Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пад ціскам міжнародных структураў беларускія ўлады былі вымушаныя вызваліць з турмаў частку палітычных вязьняў. Аднак па-ранейшаму ў зьняволеньні Міхал Чыгір, Васіль Лявонаў, Андрэй Клімаў і Ўладзімер Кудзінаў. Невядомым застаецца лёс Ганчара, Захаранкі й Красоўскага.

На працэсе ў справе экс-міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава абвешчаны перапынак да 9 лістападу, у сувязі з хваробаю адваката падсуднага.

Як паведаміла нашаму радыё дачка й грамадзкі абаронца Лявонава Сьвятлана Ўласава, у апошнія дні перад перапынкам суд слухаў паказаньні старшыні калгаса са Слуцкага раёну. Сьледзтва сьцьвярджае, што гэтую гаспадарку ў 1995 годзе Лявонаў змусіў да супрацоўніцтва зь фірмай "Рустінвэст", якая пастаўляла фуражнае збожжа з Украіны.

Старшыня калгасу паведаміла суду, што ніхто на яе аніякага ціску не аказваў, і абвергла довады сьледчых пра тое, быццам Лявонаў патрабаваў ад яе падпісаць з "Рустінвэстам" невыгодны кантракт. Прычым, паводле словаў кіраўніка гаспадаркі, фірма, якая зь нейкіх прычынаў ня здолела паставіць збожжа ў тэрмін, вярнула калгасу амаль усе ўзятыя грошы.

Паводле словаў Сьвятланы Ўласавай, у судзе выступіла й загадчыца сталоўкі з калгасу "Расьвет", якая абвергла абвінавачваньні сьледзтва ў тым, што Старавойтаў бясконца даваў Лявонаву хабар у выглядзе мяса, рыбы, садавіны, гародніны. Сьведка прад'явіла суду ўсе неабходныя дакумэнты й накладныя, зь якіх бачна, што гэтыя прадукты прызначаліся не Лявонаву.

Цяпер асноўным аб'ектам абвінавачваньня застаўся мэблевы гарнітур, які Лявонаў узяў у "Расьвеце" і за які быццам бы не заплаціў. Свае паказаньні паводле гэтых фактаў мусіць даць у судзе сам былы кіраўнік "Расьвету", які 11 лістападу мусіць выйсьці на волю.

А на працэсе ў справе дэпутата ВС Андрэя Клімава ў сераду быў таксама абвешчаны перапынак да панядзелку, зьвязаны з хваробаю адвакатаў намесьніка Клімава па будаўнічай фірме Леаніда Ваўковіча.

Перад перапынкам суд дапытваў сьведкаў з управы капітальнага будаўніцтва Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, з эканамічнага аддзелу сталічнае "мэрыі" ды іншых установаў.

Паводле словаў грамадзкага абаронцы Андрэя Клімава адваката Гары Паганяйлы, на працэсе йдзе звычайная будзённая праца: суд усё высьвятляе, колькі цэглы было пастаўлена фірме Клімава дзеля будаўніцтва дома па вуліцы Лодачнай, і куды гэтая цэгла падзелася. Як паведаміў Гары Паганяйла, ён нядаўна прасіў суд вызваліць Клімава пад падпіску аб нявыезьдзе, але безвынікова.

А сьледзтва ў справе экс-прэм'ера Беларусі Міхала Чыгіра надоечы працягнула тэрмін знаходжаньня падсьледнага пад вартаю яшчэ на месяц.

Улады матывуюць гэты крок тым, што Чыгір яшчэ ня цалкам азнаёміўся з матэрыяламі сваёй крымінальнае справы. Афіцыйны Менск упарта адмаўляецца прызнаваць сп. Чыгіра палітзьняволеным і вызваляць яго з-пад варты. Для ўладаў былы прэм'ер па ранейшаму застаецца злодзеям і хабарнікам.

Сьледзтва ў пошуку зьніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі й Тамары Віньнікавай за апошні час фактычна не скранулася зь мейсца – пра гэта паведаміў "Радыё Свабода" старэйшы сьледчы Менскае гарадзкое ўправы нутраных справаў Уладзімер Малахаў.

Паводле ягоных словаў, аніякіх асаблівых зачэпак у гэтых справах няма. Нядаўна сьледчы езьдзіў у Берасьце, дзе сустракаўся з кіраўніком грамадзкае камісыі ў пошуку зьніклых палітыкаў Генадзем Самойленкам, але прыкметных вынікаў дзеля сьледзтва гэтая сустрэча, паводле словаў сп. Малахава, не дала.

Тым часам стала вядома, што пад час сустрэчы са сьледчым сп. Самойленка запатрабаваў, каб у гэтай справе ў якасьці сьведак былі дапытаныя дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман і міністар замежных справаў Урал Латыпаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG