Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Адміністрацыі прадпрыемстваў, на якіх дзейнічаюць суполкі Свабоднага прафэсійнага зьвязу металістаў, пры падтрымцы пракуратуры намагаюцца спыніць іхнае існаваньне.

Асабліва жорсткае супрацьстаяньне паміж адміністрацыяй і пярвічнай арганізацыяй Свабоднага прафэсійнага зьвязу металістаў назіраецца зараз на Менскім аўтамабільным заводзе. Гэнэральны дырэктар МАЗу Валянцін Гурыновіч у мінулую пятніцу ў чарговы раз адмоўна адрэагаваў на прапанову гэтых прафэсійных зьвязаў сесьці за стол перамоваў.

Як паведаміў нашаму радыё лідэр аўтазаводзкае суполкі і адначасова кіраўнік рэспубліканскай арганізацыі Свабоднага прафэсійнага зьвязу металістаў Міхал Марыніч, адміністрацыя МАЗу працягвае лічыць мяйсцовую суполку незаконнай. Прычым, нават насуперак пазыцыі Міністэрства юстыцыі, якое ў верасьні афіцыйна перарэгістравала Свабодны прафэсійны зьвяз металістаў у адпаведнасьці з новымі правіламі.

Каб эканамічна задушыць суполку, гэнэральны дырэктар МАЗу распарадзіўся спыніць цэнтралізаваны пералік зьвязовых складак праз заводскую бугальтэрыю. А днямі паводле новага загаду дырэктара на прадпрыемстве павінна быць вызначана кола асобаў, на каго мяркуецца распаўсюдзіць нядаўна ўведзеную так званым дысцыплінарным дэкрэтам Лукашэнкі кантрактную сыстэму.

На думку лідэра зьвязу Міхала Марыніча, згаданая сыстэма перш за ўсё закране сяброў Свабоднага прафэсійнага зьвязу, якіх ужо зараз пужаюць звальненьнем і агітуюць перайсьці ў шэрагі афіцыйнага прафэсійнага зьвязу.

Падобны сцэнар антызьвязовага змаганьня ў шматлікіх дэталях ужо апрабаваны на Менскім трактарным заводзе, дзе таксама ёсьць суполка Свабоднага прафэсійнага зьвязу металістаў. Да рабочых, што бралі актыўны ўдзел у яго мерапрыемствах, кіраўніцтва МТЗ неаднаразова скарыстоўвала карныя захады.

Перасьлед меў пэўны плён: мяйсцовая суполка колькасна скарацілася, паколькі многія сябры прафэсійнага зьвязу мусілі звольніцца. Паводле інфармацыі кіраўніка прафэсійнага зьвязу Вячаслава Козела, на трактарным, як і на аўтазаводзе, дырэкцыя на сёньняшні дзень упарта лічыць існаваньне арганізацыі незаконным. Ва ўсялякім разе, спадар Козел па-ранейшаму пазбаўлены магчымасьці свабодна наведваць прадпрыемства.

Досьвед антызьвязовага змаганьня назапашвае і адміністрацыя Менскага маторнага заводу. Ужо некалькі месяцаў яна нерэгулярна пералічвае складкі на рахунак Свабоднага прафэсійнага зьвязу, у выніку чаго запазычанасьць склала ужо больш як мільярд рублёў. Аднак з прычыны масавасьці мяйсцовае суполкі, як паведаміў мне яе старшыня Валеры Захарчанка, кіраўніцтва маторнага не адважваецца канфліктаваць з прафэсійным зьвязам у вострай форме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG