Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Чэчэнскае кіраўніцтва а таксама заходнія лідэры ўсё настойлівей дамагаюцца ад Масквы заканчэньня ваеннай апэрацыі ў Чачні, ў выніку якой церпіць перш за ўсё цывільнае насельніцтва. Аднак, падахвочаныя некаторымі посьпехамі прэм'ер Ўладзімер Пуцін і камандаваньне расейскай арміі ня хочуць слухаць пра ніякія мірныя перамовы з Грозным.

Учора прэзыдэнт Ічкэрыі Аслан Масхадаў чарговы раз заклікаў лідэраў з ўсяго сьвету, ў тым ліку прэзыдэнта ЗША і краіны-члены АБСЭ, паспрыяць заканчэньню канфлікту і, як ён выказаўся, "генацыду" чэчэнскага народу. Паводле ягоных ацэнак ад пачатку расейскай апэрацыі агулам загінула каля 4-х тысяч чалавек. "Я гатовы да любых перамоваў, якія могуць прывесьці да да заканчэньня баёў," – сказаў ён.

Масхадаў напісаў ў лісьце прэзыдэнту Клінтану, што чэчэнскі народ ускладае вялікія спадзяваньні на Вашынгтон, што той ужыве свайго уплыву дзеля абароны правоў чалавека. У лісьце на імя ўдзельнікаў канфэрэнцыі АБСЭ ў Істамбуле Масхадаў адзначыў, што прэм'ер Расеі Пуцін павінен стаць перад судом за забойствы цывільнага насельніцтва. У інтэрвію тэлекампаніі МТV Масхадаў адзначыў, што нават Савецкаму дыктатару Сталіну не ўдалося падпарадкаваць сабе чэчэнскі народ, і не удасца гэта Пуціну.

Шэраг заходніх лідэраў заклікалі Расею знайсьці палітычную разьвязку канфлікту і выказалі занепакоенасьць вялікай колькасьцю ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва а таксама гуманітарнай трагедыяй уцекачоў. У прыватнасьці, знайсьці палітычную разьвязку канфлікту заклікаў ў тэлефоннай гутарцы свайго расейскага калегу Іванова міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Кук.

Ў адказ на апошні заклік чэчнскага кіраўніка Пуцін заявіў, што ня ўлічвае магчымасьці пасярэдніцтва замежных лідэраў ў перамовах з Масхадавым, пакуль той "падтрымоўвае тэрарызм". "Масхадаў можа сабе накіроўваць свае заклікі да каго заўгодна, нават да Рымскага Папы, але пакуль ён падтрымоўвае тэрыстаў, ніхто ня будзе размаўляць зь ім," – сказаў Пуцін. Прэм'ер падкрэсьліў, што хутчэй падасьць ў адстаўку, чымся спыніць наступ ў Чачні.

Не спрыяюць заканчэньню канфлікту і настроі сярод камандаваньня расейскай арміяй. Адзін з гэнералаў заявіў, што быў бы расчараваны, калі б атрымаў загад спыніць наступ. "Я хутчэй сарву пагоны і перайду на цывільную службу, бо я не хацеў бы больш служыць ў такой арміі," – заявіў гэнерал-маёр Уладзімер Шаманаў. "Масхадаў сам сябе паставіў па-за перамоўным працэсам і ня будзе зь ім ніякіх перамоваў, пакуль Чачня служыць базай для тэрарыстаў," – сказаў намесьнік начальніка генштабу ўзброеных сілаў Расеі Валеры Манілаў.

У мінулыя выхадныя вялікі рэзананас выклікала публікацыя ў газэце "Московский Комсомолец", ў якой паведамлялася пра рознагалосьсі паміж камандзёрамі арміі і Крамлём ў пытаньні вайны ў Чачні. Газэта напісала, што прэзыдэнт Ельцын прыняў пастанову аб заканчэньні вайны ў Чачні, і што ўжо гатовы ўказ аб адстаўцы прэм'ера Пуціна. Ў адказ на гэтыя чуткі міністар абароны Сяргееў і начальнік гэнеральнага штабу ўзброеных сілаў Расеі Квашнін апублікавалі сумесную заяву. Яны заявілі, што паміж вайсковым і палітычным кіраўніцтвам няма ніякіх рознагалосьсяў, і ўсе спробы пасеяць ў грамадзтве сумнеў асуджаныя на правал.

Незважаючы на ўсе заклікі з боку кіраўніцтва Чачні і замежных лідэраў, няма ніякіх прыкметаў заканчэньня ці хаця б зьмякчэньня ўзброенага канфлікту. Учора агенцтва "Associated Press" паведаміла пра налёты на жыльлёвыя кварталы Грознага. На галоўнай сталічнай вуліцы Аўтарханава бачна вялізныя варонкі. Ня менш за дзесяць чалавек загінулі ў выніку ўчорашніх атакаў на жыльёвыя кварталы ў паўднёвых прыгарадах Грознага, аточанага расейскімі сіламі.

Расейскі бок пацьвердзіў, што на розныя аб'екты ў Чачні ўчора выпушчана як мінімум 100 ракетаў. Яны, ў прыватнасьці, атакавалі вёскі Ведзяно, Шатой, Бамут ды Ітум-Кале. Уцекачы з Сернаводску паведамілі, што расейская авіяцыя збамбавала гэты гарадок, хаця не было там ні сьледу ўзброеных людзей. Палкоўнік Варанцоў сказаў, што ягоныя сілы кантралююць горны хрыбет, які ўзвышаецца над горадам Гудэрмэс. "Расейцы прынялі тактыку атакаваць цывільнае насельніцтва ракетамі і бомбавымі з самалётаў, якіх мы ня можам зьбіць," – заявіў адзін з чэчэнскіх камандзёраў Шаміль Басаеў. Ён адзначыў, што ў выніку налётаў гіне вельмі мала маджахедаў, затое іхныя шэрагі папаўняюцца ўсё новымі людзьмі.

У міжчасе працягваецца трагедыя чэчэнскіх уцекачоў, колькасьць якіх дасягнула 200 тысячаў чалавек. Міністар ў надзвычайных сытуацыях Расеі Шойгу заявіў, што зараз памежны пераход ў суседнюю Інгушэтыю адкрыты, і што ранейшае закрыцьцё мяжы было "непаразуменьнем". Тым ня менш, сытуацыя перамешчаных асобаў драматычная, і толькі кожны дзесяты уцякач знайшоў месца ў спецыяльных лягерах.

XS
SM
MD
LG