Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Завершаны ўчора казахстанскі візіт Аляксандра Лукашэнкі меў рэзананс у калектыве Менскага трактарнага заводу. Яго працаўнікі зараз гадаюць, у якія страты для прадпрыемства выльецца дамоўленасьць Лукашэнкі з казахстанскім лідэрам Назарбаевым пра пастаўку ў Беларусь збожжа ў абмен на сельгастэхніку – у прыватнасьці, на менскія трактары.

Як вынікае з майго апытаньня некаторых работнікаў трактарнага заводу, іхная рэакцыя на мяркуемую пастаўку ў Казахстан трактароў ня толькі неадназначная, але й насьцярожаная.

З аднаго боку, яны падтрымліваюць ідэю міждзяржаўнага бартэру. Рэч у тым, што завод сёньня працуе на склад: на яго тэрыторыі назьбіралася некалькі тысячаў непрададзеных адзінак тэхнікі. Але, з другога боку, такі збыт выклікае лягічнае пытаньне: паводле якіх коштаў?

Некалькі тыдняў таму завод ужо браў удзел у міждзяржаўным бартэры. Не з Казахстанам, як плянуецца зараз, а з Расеяй. Нагадаю: у залік пагашэньня часткі беларускае запазычанасьці перад расейскім "Газпромам" Аляксандар Лукашэнка й яго атачэньне пастанавілі разьлічыцца чатырма тысячамі трактараў.

Але паводле якой цаны? Як зараз высьвятляецца, паводле мізэрнай. Беларускі ўрад заплаціў МТЗ за кожны трактар нібыта па рынкавых коштах, але ў "зайчыках" і па афіцыйным курсе Нацыянальнага банку. Такім чынам, калі на свабодным рынку гэты трактар каштуе 14 тысячаў даляраў, то дзяржава купіла яго ў МТЗ для "Газпрому" па цане, якая ня дацягвае нават да 6 тысячаў даляраў.

Паводле зьвестак адміністрацыі МТЗ, прадпрыемства ў выніку "газпромаўскай" угоды страціла 8 трыльёнаў беларускіх рублёў. Лідэр афіцыйных прафэсійных зьвязаў заводу Анатоль Кудзялевіч у інтэрвію нашаму радыё так пракамэнтаваў сацыяльныя наступствы гэтае ўгоды:

(Кудзялевіч: ) "Калі мне людзі задаюць пытаньне па зарплаце, я ім паказваю дзе нашая зарплата. Я, вядома ж, супраць гэтага грабяжу. Сёньня ў нас фонд зарплаты на заводзе 600 млрд. Рублёў, а ўсе падаткі прадпрыемства складаюць 1,5 трыльёны. Усё што можна, дзяржава забірае сабе. Прычым, палова гэтых падаткаў не з прыбытку, як ва ўсім сьвеце, але з сабекошту прадукцыі. А гэта значыць, што яшчэ выручку не атрымаў, яшчэ прадукцыю не прадаў, а табе ўжо падаткі ўвялі ў сабекошт і плаці іх. А з чаго іх плаціць, калі ты яшчэ не прадаў?"

З прычыны вялікае запазычанасьці трактарнага заводу перад бюджэтам у няміласьць да ўладаў патрапіў і гэнэральны дырэктар МТЗ Міхал Лявонаў. Напачатку гэтага тыдню эканамічныя справы прадпрыемства разглядаліся на калегіі міністэрства прамысловасьці. Уладзімер Кудзялевіч, які таксама прысутнічаў на згаданым паседжаньні, паведаміў, што з прычыны вялікіх стратаў у выніку міждзяржаўнага бартэру з Расеяй, заводу паабяцалі дапамогу.

XS
SM
MD
LG