Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лістапада 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Хваля рэпрэсіяў супраць студэнцкае моладзі, якая ўдзельнічала ў "Маршы Свабоды" 17 кастрычніка, за мінулы тыдзень ахапіла многія навучальныя ўстановы.

На гэтым тыдні пад кола рэпрэсіяў трапілі ня толькі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Улады вядуць пошук студэнтаў, якія бралі ўдзел у апазыцыйнай акцыі 17 кастрычніка, у тэхнікумах, каледжах, прафэсійна-тэхнічных вучэльнях і ў сярэдніх школах.

Кірыл Туркоў, студэнт чыгуначнага каледжу, паведаміў нашаму радыё:

(Туркоў: ) "Я быў затрыманы, адседзеў 5 сутак. Пасьля гэтага мяне пагражалі выгнаць. Потым мне прыйшла павестка ў Партызанскую пракуратуру. Дырэктар мяне выклікаў на размовы…"

(Карэспандэнт: ) "Аб чым былі гэтыя размовы?"

(Туркоў: ) "А чаго ты туды пайшоў, чаго ты хацеў дабіцца, нашто табе гэта было трэба. Ён палохаў мяне, што ён мяне выгане, што па радыё гаварыў Лукашэнка, каб усіх выгналі".

Гэта быў Кірыл Туркоў, студэнт чыгуначнага каледжу.

Дзяніс Санковіч студэнт юрыдычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту:

(Санковіч: ) "Я быў асуджаны судом Савецкага раёну за удзел у несанкцыянаваным шэсьці, і на наступны дзень я быў выкліканы да дэкану свайго факультэту, у выніку чаго я быў вымушаны напісаць яму нейкія тлумачэньні аб тым, чаму я быў затрыманы, і зараз знаходжуся пад пагрозай выключэньня з ВНУ.

Я быў папярэджаны, што ў рэктараце будзе вырашацца пытаньне аб маім выключэньні на падставе розных відэаматэрыялаў, што былі зробленыя пад час мерапрыемства".

Герман Сушкевіч, студэнт дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі й радыёэлектронікі, нядаўні вязень "Валадаркі", супраць якога ўзбуджаная крымінальная справа:

(Сушкевіч: ) "Калі я выйшаў і прыйшоў у навучальную ўстанову, я сустрэўся з тым, што дэкан ня супраць майцго далейшага навучаньня. Магчыма ён чакае прысуду альбо чакае загаду зьверху, каб мяне адлічыць".

Глеб Догель, студэнт 4 курсу гістарычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту, якому таксама зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе:

(Догель: ) "Студэнты мяне цалкам падтрымалі. Наконт рэакцыі выкладчыкаў, тым больш дэканату, я пакуль ня ведаю, але дакладна вядома, што гэтае пытаньне будзе вырашацца пасьля рашэньня суда".

Павал Севярынец, студэнт Белдзяржунівэрсытэту, лідэр Маладога Фронту – арганізацыі, якая ў асноўным складаецца са студэнцкай моладзі, пракамэнтаваў сытуацыю нашаму радыё:

(Севярынец: ) "Рэпрэсіі пасьля 17 кастрычніка зараз ідуць шырокай хваляй па ўсіх навучальных установах і ня толькі па іх. Але і па ПТВ. па школах. Усё тое, што мы можам назіраць, – гэта даволі гістэрычная рэакцыя ўладаў. Самі справакавалі пабоішча і самі зараз палохаюцца і баяцца вычапіць вінаватых у студэнцкім асяродзьдзі. Нам усім вядома, што студэнты, гэта найбольш актыўныя маладыя людзі, якія найбольш актыўна выказваюць свой пратэст і свае пачуцьці. Нам вядома, што 10 год таму такія ж студэнты выйшлі на вуцліцы Прагі і зрабілі аксамітную рэвалюцыю. Думаю, што ўлады баяцца і яны, так скажам, праектуюць гэтую сытуацыю чэскую на Беларусь. Таму Малады Фронт (у нас ужо ёсьць такія зьвесткі што людзей выклікалі і ў дэканаты, рэктараты, штосьці ўжо абяцалі, пагражалі…) мае магчымасьць забясьпечыць навучаньне ўсім маладым людзям, якія будуць выключаныя, за мяжой, у эўрапейскіх унівэрсітэтах. Па-другое, мы ўсё ж такі будзем змагацца за гэтых людзей і іхныя правы. Хай адміністрацыя ўсіх навучальных установаў, якія ў гэтым задзейнічаныя, ведае, што б там ні было, чые б загады не былі – будучыня за моладзю. Няхай тыя людзі, якія гэтым займаюцца, усё-ткі падумалі, што чакае іх асабіста ў гэтай самай будучыні".

Гаварыў Павал Севярынец.

Многія са студэнтаў, якія не былі затрыманыя за ўдзел у "Маршы Свабоды", пачалі атрымліваць позвы ў пракуратуру. Яны мяркуюць, што ў навучальных аддзелах іхныя фотаздымкі з асабістых справаў параўналі з апэратыўнымі відэастужкамі й цяпер іх таксама чакаюць выпрабаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG