Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 лістапада 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

У нямецкіх сацыёлягаў ёсьць мэтодыка вызначэньня ўзроўню гістарычнае памяці народа па частаце ўжываньня імёнаў выдатных асобаў мінуўшчыны ў візуальным афармленьні жылога асяродзьдзя. Калі скарыстаць яе да беларусаў, то можа здацца, што памяць іхная не сягае глыбей часоў Дзяржынскага–Леніна–Маркса. Актывісты Таварыства Беларускае Мовы вырашылі заняцца выпраўленьнем такой сытуацыі.

На чарговым паседжаньні сакратарыяту Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны вырашыла зьвярнуцца з адкрытым лістом да старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ўладзімера Ярмошына, у якім выказвае свае прапановы па наданьні шэрагу сталічных вуліцаў імёнаў выдатных дзеячаў гісторыі ды культуры Беларусі.

У прыватнасьці, вуліцу Калектарную ТБМ прапануе назваць імём выдатнае беларускай і ўсходнеславянскай асьветніцы Эўфрасіньні Полацкай.

Імя яшчэ аднаго выдатнага сына Беларусі – пісьменьніка ды прапаведніка Кірылы Тураўскага магла б, на думку ТБМаўцаў, насіць вялікая і сучасная вуліца Ангарская, цяперашняя назва якой аніякім чынам не зьвязаная зь Беларусьсю.

Імя паэтычнага генія Адама Міцкевіча ТБМ прапануе надаць або вуліцы Валадарскага, або Рэвалюцыйнай – на выбар, абгрунтоўваючы сваю прапанову рашэньнем Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту паставіць у раёне гэтых вуліцаў помнік паэту.

Вуліца Інтэрнацыянальная магла б насіць імя выдатнага беларускага паэта Францішка Багушэвіча, чыя памяць у Менску пакуль аніяк не ўшанаваная. І менавіта ў раёне сучаснай Інтэрнацыянальнай знаходзіўся дом, у якім Багушэвіч спыняўся, калі бываў у Менску па пытаньнях сваёй адвакацкай практыкі ды літаратурнай творчасьці.

І яшчэ адная прапанова – вуліцы Ленінградзкай, на якой месьцяцца некалькі будынкаў Белдзяржуніверсітэту, надаць імя першага рэктара БДУ, знакамітага вучонага ды пэдагога Ўладзімера Пічэты. Сучасная назва гэтае вуліцы ўспрымаецца з пэўным непаразуменьнем, бо Ленінград даўна перанайменаваны ў Санкт-Пецярбург.

Каб пераканацца ў тым, што Менск (ды і ўся Беларусь) ёсьць жывым аскепкам памерлае СССРаўскае камуністычнае імпэрыі, не абавязкова паглыбляцца ў нетры вялікае палітыкі. Досыць прайсьціся па вялікіх ды малых беларускіх гарадох ды пачытаць назовы іхных вуліцаў, пляцаў, паркаў ды палацаў.

Абсалютная бальшыня сучаснае гарадское тапанімікі адлюстроўвае эпоху панаваньня на адной шостай частцы сьвету камуністычнага таталітарызму, з якім, мяркуючы па імёнах на гарадзкіх шыльдах, беларусы не разьвіталіся й да сяньня.

Пройдземся хаця б па гістарычным цэнтры сталіцы. Ад чыгуначнага вакзалу адразу ж трапляем на вуліцу Ленінградзкую, зь яе пройдземся па Карла Маркса ды зьвернем на Камсамольскую. Адтуль патрапляем па Інтэрнацыянальнай на вуліцу імя правадыра сусьветнага пралетарыяту, зь якое ступіўшы два крокі, адразу ж апынаемся на Кастрычніцкім пляцы…

Стамляючае падарожжа. Ня цешыць яно прыхільнікаў вяртаньня беларусаў да сваіх спрадвечных каштоўнасьцяў. І ад часу, калі сталася мажлівым нешта зьмяніць, яны пачалі дамагацца ўводу ў афармленьне гарадзкога асяродзьдзя сталіцы нацыянальных імёнаў ды сымбаляў. Ад пачатку 90-х да прыходу да ўлады Лукашэнкі на вулічных шыльдах Менску зьявіліся імёны Максіма Багдановіча, Францішка Скарыны, некалькі гістарычных назоваў, але абсалютная бальшыня камуністычнае тапанімікі засталася некранутаю.

XS
SM
MD
LG