Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лістапада 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 4 лістапада)
4 лістапада ў Менску закончыліся шостыя Сьвята-Эўфрасінеўскія чытаньні. Цягам трох дзён удзельнікі гэтае імпрэзы вялі гаворку пра тое, як спалучыць сьвецкую школьную адукацыю ў краіне з праваслаўнымі пастулятамі..

"Лепей добры чалавек, чым добры спэцыяліст", – гэты прынцып выхаваньня ў нядзельных праваслаўных школках, якія працуюць пры храмах Беларускага сыноду Рускае праваслаўнае царквы, неаднойчы гучэў з трыбуны 6-х сьвята-Эўфрасінеўскіх чытаньняў, якія праходзілі ў Менску 2-4 лістападу. Прынцып, якім арганізатары імпрэзы наважаныя ахапіць ці ня ўсіх дзяцей краіны.

Цяпер у Беларусі каля чатырох тысячаў нядзельных праваслаўных школаў і сем тысячаў каталіцкіх. Такія суадносіны ўдзельнікі чытаньняў палічылі неадпаведнымі суадносінам вернікаў абедзьвюх хрысьціянскіх канфэсіяў ды зьвярнуліся з прапановаю да мітрапаліта Філярэта хутчэй выправіць сытуацыю.

Акрамя праваслаўнае навукі, школы пры храмах павінны спрыяць хутчэйшаму ўцаркаўленьню дзяцей, іхняя прысутнасьць на літургіях мусіць стаць абаявязковаю – лічаць удзельнікі чытаньняў.

Курс асноваў праваслаўя патрэбна ўвесьці ўжо ў дзіцячых садках, а ў агульнаадукацыйных школах спалучыць гуманітарныя прадметы з праваслаўнымі пастулятамі. І, нарэшце, у вышэйшай школе ўвесьці курс гісторыі Рускае праваслаўнае царквы.

Гэтыя ды іншыя прапановы ўвайшлі ў выніковыя рэкамэндацыі ўдзельнікаў чытаньняў да Міністэрства адукацыі ды заканадаўчых ворганаў краіны.

Намесьнік міністра адукацыі Генадзь Дылян, які быў старшынём аргкамітэту імпрэзы, сказаў, што прапановы, адрасаваныя непасрэдна да ягонага ведамства, ён прымае дзеля рэалізацыі.

Калі ўсё, што ў якасьці рэкамэндацыяў школьнаму ведамству прагучэла ад удзельнікаў чытаньняў тое і сапраўды зрэалізуе, то беларускую школу ахопіць неўзабаве працэс актыўнае дэсэкулярызацыі.

Менавіта дзеля гэтага прапанавана ў пэдагагічных ВНУ стварыць катэдру праваслаўнае пэдагогікі, а ў школах паступова ўводзіць урокі "Закону Божага". Уся гэтая праца будзе праводзіцца ў школах пад наглядам каардынацыйнае рады, сустаршынямі якое зьяўляюцца намесьнік міністра адукацыі сп. Дылян ды архіепіскап Антоній.

Свае дзеяньні ў гэтым кірунку беларускія пэдагогі каардынуюць таксама са сваімі расейскімі калегамі, якія бралі ўдзел у гэтай імпрэзе і чые прапановы былі прынятыя за праграмныя.

Бралі чынны ўдзел ў Сьвята-Эўфрасінеўскіх чытаньнях і прадстаўнікі Беларускага патрыятычнага зьвязу моладзі, міністэрства абароны й міністэрства нутраных справаў.

Выступ кіраўніка апошняга ведамства гэнэрала Сівакова на фоне кадраў фільма пра доблесных ахоўнікаў парадку асабліва ўразіў частку прысутных у залі. Гаворыць менская настаўніца Алена Дэц:

(Дэц: ) "Ён спыніўся на тым, што цяперашніх афіцэраў міліцыі выхоўваюць на праваслаўі. Калі для абаронца радзімы дастаткова проста любіць сваю радзіму, дык ахоўнік правапарадку павінен яшчэ і любіць свой народ. Прычым любіць і кепскіх, і добрых, і злачынных – усіх.

Мы прагледзелі фільм, які быў нам паказаны. Ён зьняты 4 сакавіка сёлета і расказвае пра дзеяньні міліцыі: як добра крочыць нашая міліцыя каля помніка Перамогі, як ускладалі свае вяночкі. Пасьля мы бачылі гэнерала Сівакова, ён нес мантыю Філярэта, і ўскладаліся кветкі таксама яшчэ да нейкага помніка. Расказвалася, якая нашая міліцыя цудоўная, як яна павінна служыць.

Ну і канешне, калі мы размаўляем са сваімім дзецьмі, якія не дай Бог, трапілі пад апеку нашай міліцыі, мы бачым, што рэпутацыя гэнерала не адпавядае сёньняшняму дню".

Да сказананага Аленаю Дэц дадамо, што, паводле выступу на чытаньнях гэнэрала Сівакова, уся дзейнасьць беларускіх міліцыянтаў праходзіць у непасрэднай спалучнасьці з праваслаўнымі дагматамі маралі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG