Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прыватныя прадпрымальнікі, пазбаўленыя тыдзень таму працы ў пераходах і на станцыях менскага мэтро, пачалі сёньня падаваць у гарадзкі выканаўчы камітэт заявы з патрабаваньнем дазволіць ім гандляваць на ранейшых мейсцах. Аднак сталічныя ўлады не жадаюць рабіць саступак.

Гандляры былі пазбаўленыя працы ў мінулы панядзелак, калі Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт пачаў выконваць указ Аляксандра Лукашэнкі аб узмацненьні барацьбы з тэрарызмам.

Маўляў, патэнцыйным тэрарыстам вельмі лёгка закласьці бомбу якраз паміж гандлёвых латкоў і таму лепш за ўсё гэтыя латкі з мэтро й падземных пераходаў прыбраць.

Прычым, у гандляроў былі заключаныя з кіраўніцтвам мэтрапалітэну дамовы аб арэндзе да канца году, а ўлады ў аднабаковым парадку гэтыя дамовы скасавалі. У падобных выпадках, згодна з законам, улады павінны папярэдзіць аб скасаваньні дамовы як мінімум за месяц, а папярэдзілі ўсяго за два дні.

Тое, што закон быў парушаны, прызнаў і намесьнік старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Пётар Сямашка, да якога пакрыўджаныя людзі прыйшлі шукаць праўды. Аднак замест абяцаньня аднавіць справядлівасьць, чыноўнік параіў гандлярам зьмяніць прафэсію і наняцца на працу ў дзяржаўны гандаль ці ў камунальную гаспадарку.

На абураныя пытаньні – "Як можна пракарміць сям'ю і дзяцей на зарплату ў 15 мільёнаў?" (А менавіта столькі атрымліваюць працаўнікі ў дзяржаўным гандлі), сп. Сямашка толькі разьвёў рукамі й прапанаваў шукаць праўду ў судзе.

Прадпрыймальнікі вырашылі самі змагацца за свае правы й стварылі першасную суполку Свабоднага прафэсійнага зьвязу, старшынём якога стаў 27-гадовы Андрэй Салько.

Сёньня заявы прадпрыймальнікаў пачалі паступаць у гарадзкі выканаўчы камітэт.У іх гандляры адзначаюць, што ня згодныя са скасаваньнем дамоваў аб арэндзе, і што гэтым парушанае заканадаўства. Прадпрымальнікі абяцаюць падаць на менскія ўлады ў суд, а да вырашэньня гэтае спрэчкі патрабуюць не перашкаджаць ім працаваць на ранейшых мейсцах.

Як паведамілі нашаму радыё ў штаб-кватэры Свабоднага прафэсійнага зьвязу, сёньня некалькі чалавек спрабавалі зарэгістраваць свае заявы ў сакратарыяце гарадзкога выканаўчага камітэту, але чыноўнікі без усялякай матывацыі адмаўляліся прымаць у людзей гэтыя звароты.

Вось што паведаміў "Радыё Свабода" начальнік прэсавае службы Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Віктар Шымолін:

(Шымолін: ) "Яны як грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць выкарыстаць сваё права абскардзіць любое рашэньне. Але гарадзкія ўлады сваё рашэньне прынялі, і яно выконваецца. У мэтро цяпер стала значна свабадней. Магу дадаць толькі, што сапраўды дадзена ўказаньне разгледзець гэтыя скаргі й прадаставіць людзям магчымасьць гандляваць у іншых мейсцах. Раённыя адміністрацыі павінны вырашыць гэтае пытаньне".

Пра тое, што ў гарадзкім выканаўчым камітэце адмаўляліся рэгістраваць заявы прадпрыймальнікаў, гэты чыноўнік нічога ня ведае. Тым часам гандляры да такога разьвіцця падзеяў былі гатовая і таму накіравалі свае заявы на імя менскага "мэра" Ўладзімера Ярмошына поштаю.

Чаму ўлады паводзяць сябе так жорстка ў адносінах да людзей, што гандлявалі ў мэтро?

Вось, што думае на гэты конт актывістка Свабоднага прафэсійнага зьвязу Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) "Навогул, незразумела, навошта забіваць курыцу, якая нясе залатыя яйкі. Хутчэй за ўсё, улады цудоўна разумеюць, што гандлярам проста няма куды падацца, і яны будуць працаваць у любых умовах, нават гандлюючы падпольна. На заводах працоўных мейсцаў няма, і там гэтых людзей ніхто не чакае.

Пры гэтым ня варта забываць, што барацьба з прадпрыймальнікамі зьяўляецца адной з асноўных рысаў нутраной палітыкі Аляксандра Лукашэнкі".

Паводле словаў сп. Ірыны, 11 лістападу прадпрыймальнікі з мэтро зьбіраюцца ўзяць удзел у страйку гандляроў менскіх рынкаў.

XS
SM
MD
LG