Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лістапада 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня прадстаўніцтва TACIS у Беларусі прэзэнтавала новую праграму "Разьвіцьцё грамадзянскае супольнасьці". Пагадненьне аб праграме было падпісана паміж беларускім урадам і Эўрапейскай камісіяй 2 лістападу.

На фінансаваньне праграмы Эўрапейская камісія выдаткуе 5 мільёнаў эўра. У бліжэйшыя два гады будуць прафінансаваны каля 20 мікрапраектаў, на кожны зь якіх будзе выдаткавана ад 5 тысячаў да 50 тысячаў эўра. Праца будзе весьціся ў трох кірунках – разьвіцьцё адукацыі, падтрымка сродкаў масавай інфармацыі і падтрымка недзяржаўных арганізацыяў.

Офіс TACIS разам зь беларускім урадам зацьвердзіў 27 праектаў. Фінансаваньне мініпраграмаў пачнецца не раней як праз 4 месяцы.

З сьпісу ўдзельнікаў праграмы была выключаная арганізацыя "Беларуская пэрспэктыва". Прадстаўнік адміністрацыі Лукашэнкі спадар Вялічанскі паведаміў, што "Беларуская пэрспэктыва" зьбіралася наладзіць у Менску і вабластных цэнтрах навучэньне ў форме вечаровых унівэрсытэтаў. Але ж дзеля гэтакай дзейнасьці неабходная ліцэнзія, якой у "Беларускай пэрспэктывы" не было.

Паводле словаў Вялічанскага, арганізацыя не прадаставіла дакумэнтаў, каб падцьвердзіць, што гэную ліцэнзію яна можа атрымаць.

Маюцца на ўвазе даведкі аб наяўнасьці пэдагагічнага пэрсаналу, падручнікаў і мэтадычнае літаратуры. Да таго ж, усе навучальныя курсы павінны быць зацьверджаныя ў міністэрстве адукацыі.

Кіраўнік філіі прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі спадар Люзэнбергэр паведаміў, что выкананьне гэтага праекту згодна з беларускім заканадаўствам было немагчыма, таму прадстаўнікі Эўракамісіі ня мелі права гэта рабіць. Ён лічыць – "галоўнае – зразумець адзін аднаго".

Трэба адзначыць, што ўдзельнікамі праграмы "Разьвіцьцё грамадзянскае супольнасьці" ня сталі шматлікія вядомыя беларускія арганізацыі. З шырокавядомых у Беларусі арганізацыяў удзел у праграме возьмуць газэта "Свободные Новости", некалькі арганізацыяў прафэсійных зьвязаў, Беларускі Гэльсынскі камітэт, фонд "Адкрытае грамадзтва".

Праграма забясьпечыць дапамогу шырокаму колу рэгіянальных суполак. Спадар Люзэнбергэр паведаміў, што ў першую чаргу экспэрты зьвярталі ўвагу на глыбіню прапанаваных праектаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG