Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня менскія гарадзкія ўлады паведамілі, што не дазваляюць Маладому Фронту праводзіць 14 лістапада акцыю "Прабег Свабоды". Сёньня ж Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі падаў у Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне 24 лістапада ў Менску акцыі "Ланцуг Свабоды". Акцыя пратэсту будзе прымеркаваная да ўгодкаў прэзыдэнцкага рэфэрэндуму.

Заяўку на першую пасьля падзеяў 17 кастрычніка масавую акцыю пратэсту падалі сёньня адразу тры апазыцыйныя партыі – Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, Беларуская Сацыял-дэмакратычная партыя "Народная Грамада", а таксама Аб'яднаная Грамадзянская партыя.

Акцыя, прызначаная на 24 лістапада, носіць назву "Ланцуг Свабоды" і прымеркаваная да 3-годзьдзя прэзыдэнцкага рэфэрэндуму, а таксама да падісаньня ў лістападзе чарговае хаўруснае дамовы. Лёзунгі, пералічаныя ў заяўцы, адпаведныя: "Ганьба канстытуцыйнаму перавароту 24 лістапада", "Свабоду палітвязьням" і г.д. Цікава, што арганізатары акцыі пратэсту выступаюць за перамоўны працэс з афіцыйнымі ўладамі і патрабуюць аднаўленьня ў эфіры "Радыё 101,2" і спыненьня перасьледу незалежных газэтаў.

Сутнасьць акцыі ў тым, што некалькі тысячаў чалавек (у заяўцы пазначана 2 тысячы), трымаючыся за рукі, утвораць жывы ланцуг ад пляцу Якуба Коласа да вуліцы Валгаградзкай. У заяўцы форма правядзеньня акцыі вызначаная як пікет.

Арганізатараў не засмучае неспалучальнасьць словаў "Ланцуг" і "Свабода": яны лічаць, што беларусамі можа быць пасьпяхова скарыстаны досьвед краінаў Балтыі, якія ў свой час будавалі жывыя ланцугі ад Вільні да Таліна.

Намесьнік старшыні БНФ (пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі) Вячаслаў Сіўчык паведаміў нашаму радыё:

(Сіўчык: ) «Тры гады таму пад выглядам рэфэрэндуму і пры непасрэдным удзеле расейскіх лідэраў Чарнамырдзіна, Селязьнёва, Строева адбыўся разгон легітымных органаў улады. Зараз над Беларусяй навісла пагроза страты незалежнасьці. Такім чынам, месцам правядзеньня пікету на тэму гадавіны падзеяў 96-га году і пагрозы незалежнасьці, можа быць толькі галоўны праспэкт сталіцы, скіраваны ў маскоўскім напрамку. Пачатак пікета – 15 гадзін, заканчэньне – 19 гадзін».

Зусім ня факт, лічыць Вячаслаў Сіўчык, што менскія гарадскія ўлады дадуць дазвол на акцыю. Сёньня стала вядома, што Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіў Маладому Фронту ў правядзеньні «Прабегу свабоды», які меўся адбыцца ў гэтую нядзелю, 14 лістапада. У Менгарвыканкаме палічылі, што прабег будзе перашкаджаць руху транспарту па кальцавой дарозе. Вячаслаў Сіўчык ня выключыў, што гарадзскія улады паспрабуюць забараніць акцыю 24 лістапада:

(Сіўчык: ) «Магчымая адмова даць дазвол на пікетаваньне, альбо зацягваньне з адказам паслужыць на саміце АБСЭ ў Стамбуле аргумэнтам супраць гатоўнасьці ўладаў Беларусі ісьці на паляпшэньне палітычнага клімату».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG