Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Эўрапейскі Банк рэканструкцыі і разьвіцьця апублікаваў сёньня сваю штогадовую справаздачу. У ёй даецца ацэнка эканамічным посьпехам посткамуністычных краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, а таксама незалежных краінаў – былых савецкіх рэспублікаў.

Эўрапэйскі Банк рэканструкцыі і разьвіцьця, сядзіба якога знаходзіцца ў Лёндане, адзначае ў сваёй справаздачы, што ў 2000 годзе для посткамуністычных краінаў рэгіёну адкрываюцца новыя пэрспэктывы разьвіцьця. На думку экспэртаў банку, калі сёлета сярэдні эканамічны рост у рэгіене быў на ўзроўні 1,6%, дык у наступным ён павінен перавысіць 3%.

Найлепшых эканамічных вынікаў ў 1999 годзе дасягнулі наступныя краіны: Вугоршчына (эканамічны рост – 3,7%), Польшча – 3,3%, Славенія – 2,9%, Літва – 2,1%.

Сур'ёзны негатыўны ўплыў на эканамічнае разьвіцьцё аказаў Косаўскі крызыс. Асабліва гэта датычыць балканскіх краінаў.
Паводле прагнозаў экспэртаў Банку, эканамічны крызыс у Чэскай Рэспубліцы заканчваецца, і ў наступным годзе тут можна чакаць эканамічнага росту. Тое самае датычыць Румыніі і Баўгарыі.

Даволі розныя ацэнкі даюць экспэрты банку эканамічным працэсам, якія адбываюцца на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. На іх думку Беларусь, Казахстан, Малдавія, Расея ды Украіна – гэта краіны, дзе будзе зарэгістраваны ў 1999 годзе самы высокі ўзровень скарачэньня вытворчасьці.?Аднак, толькі Беларусь і Украіна, калі эканамічныя рэаліі там ня зьменяцца, будуць мець таксама адмоўныя паказчыкі свайго эканамічнага разьвіцьця ў наступным, 2000 годзе.

У дакладзе Эўрапейскага банку згадваецца таксама негатыўны ўплыў на эканоміку амаль усіх краінаў рэгіёну расейскага крызысу. Асабліва гэта датычыць балтыйскіх краінаў і Азэрбайджану з Украінай. І тут згадваецца Беларусь. Можна меркаваць, што першапрычыну беларускіх эканамічных клопатаў экспэрты Банку бачаць у іншым.

Армэнія, Азэрбайджан і Грузія добра разьвіваліся сёлета, яны таксама будуць мець добрыя паказчыкі эканамічнага разьвіцьця і ў наступным годзе. Палепшацца эканамічныя паказчыкі ў наступным годзе і сярэднеазіяцкіх краінаў.

Эўрапэйскі Банк рэканструкцыі і разьвіцьця спадзяецца, што Расея ў 2000-м годзе выйдзе з эканамічнага крызысу, але толькі ў тым выпадку, калі там не прыпыняцца рынкавыя рэформы. Сьведчаньнем гэтага зьяўляецца стабілізацыя абменнага курсу рубля і ўтаймаваньне інфляцыі.

2000 год павінен быць таксама добрым для гаспадарак Казахстану і Малдовы. Ёсьць спадзяваньні, што і гаспадарчы крызыс ва Украіне нарэшце спыніцца. Няма, аднак, такіх спадзяваньняў у дачыненьні да Беларусі.

Але доўгатэрміновы прагноз для ўсіх краінаў рэгіёну гаворыць пра магчымасьць стабільнага эканамічнага росту на ўзроўні 4 – 7 %. Але дзеля гэтага павінны быць у наяўнасьці наступныя варункі: мір, законнасьць, стабільнасьць і урад, адданы рынкаваму рэфармаваньню. Больш таго, трэба будзе стварыць адпаведныя установы, якія створаць спрыяльную атмасфэру для высокага ўзроўню інвэставаньня і росту прадукцыйнасьці працы.

Ключавую ролю, на думку экспэртаў Банку, будзе адыгрываць працэс прыняцьця новых членаў у Эўрапейскі Зьвяз, а таксама праграма рэканструкцыі Балканаў. Першае - пашырэньне ЭЗ – ня можа адбыцца раней за 2003 год, але хутчэй за ўсё гэта здарыцца ў сярэдзіне першага дзесяцігодзя ХХІ стагоддзя.

XS
SM
MD
LG