Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

(эфір 5 лістапада)
Сёньня экспэртавыя групы ўлады й апазыцыі канчаткова ўзгаднілі дакумэнт аб умовах доступу апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Чакаецца, што адпаведны пратакол будзе падпісаны ў будучы панядзелак, пасьля яго разгляду на паседжаньні кансультацыйнае рады апазыцыйных партыяў.

Пратакол і дадатак аб арганізацыйна-тэхнічных умовах адчыняе перад апазыцыяй наступныя магчымасьці. Яна зможа браць удзел у праграмах "Беларускае Тэлевізіі" "Палітычныя дыялёгі" раз на тыдзень, у "Падзеі" – два разы на тыдзень. У выпадку ўдзелу ў праграмах прадстаўнікоў улады бакі мусяць мець роўны час для выказваньня сваіх меркаваньняў. Рэдагаваньне перадачаў дапускаецца са згоды ўдзельнікаў.

Апазыцыя таксама будзе мець магчымасьць перадаваць кожны дзень інфармацыйныя матэрыялы (да паўтары хвіліны) у тэлепраграме "Панарама". На радыё будзе прадстаўлена права даваць штодзённыя пяціхвілінныя матэрыялы.

Падрыхтаваныя дакумэнты прадугледжваюць удзел апазыцыі і ў праграмах вабласных тэлерадыёаб'яднаньняў.

Ня менш двух разоў на тыдзень матэрыялы апазыцыі будуць публікаваць агульнанацыянальныя дзаржаўныя выданьні "Советская Белоруссия", "Народная газета", "Звязда", "Рэспубліка" і "Беларуская ніва".

Зьмест матэрыялаў і склад выступоўцаў у ва ўсіх дзяржаўных сродках масавай інфармацыі вызначаюцца кансультацыйнай радаю апазыцыйных партыяў.

Пратакол прадугледжвае стварэньне пагаджальнае камісіі дзеля вырашэньня спрэчных пытаньняў, якія могуць паўставаць пры рэалізацыі пагадненьня. У яе склад на парытэтных пачатках увойдуць экспэрты ўлады й апазыцыі.

Нават у назве падрыхтаваных дакумэнтаў падкрэсьлена, што размова йдзе аб парадку доступу апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў да пачатку афіцыйных перамоваў.

У панядзелак экспэрты апазыцыі прадставяць падрыхтаваныя дакумэнты на разгляд кансультацыйнае рады апазыцыйных партыяў. У выпадку станоўчага рашэньня ў панядзелак пратакол разам з дадаткам могуць быць падпісаныя і ўжо ў другой палове будучага тыдню можа пачацца іхная рэалізацыя.

Паводле словаў кіраўніка ўрадавае дэлегацыі Міхала Сазонава з боку ўлады дамову падпішуць намесьнік старшыні нацыянальнае тэлерадыёкампаніі і прадстаўнік Дзяржкамдруку. Хто паставіць свой подпіс пад дакумэнтам ад імя апазыцыі – гэта вырашыць кансультацыйная рада.

Закранаючы пэрспэктывы саміту АБСЭ, які адбудзецца ў сярэдзіне лістападу ў Стамбуле, Міхал Сазонаў выказаў меркаваньне, што там падзеям у Беларусі будзе нададзена шмат увагі. Ён лічыць, што ёсьць падтрымка тым працэсам, якія зараз адбываюцца ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG