Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лістапада 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

У рэакцыі Захаду на чачэнскую праблему чуюцца новыя акцэнты. Дарадца Дзяржсакратара ЗША Стывен Сэстановіч выказаў засьцярогу, што канфлікт можа перакінуцца і на суседнія з Расеяй краіны – Грузію, Армэнію і Азэрбайджан, а таскама – паставіць пад пагрорзу цяперашнія ўзаемаадносіны Масквы і Вашынгтону.

Гэтая заява была зробленая Сэстановічам ў Камітэце Сэнату ЗША ў замежных справах, якая гэтымі днямі вывучае канфлікт у Чачні і ягоныя магчымыя наступствы для амэрыкана-расейскіх ўзаемаадносінаў.

Паводле меркаваньня Сэстановіча, стабільнасьць у суседніх з Расеяй краінах можа быць падарваная, калі ваенная апэрацыя перакрочыць межы Расейскай Фэдэрацыі. Дарадца Дзяржсакратара паведаміў сэнатарам, што ўрад ЗША запэўніў кіраўнікоў Армэніі, Азэрбайджану і Грузіі у падтрымцы незалежнасьці гэтых краінаў. Сэстановіч падкрэсьліў, што канцэнтрацыя расейскіх войскаў цяпер перавышае міжнародныя абавязкі Расеі, прадугледжаныя Дамовай аб звычайных узбраеньнях у Эўропе.

Састановіч зьвярнуў увагу на тое, што ЗША паважаюць тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі, нягледзячы на імкненьне Чачні да незалежнасьці, аднак ня лічаць ваенныя дзеяньні адэкватным адказам.

(Састановіч: ) "Урад Расеі мае поўнае права абараняць грамадзянаў ад тэрарызму. Аднак, гэтае права ня можа апраўдаць неразборлівага выбару сродкаў у дачыненьні да цывільнага насельніцтва, закрыцьцё межаў, перашкоды ўцекачам, іншыя парушэньні правоў чалавека. Тое, якім чынам Расея вырашыць гэтыя праблемы – будзе вызначаць, у якім стане гэтая краіна, і якімі будуць нашыя ўзаемаадносіны зь ёй. Гэта будзе выбар Расеі і наш выбар."

Пад час слуханьняў у сэнацкай камісіі ў замежных справах выступіла праваабаронца, жонка Андрэя Сахарава – Алена Бонэр, якая, паміж іншым, сказала наступнае:

(Бонэр) "Сёньня - мне гэта вельмі цяжка казаць, бо гэта мая краіна, якую я люблю, народ мой, які я люблю, – але мы зьяўляемся крымінальна-вайсковай дзяржавай".

Алена Бонэр заклікала ЗША ды іхных саюзьнікаў не дапамагаць Расеі, пакуль працягваюцца ваенныя дзеяньні супраць Чачні. Выключэньне – гуманітарная дапамога непасрэдна канкрэтным людзям. Яна паведаміла, што толькі што атрымала зварот ад прэзыдэнта Чачні Аслана Масхадава з просьбай паспрыяць палітычнаму вырашэньню канфлікту. У гэтым звароце, падкрэсьліла Бонэр, Масхадаў асудзіў тэрарызм.

Паводле меркаваньня Алены Бонэр, цяперашняя актыўнасьць расейскіх гэнералаў на Каўказе выкліканая іхным жаданьнем адпомсьціць чачэнцам за паразу ў вайне 95-96 гадоў. Цяперашнюю "ваенную апэрацыю" ў Чачні Бонэр ацаніла як імкненьне зьнішчыць большую частку чачэнчкага народу, як "генацыд і злачынства супраць чалавечнасьці".

Ва ўчарашнім інтэрвію нашаму радыё кіраўнік Расейскага фонду абароны галоснасьці Аляксей Сіманаў у ліку нешматлікіх журналістаў, якія падаюць аб'ектыўную інфармацыю з Чачні, назваў – Анну Паліткоўскую.

У сёняшняй маскоўскай "Новой газете" зьмешчаны ейны артыкул пад назовам "20 стагодзьзе ў Расеі – стагодзьдзе лягераў". Яна распавядае пра лягеры для чачэнскіх уцекачоў у Інгушэтыі, дзе людзі вымушаныя жыць бязь ежы, без адзеньня, дзе толькі што народжаныя дзеці паміраюць без мэдычнай дапамогі. Інгушэтыя – тэрыторыя Расеі. Суб'ект Фэдэрацыі, – аднак фэдэральныя ўлады нічым не дапамаглі ні інгушскім уладам у справе ўладкаваньня чачэнскіх уцекачоў.

"Навошта я ўсё гэта пішу? – зьвяртаецца да чытачоў Анна Паліткоўская. – Думаеце, дзеля таго, каб расчуліць вас, суграмадзяне дарагія, вас, якіх паглынула жорсткасьць, вас, хто апэтытна паглынае сьняданак пад фанфары тэлевізійных рапартаў з Паўночнага Каўказу, дзе самае страшэннае настойліва замоўчваецца? Каб вы, электарат, не дай Божа, не падавіліся? Ні ў якім разе. Не для гэтага. Гэтыя нататкі патрэбныя зусім для іншага – як сьведчаньне для будучыні".

Мы ўжо паведамлялі пра драматычную сытуацыю, якая склалася на прапускным пункце, адкрытым для чачэнскіх уцекачоў. Учора прадстаўнік ААН наведаў прапускны пункт на чачэнска-інгушскай мяжы, дзе расейскія войскі 11 дзён трымалі тысячы ўцекачоў, у выніку чаго былі чалавечыя ахвяры. Пад час наведваньня прадстаўніка ААН войскі прапускалі некалькі сотняў ўцекачоў праз мяжу – аднак потым шлях зноў быў перакрыты.

XS
SM
MD
LG