Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Міністэрстве транспарту Беларусі падпісанае міжурадавае пагадненьне з Латвіяй аб выкарыстаньні Беларусьсю партовай ды іншай транспартнай інфраструктуры гэтае краіны. Цяпер да беларускіх перавозчыкаў пры дастаўцы грузаў у порты Латвіі будуць скарыстоўвацца такія ж тарыфы, як і да іхных латвійскіх калегаў.

У адрозненьне ад некаторых іншых суседзяў Беларусі, Латвія нават у часы асаблівага абвастрэньня адносінаў паміж Захадам і Лукашэнкам імкнулася захоўваць даволі высокі ўзровень супрацоўніцтва. У апошні час яна стала для Беларусі другой па велічыні (пасьля Расеі) зонаю, празь якую нашая краіна ажыцьцяўляе экспарт сваіх тавараў. У той час, як беларускі экспарт у Расею зьнізіўся на траціну, у Латвію плынь нашых тавараў павялічваецца.

У Беларусі праходзяць "Дні латвійскага бізнэсу", для ўдзелу ў якіх у Менск прыбыла дэлегацыя ўрадавых чыноўнікаў і бізнэсоўцаў на чале з былым першым кіраўніком незалежнае Латвіі, цяперашнім міністрам транспарту Анатолем Гарбуновым. Галоўная мэта візыту – падпісаньне міжурадавага пагадненьня аб выкарыстаньні латвійскіх партоў і транспартнай інфраструктуры беларускімі перавозчыкамі.

Чаму ж Рыга нагэтулькі зацікаўленая ў падпісаньні гэтае дамовы, што гатовая браць зь беларусаў такую ж плату за правоз грузаў, як і са сваіх грамадзянаў? Вось думка на гэты конт прэзыдэнта беларускага фонду "Стратэгія" Леаніда Заікі:

(Заіка: ) "Цяпер вядзецца канкурэнтавая барацьба за выкарыстаньне портаў на Балтыцы. Аб'ектамі гэтае барацьбы зьяўляюцца латвійскі порт Вэнтспілс, летувіская Клайпеда й расейскі Калінінград.

Дарэчы, падчас нядаўняга візыту Лукшэнкі ў Калінінградзкую вобласьць ён абяцаў, што беларускі таварапаток пойдзе менавіта праз гэты расейскі порт.

Аднак урад Латвіі аказаўся больш спрытным і прадаставіў нашае краіне больш выгодныя ўмовы. І пры гэтым латышы маюць даволі значны прыбытак, паколькі нават па нутрылатвійскіх расцэнках перавозка аднае тоны грузу каштуе 19 даляраў.

Латышы проста зразумелі, што, калі рызыкнуць цяпер, прадаставіўшы беларусам такія ільготныя ўмовы, то выйграюць у будучыні, апярэдзіўшы летувіскіх і расейскіх канкурэнтаў.Так што, на маю думку, падпісаньне пагадненьня паміж Беларусьсю й Латвіяй – абсалютна нармальны рынкавы крок, узаемавыгодны для абодвух бакоў", – паведаміў сп. Заіка.

Угэтай сытуацыі цікавым падаецца той факт, што беларускія ўлады пры ўсёй сваёй антызаходняй і прарасейскай рыторыцы пайшлі на падпісаньне такой дамовы з Латвіяй, а не з Расеяй. І гэта пры тым, што ў Маскве вялікія сябры беларускага лідэра (кшталту Лужкова ці Жырыноўскага) ўжо даўно заклікалі ўвесьці эканамічнае эмбарга ў адносінах да Латвіі за так званае парушэньне ўладамі гэтае краіны правоў расейскамоўнага насельніцтва.

На думку прэзыдэнта фонду "Стратэгія" сп. Заікі, справа тут ня ў зьмене адносінаў Лукашэнкі да Расеі. Проста эканоміка дыктуе свае ўмовы, і беларускі лідэр ня можа зь імі не лічыцца. Беларусь не такая заможная краіна, каб са стратамі для сябе працягваць гнаць грузы праз калінінградзкі порт толькі з-за асаблівых адносінаў паміж Менскам і Масквою.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG