Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск


У адпаведнасьці з даручэньнем Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі патрабуе ад кіраўнікоў Злучаных Штатаў Амэрыкі, Расеі і Вялікабрытаніі выкананьня іхных абавязкаў у справе абароны незалежнасьці Беларусі.

У звароце, перададзеным 9 лістапада ў амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі, Вялікабрытаніі і Расеі, Сямён Шарэцкі прапануе Білу Клінтану, Тоні Блэру і Барысу Ельцыну разгледзець два пытаньні – пра іхныя абавязкі ў справе абароны незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і пра пагрозу, што ўяўляе сытуацыя ў Беларусі для міру й бяспекі ў сьвеце. Узнікае пытаньне: чаму тры лідэры менавіта цяпер павінныя займацца беларускімі справамі?

5 год таму пад час саміту АБСЭ, які праводзіўся напрыканцы 1994 годў у Будапэшце, кіраўнікі ЗША, Расеі і Вялікабрытаніі падпісалі Мэмарандум аб прадастаўленьні Беларусі гарантыяў бясьпекі. Варта ўзгадаць, што тады такія гарантыі былі дадзеныя дзьвюм краінам былога СССР – Беларусі і Ўкраіне.

У той час канчаткова вырашылася пытаньне пра правапераемнасьць іх у адносінах да Дамовы аб скарачэньні наступальных узбраеньняў і аб няраспаўсюджваньні ядравай зброі. У падзяку Менску і Кіеву, якія добрахвотна адмовіліся ад ядравай зброі, і быў прыняты Мэмарандум. Згодна зь ім ЗША, Расея і Вялікабрытанія ўзялі на сябе сумесныя абавязкі паважаць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь.

Сяньня, на думку Вярхоўнага Савету, прыйшоў час выконваць гэтыя абавязкі. Як адзначаецца ў лісьце Шарэцкага, "так званая хаўрусная дамова, якую былы прэзыдэнт Лукашэнка зьбіраецца падпісаць з Расеяй, накіраваная на інкарпарацыю Беларусі ў іншую дзяржаву насуперак нормаў міжнароднага права, паколькі ліквідацыя ў Беларусі дэмакратычных інстытутаў пазбавіла беларускі народ магчымасьці самастойна вырашаць свой лёс".

Ад імя Вярхоўнага Савету, як адзінага легітымнага воргана ўлады ў Беларусі, ягоны старшыня прапануе выканаць той параграф Мэмарандуму, у якім гаворыцца пра кансультацыі ў выпадку ўзнікненьня пытаньняў адносна выкананьня гарантыяў.

Паколькі гэтыя абавязкі былі ўзятыя пад час саміту АБСЭ ў Будапэшце, сп. Шарэцкі прапануе правесьці ўзгаданыя кансультацыі на бліжэйшым такім жа форуме ў Стамбуле. Прычым, адбыцца яны павінны без Лукашэнкі і ягоных прадстаўнікоў. Са свайго боку, Вярхоўны Савет гатовы накіраваць паўнамоцнага прадстаўніка дзеля удзелу ў абмеркаваньні гэтае праблемы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG