Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня калегія Менскага гарадзкога суду адхіліла скаргу рэдакцыі газэты "Навіны" й журналіста Сяргея Аніські, якія спрабавалі апратэставаць рашэньне Маскоўскага суду Менску. 24 верасьня суд задаволіў зыск дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі да газэты й журналіста памерам 15 млрд. рублёў. Зь верасьня газэта "Навіны" перастала выходзіць у сьвет.

Рэкордную для беларускай журналістыкі суму штафу – 15 млрд. рублёў (52 тысячы даляраў па курсе Нацбанка) – сёньня паспрабавалі аспрэчыць журналіст Сяргей Аніська й рэдакцыя газэты "Навіны", рахункі якой ужо месяц як зарыштаваныя.

Судовая калегія гарадзкога суду Менску ў складзе спадарынь Яблакавай, Глухоўскай і Гулак ня толькі не перагледзелі папярэдняе рашэньне Маскоўскага суду, але й загадалі надрукаваць абвяржэньне на першых старонках дзяржаўных газэтаў "Рэспубліка", "Звязда" і "Советская Белоруссия".

24 верасьня суд Маскоўскага раёну, нагадаю, задаволіў зыск дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі Віктара Шэймана аб абароне гонару й годнасьці.

Віктар Шэйман пакрыўдзіўся на артыкул журналіста Сяргея Аніські, надрукаваны ў "Навінах", у якім сьцьвярджалася, што дзяржаўны сакратар пабудаваў сабе трохпавярховы "церамок" у вёсцы Падліпкі Пухавіцкага раёну. Акрамя гэтага, у артыкуле зьвярталася ўвага на тое, што Віктар Шэйман атрымаў званьне гэнэрал-маёра значна раней за неабходны тэрмін.

У верасьні, у часе разгляду зыску, судьдзя Маскоўскага раёну Савіч адхіліў 9 з 12 хадайніцтваў, што вылучылі тады газэта "Навіны" й Сяргей Аніська. Гэта й некаторыя іншыя абставіны далі падставы многім праваабарончым арганізацыям сьвету назваць вынікі працэсу неаб'ектыўнымі.

Суд забавязаў рэдакцыю газэты "Навіны" выплаціць Віктару Шэйману 20 млрд., а журналіста Сяргея Аніську – 10 млрд. беларускіх рублёў. У выніку маёмасьць Сяргея Аніські ўжо апісаная; газэта "Навіны" месяц як не друкуецца.

Спадзяваньні на сёньняшняе паседжаньне судовае калегіі гарадзкога суду не апраўдаліся. Судзьдзі палічылі, што зьвесткі, надрукаваныя ў газэце, цалкам не адпавядаюць рэчаіснасьці. А паколькі газэта "Навіны" ужо не выходзіць, то абвяржэньне павінна быць надрукавана ў дзяржаўных газэтах (прычым, за кошт "Навінаў").

Камэнтуючы сёньняшняе рашэньне, Сяргей Аніська заявіў нашаму радыё:

(Аніська: ) "Пасьля таго, як я пачуў рашэньне суда, для мяне канчаткова разьвеяліся ілюзіі аднсонап прававой сістэмы, якая дзейнічае ў Беларусі. Было відавочна, што судзьдзі выконвалі замову з боку ўладаў, а канкрэтна – з боку Лукашэнкі і Шэймана. Адзінае, што мяне супакойвае, гэта тое, што гэтыя часы завершаццца і прыйдзецца адказваць самому спадару Шэйману. Калі праз 10дзён мы атрымаем сёньняшняе рашэньне, дык будзем падаваць яшчэ адну касацыйную скаргу на імя старшыні гарадзкога суда, а далей – Вярхоўны Суд, а яшчэ далей – міжнародны суд".

Намесьніца галоўнага рэдактара газэты "Навіны" Кацярына Высоцкая назвала сёньняшняе рашэньне суду цынізмам з боку ўладаў:

(Высоцкая: ) "Газэта ўжо больш за месяц ня мае магчымасьці выходзіць, таму што на рахунку газэты няма ніводнае капейкі. Больш за 30 чалавек пазбавіліся сваёй працы. Асаблівы акцэнт хацела б зрабіць адносна аўтара матэрыялу. У зыску бачна, што Шэйман не панес аніякае маральнае страты, таму што ўсю суму ён мае намер пералічыць на рахунак фонду інвалідаў афганскае вайны. Мы лічым, што гэта зроблена з асаблівым цынізма, бо аўтар матэрыялу сам зьяўляецца інвалідам афганскае вайны".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG