога прадукту складзе 3-4 адсоткі, а ў 2000 годзе, паводле прагнозу, ён будзе складаць 1-2 адсоткі.

Аптымістычна выглядае ўзровень інфляцыі. На наступны год ён заплянаваны на ўзроўні 5-6 адсоткаў за месяц. Сёлета плян складаў 5-6 адсоткаў, але, паводле афіцыйных зьвестак, ён склаў 10 адсоткаў.

Цікавая сытуацыя з курсам беларускага рубля адносна даляру. Паводле зьвестак ураду, зараз ён складае 320 тысячаў рублёў за даляр, а у 2000 годзе будзе 460-470 тысячаў. На "чорным" рынку даляр ужо сёньня каштуе каля 700 тысячаў рублеў, а ў гандлёвых фірмах ён яшчэ вышэйшы.

Паводле словаў міністра фінансаў Мікалая Корбута, бюджэт на наступны год больш жорсткі, чым быў сёлета. Дэфіцыт яго будзе складаць 1,7 адсотка ад валавага нутранога прадукту. Плянуецца, што крэдытная эмісія будзе адносна невысокай і складзе 76 трыльёнаў рублеў.

Дарэчы, Міжнародны Валютны Фонд прапаноўваў яшчэ больш скараціць эмісію і абмежавацца 50 трыльёнамі. Аднак Мікалай Корбут лічыць такое рэзкае скарачэнне эмісіі проста немагчымым. Хутчэй за ўсё, Беларусь чакае вялікая грашовая эмісія, якая будзе зробленая неафіцыйна, пры правядзеньні дэнамінацыі.

Усе гэтыя праекты сьведчаць пра тое, што ўрад за апошні год страціў значную частку свайго былога аптымізму. Калі эканоміка ў такім стане, як у Беларусі сёньня, то закладваць у прагноз значныя лічбы росту было б проста сьмешна.

Аднак усё можа зьмяніцца – на прыканцы тыдню часовы прадстаўнік Лукашэнкі ва ўрадзе – Аляксандар Пласкавіцкі – будзе прадстаўляць дырэктыву сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця.

XS
SM
MD
LG