Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Учора актывісты барысаўскае філіі БСДП ("Народнае Грамады") пад час камуністычнага мітынгу правялі несанкцыянаваную акцыю пратэсту супраць афіцыйнага сьвяткаваньня ў Беларусі гадавіны бальшавіцкага перавароту. Арганізатары акцыі былі затрыманыя міліцыянтамі.

Учорашняй раніцаю, калі на Цэнтральным пляцы Барысава пачаўся камуністычны мітынг з нагоды гадавіны бальшавіцкага перавароту, нечакана сярод чырвона–зялёных сьцягоў па-над натоўпам узьвілося бел-чырвона-белае палотнішча, аздобленае чорнымі жалобнымі стужкамі.

Нацыянальны сьцяг трымала ў руках актывістка філіі БСДП ("Народнае Грамады") Алеся Ясюк. Побач зь ёю былі старшыня згаданае філіі, кіраўнік рэгінальнага прадстаўніцтва Гэльсынскага Камітэту Аляксандар Абрамовіч, старшыня філіі БСДГ Генадзь Габрусеў ды іншыя барысаўскія дэмакраты.

Літаральна празь некалькі хвілінаў зьявіліся міліцыянты, якія з рук спадарыні Ясюк выхапілі сьцяг, а затым яе ды спадара Абрамовіча як арганізатараў акцыі запіхнулі ў "варанок" ды завезьлі ў пастарунак.

Цікава , што многія ўдзельнікі камуністычнага мітынгу, якія прыйшлі сюды паводле гарвыканкамаўскае разнарадкі ад тых ці іншых прадпрыемстваў і ўстановаў Барысава, спачувалі затрыманым, выказвалі ім словы падтрымкі.

Пра тое , што адбывалася ў пастарунку, распавядае Аляксандар Абрамовіч:

(Абрамовіч: ) "Былі нейкія такія прыёмы псыхалягічнага ціску, але няшмат, таму што яны ведаюць: з намі бессэнсоўна размаўляць на мове запужваньня. (…) Мы не падпісалі аніякіх пратаколаў аб затрыманьні".

Спадар Абрамовіч нагадаў, што мяйсцовая філія БСДП вось ужо пяты месяц запар праводзіць бестэрміновую акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня нелегітымным інстытутам улады.

Тым ня меней, Аляксандар Абрамовіч быў адпушчаны з пастарунку раней, чым адтуль выйшла на волю Алеся Ясюк. Пасьля няўдалых спробаў прымусіць жанчыну падпісаць пратакол аб затрыманьні, міліцыянты яе, шматдзетную маці, позна ўвечары адпусьцілі дахаты, паабяцаўшы, што і зь ёю, і з Аляксандрам Абрамовічам разьбярэцца на пачатку тыдня гарадзкі суд. Пры гэтым сьцяг не вярнулі.

А сёньня ўраніцу ў Барысаве зьявілася сьледчая брыгада зь Менскае вабласное ўправы нутраных справаў, якая павінна высьветліць: хто ў ноч з 6 на 7 лістапада літаральна распісаў увесь горад антылукашэнкаўскімі лёзунгамі? Сярод іх былі й такія, у якіх утрымліваліся заклікі расправіцца з Лукашэнкам і ягонымі прыхільнікамі самым кардынальным чынам.

З гэтае нагоды ўжо дапытаны Аляксандар Абрамовіч, які адмаўляе дачыненьне да графіці каго-небудзь зь ліку сябраў сваёй арганізацыі і лічыць гэта загадзя сплянаванае правакацыяй з мэтаю скампрамэтаваць барысаўскіх дэмакратаў.

XS
SM
MD
LG