Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Улады цьвердзяць, што ўзімку насельніцтва Беларусі будзе цалкам забясьпечанае прадуктамі харчаваньня. Але заявы чыноўнікаў часта разыходзяцца з рэчаіснасьцю. Апошнім часам людзі ня раз мелі магчымасьці пераканацца ў гэтым.

Капуста, морква, бульба й цыбуля памерам з кулак, сокі, некалькі гатункаў алею, пюрэ й джэмаў…

Не, гэта не асартымэнт менскіх крамаў. Згаданае вышэй – тое, што паказвалі сёньня журналістам супрацоўнікі аб'яднаньня "Мінскаблгароднінагас". Паводле словаў супрацоўнікаў прадпрыемства, такі асартымэнт ёсьць сёньня ў кожнае краме.

Пра тое, як суадносяцца заявы чыноўнікаў з рэчаіснасьцю, сьведчыць рэпліка намесьніка старшыні менскага вабласнога выканаўчага камітэту Андрэя Сумара. Пабачыўшы экспазыцыю, ён не ўтрымаўся ад рэплікі: "Такога ня ўсюль пакаштуеш". Гэтыя словы – абвяржэньне ўсяму, што казалі далей адказныя чыноўнікі зь менскага вабласнога выканкаму й міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня.

Андрэй Сумар, як перад начальствам, адрапартаваў журналістам пра тое, што Менск і вобласьць забясьпечваюцца прадуктамі харчаваньня на добрым узроўні, і што ўзімку становішча не пагоршыцца: неабходныя аб'ёмы прадуктаў харчаваньня ўжо набытыя, напаўняльнасьць стабілізыцыйных фондаў складае блізу 100 адсоткаў.

Рэгіёны Беларусі, сапраўды, выконваюць плян паставак у Менск. У той жа час, паводле намесьніка міністра сельскае гаспадаркі Пятра Буціна, у правінцыі існуюць праблемы з харчаваньнем. Так, мясных вырабаў не стае ў Менскай і Магілёўскай вабласьцях, малочных – у Віцебскай. Чыноўнікі тлумачаць прычыны гэтага сёлетнім неўраджаем.

Медыкі цьвердзяць: штогод шэраговаму жыхару Беларусі дзеля нармалёвага разьвіцьця неабходна ўжываць 124 кіляграмы гародніны, 85 кіляграмаў садавіны й 170 кіляграмаў бульбы. У сапраўднасьці ж гародніны ўжываецца на 34 кіляграмы менш, а садавіны – увогуле толькі 40.

Што да праблемы забесьпячэньня харчаваньнем, дык грамадзяне даўно не спадзяюцца на дзяржаву. Бальшыня жыхароў гарадоў і мястэчак набываюць харчаваньне ў прыватных гандляроў. Вырабы прыватнікаў больш якасныя, ды й кошты на іх значна ніжэйшыя, чым у дзяржавы. Таму міні-рынкі, што стыхійна зьяўляюцца ля буйных крамаў, сталі звыклай прыкметаю нашага часу.

Ну, а гандлёвыя кропкі, дзе некалі гандлявалі ўраджаем з палёў ды цяпліцаў, перажываюць зьмену профілю. Іхныя плошчы аблюбавалі бізнэсоўцы. Ля майго дому знаходзіцца крама "Садавіна, гародніна". Пры ўваходзе пакупніка вітаюць паліцы са сьпіртовымі напоямі й таварамі замежнае вытворчасьці. А для садавіны й гародніны адведзена асобнае мейсца – у канцы гандлёвае залы, у кутку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG